Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Аналітыка

ДРУГІ ТУР ВЫБАРАЎ: ПРАДКАЗАЛЬНЫЯ ВЫНІКІ

Аўтар: Кірыл ПАЗНЯК, журналіст

Мясцовыя выбары, якія адкрылі новы цыкл выбарчых кампаній у Беларусі, завяршыліся. Пасля таго, як у перыяд з 11 да 16 сакавіка ў шэрагу рэгіёнаў прайшоў другі тур, Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў падвяла вынікі гэтай кампаніