Мінск, 5 лютага. 5 лютага на сустрэчы з журналістамі ў Мінску старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына абнародавала вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.

Паводле яе слоў, з 26 тысяч 567 вылучаных прэтэндэнтаў кандыдатамі сталі 25 тысяч 805 чалавек. Ярмошына зазначыла, што гэтая лічба можа нязначна павялічыцца, паколькі ў працэсе разгляду знаходзіцца некалькі дзесяткаў скаргаў на адмову ў рэгістрацыі.

Найбольшы адсеў прэтэндэнтаў зафіксаваны ў абласных цэнтрах і Мінску. З 769 прэтэндэнтаў на месцы ў абласных Саветах дэпутатаў зарэгістраваны 569, або 74 працэнты. У Мінску з 305 прэтэндэнтаў зарэгістраваны 165 (54,1 працэнта).

У раённых Саветах з 4 тысяч 795 жадаючых зарэгістравана 4 тысячы 658 кандыдатаў. У гарадах абласнога падпарадкавання з 1 тысячы 572 прэтэндэнтаў барацьбу за дэпутацкі мандат працягнуць 1 тысяча 353 чалавекі. У гарадах раённага падпарадкавання адмоўлена ў рэгістрацыі ўсяго тром вылучэнцам, у сельскія Саветы - 8, у пасялковыя - 57.

З 1 тысячы 33 партыйных вылучэнцаў, паводле звестак ЦВК, зарэгістраваныя 693 чалавекі. Найбольшыя страты на згаданым этапе мелі ліберальныя дэмакраты Сяргея Гайдукевіча, у якіх з 329 прэтэндэнтаў засталося 184. Асноўныя прычына адмовы, паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, - адсутнасць нізавых партыйных структур, у сувязі з чым партыя не здолела па фармальных прычынах вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Акрамя таго, многім членам Ліберальна-дэмакратычнай партыі было адмоўлена ў рэгістрацыі з-за няправільнага запаўнення дэкларацый аб даходах і маёмасці.

У астатніх партыях склалася наступная сітуацыя: у Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды з 21 вылучанага прадстаўніка зарэгістраваны 9; у Аб'яднанай грамадзянскай партыі са 130 - 54; у Партыі БНФ з 76 - 50; у Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) са 103 - 69; у Камуністычнай партыі Беларусі з 141 - 114; у Партыі камуністаў Беларускай з 208 - 173; у Аграрнай партыі зарэгістраваныя 7 з 7 кандыдатаў; у Беларускай партыі працы - 4 з чатырох; у Сацыяльна-спартыўнай партыі - 2 з двух.

Ніводнага кандыдата не змагла зарэгістраваць Беларуская партыя жанчын "Надзея" - з-за парушэння парадку вылучэння.

Сярод зарэгістраваных кандыдатаў 51 працэнт раней ужо былі дэпутатамі, 42,5 працэнта - жанчыны, моладзь да 30 гадоў складае 7,6 працэнта. Значная частка тых, хто балаціруецца, паводле слоў Л.Ярмошынай, прадстаўляе аграпрамысловы комплекс - 32,5 працэнта. За імі ідуць працаўнікі сферы адукацыі, навукі і культуры - 18,9; прадстаўнікі органаў дзяржкіравання - 14; прамысловасці, транспарту і сувязі - 13,5; работнікі аховы здароўя і сацыяльнай абароны - 7,6.

У ліку кандыдатаў - усе старшыні абласных і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.