НА БУДУЧЫХ ВЫБАРАХ У АПАЗІЦЫІ НЯМА ШАНЦАЎ УБУДАВАЦЦА Ў СІСТЭМУ ЎЛАДЫ
2002-12-09
Аўтар: Віталь СІЛІЦКІ, палітолаг
Такім чынам, выбары ў мясцовыя Саветы, пра неабходнасць
удзелу ў якіх так шмат часу казала апазіцыя, абвешчаныя. Згодна з указам
прэзідэнта, яны пройдуць 2 сакавіка 2003 года. Прэзідэнт Лукашэнка заявіў,
што гэтае мерапрыемства з'яўляецца важнай дзяржаўнай кампаніяй, што Саветы
павінны стаць апорай дзяржаўнай палітыкі на месцах і што мясцовыя прадстаўнічыя
органы разам з "моцным маладзёжным рухам" і "адзінымі прафсаюзамі" павінны
стаць апорай чамусьці адначасова і ўлады, і грамадства. Дзіўнае, аднак,
у нашага прэзідэнта ўяўленне пра грамадства.
Натуральна, ніякай апірышчам для ўлады мясцовыя Саветы не стануць. Яе
асновы на найбліжэйшы час - гэта чыноўнікі, сілавыя структуры ды Першы
нацыянальны тэлеканал разам з афіцыйнай прэсай. А ўсё астатняе - гэта
проста вызначаюцца магчымыя ачагі супраціўлення альбо хаця аўтаноміі,
і потым яны метадычна зачышчаюцца. Не важна, што потым гэта будзе мёртвае
месца, галоўнае - каб чужыя не захапілі і атабарыліся. А там - ужо хоць
трава не расці. Вось выйшла моладзь на вуліцы ў 1996 годзе - атрымайце
праз год верны правадыру Беларускі патрыятычны саюз моладзі. Пайшлі прафсаюзы
на прэзідэнцкія выбары - атрымайце новага боса Леаніда Козіка, адразу
з прэзідэнцкай адміністрацыі. Прыклады можна бясконца доўжыць. Толькі-толькі
апазіцыя прачнулася ад сіндромаў байкотаў - а тут ужо Саветы абвешчаныя
апорай каманды праўлення. З усімі наступствамі.
Але не толькі ў гэтым справа. Сапраўды, пасля разгрому на прэзідэнцкіх
выбарах 2001 года (наўрад ці хто будзе спрачацца, што яны былі выйграныя
Лукашэнкам і без падтасовак) апазіцыя, напэўна, паўгода толькі і цвердзіла,
што трэба пераасэнсаваць свае дзеянні, што тактыка байкотаў і стратэгія
знаходжання ў рэзервацыі сябе не апраўдалі, што трэба ісці ў народ і змагацца
за выбаршчыкаў. Ну а потым стала атрымлівацца як заўсёды. Прыкладна паўгода
таму распачалася дзяльба шкуры незабітага мядзведзя, г.зн. выбарчых акругоў.
А паколькі яшчэ не сціхлі скандалы, звязаныя з папярэдняй перадвыбарчай
кампаніяй, абвінавачванні ў карупцыі самой апазіцыі, а да таго ж працягвалася
дробная пазіцыйная барацьба яе лідэраў, то працэс узгаднення пазіцый перад
мясцовымі выбарамі не прынёс нічога пераканаўчага. У выніку паняцці "выбары"
і "апазіцыя" ў нас ужо неяк не перамяжоўваюцца.
Унікальная сітуацыя! З аднаго боку, улада быццам бы і страчвае апору.
Эканоміка валіцца. Народ ад улады стаў адварочвацца, што пацвярджаюць
звесткі сацыёлагаў. Знешнія фактары, прычым і расійскі (што ўпершыню),
і заходні, запрацавалі супраць рэжыму Лукашэнкі ў тандэме.
А з іншага боку - ціша ды супакой. Напэўна, ніколі раней у Беларусі не
было такога пустога палітычнага поля і, будзем шчырымі, адсутнасці найменшага
выкліку ўладзе. Вулічная апазіцыя сябе даўно вычарпала: ужо не сто тысяч,
як раней, па дзве тысячы ўдзельнікаў з'яўляюцца мяжой мараў для арганізатараў
апазіцыйных мітынгаў. Сістэмная ж апазіцыя - дык яе пакуль ніхто і не
спрабаваў ствараць. Вось і атрымліваецца, што пры наяўнасці попыту на
альтэрнатыву цяперашняй уладзе прапановы пакуль не назіраецца.
А не назіраецца таму, што нашы апазіцыйныя сілы не маюць палітычнай стратэгіі.
Агучана і зразумелая іх галоўная мэта - змяненне рэжыму. Але як, якім
чынам яе магчыма дасягнуць? Шмат вядзецца размовы пра тое, што рабіць
у першы, пяты, дзесяты дзень пасля таго, як зменіцца палітычная сітуацыя.
Але як прыйсці да гэтага самога першага дня? Калі робіцца стаўка на выбары,
тое, што з'яўляецца мэтай удзелу у выбарах? Проста нарабіць шуму падчас
кампаніі альбо ўсё ж паспрабаваць заваяваць мандаты? Калі заваяваць мандаты,
дык для чаго? Каб вырашаць мясцовыя пытанні альбо піярыць, рыхтуючы глебу
для парламенцкіх выбараў, а затым і прэзідэнцкіх? Як пры гэтым узаемадзейнічаць
і ці ўзаемадзейнічаць наогул з элітамі, з прэсай, няўрадавымі арганізацыямі?
Без адказу на гэтыя пытанні любая палітычная кампанія з'яўляецца бессэнсоўнай.
Упэўнены, што ў асяродку апазіцыі зноў пачнецца размова аб тым, што мясцовыя
Саветы бяспраўныя, у іх няма паўнамоцтваў і таму ісці на іх няма ніякага
сэнсу. Гэта амаль так. Амаль, бо застаецца права зацвярджаць (альбо не
зацвярджаць) вертыкальшчыкаў, прымаць (альбо не прымаць) мясцовыя бюджэты,
а таксама шанц пазмагацца за ўплыў у мясцовых сродках масавай інфармацыі.
Гэтыя б рэсурсы асвоіць і накіраваць у патрэбнае рэчышча хаця б на асобных
лапіках беларускай зямлі!
І, вядома, застаецца вечная адгаворка палітычных няўдачнікаў: адміністрацыйны
рэсурс, маўляў, той самы абух, які нашай плёткай не пераб'еш. Аднак, паводле
звестак сацыёлагаў, за апанентаў улады на мясцовых выбарах ужо гатова
прагаласаваць прыкладна траціна насельніцтва. З такім патэнцыялам можна
проста ствараць крытычную масу прыхільнікаў хаця б у вялікіх гарадах і
дзесьці гэты рэсурс пераважыць. Толькі для гэтага падрыхтоўчую працу да
выбараў (падзел акругаў і падбор кандыдатаў) добра было б закончыць за
паўгода, пасля чаго - "апрацоўваць" акругі, абуджаць грамадскую думку
сацыяльнымі кампаніямі, прыцягваць увагу да мясцовых праблем, наладжваць
кантакты з мясцовымі элітамі.
Бо, здавалася, такое мноства тэм для таго, каб зачапіцца за выбаршчыка
на мясцовых выбарах! Вось тры з іх, якія, відаць, знойдуць паўсюдны водгук.
Першая - паборы на вялікія будоўлі накшталт новага будынку Нацыянальнай
бібліятэкі, якія зачапілі за жывое. Другая - разбурэнне ўладамі сацыяльнай
сферы. Трэцяя - атакі на прыватны бізнес, што прынеслі шмат нязручнасей
ўсяму насельніцтву. Хто-небудзь узняў гэтыя пытанні? Не! Затое Лукашэнка
абвясціў кампанію навядзення парадку менавіта да мясцовых выбараў. І тут
апярэдзіў!
Мясцовыя выбары для многіх нашых апазіцыйных дзеячаў уяўляюцца занадта
дробнымі. Тое, што, як казаў адзін амерыканскі кангрэсмен, "уся палітыка
лакальная", ім яшчэ давядзецца засвоіць. А між тым, калі хутка прынцыповае
рашэнне аб вяртанні ў сістэмную палітыку было прынятае, то патрэбна было
адразу зразумець, што менавіта мясцовыя выбары з'яўляюцца першай прыступкай,
з якой пачынаецца ўзыходжанне да буйных палітычных перамог. Поспех на
мясцовых выбарах - гэта шлях да поспеху на выбарах парламенцкіх. А там
і на прэзідэнцкае месца можна замахнуцца. Так, невялікі адміністрацыйны
рэсурс, які заваёўваеш з дэпутацкім мандатам, але гэта ўжо лепш, чым наогул
нічога. 2 сакавіка пачынаецца цэлы палітычны цыкл, які завершыцца ў 2006
годзе, і фальстарт рэзка зніжае шанцы на канчатковы поспех.
Пакуль апазіцыя так і не зразумела, што выйграць выбары ў беларускіх умовах
яна здолее толькі тады, калі грамадская думка на яе карысць будзе да пачатку
выбарчай кампаніі. Занадта няроўныя сілы, каб спадзявацца на агітацыйны
бліцкрыг за адзін месяц. Таму кожная наступная кампанія для праціўнікаў
рэжыму павінна пачынацца адразу пасля таго, як заканчваецца папярэдняя.
Чым жа наша апазіцыя займалася пачынаючы з верасня 2001 года? Правільна,
скандаламі! І калі як дасягненне падаецца тое, што вераснёўскае пасяджэнне
Каардынацыйнай рады апазіцыйных палітычных партый упершыню адбылося на
ўласныя грошы, а не за кошт АБСЕ, дык ужо не ведаю, плакаць альбо смяяцца.
Ну, і апошняе. Тое, што апазіцыйная дзейнасць у Беларусі ўжо даўно стала
палітычным бізнесам, відавочна. Толькі вось пасля таго, як правал на выбарах-2001
рэзка змяніў адносіны грантадаўцаў да беларускіх апазіцыянераў, і ў першых,
і ў другіх наступіў крызіс жанру. Вось і атрымліваецца: няма грошай -
няма дзеянняў.
У цэлым жа застаецца чакаць, як сябе пакажа пратэстны электарат. Хутчэй
за ўсё, ён, як і раней, часткова застанецца дома, часткова яго галасы
будуць дамаляваныя да таго, да каго палічыць патрэбным улада. Астатнія
адыйдуць да "кандыдатаў, падобных на апазіцыю". Бізнесменам, напрыклад,
якіх у нас многія па інерцыі ўспрымаюць як людзей прагрэсіўных. Напэўна,
пасля мясцовых выбараў зноў з'явяцца незалежныя авантурысты, якія паспрабуюць
пагуляць у вялікую палітыку. Толькі вось дзеянні франдзёраў у Палаце прадстаўнікоў
сведчаць пра тое, што ў іх, як правіла, адсутнічаюць навыкі публічных
палітыкаў, арганізацыйныя рэсурсы, а самае галоўнае, палітычныя воля і
перспектыва, якія дазвалялі б граматна будаваць свае дзеянні. Так што
стварэнне сістэмнай апазіцыі, хутчэй за ўсё, пераносіцца на 2004 год,
час выбараў у Палату. Толькі праз два гады зрабіць гэта будзе яшчэ цяжэй.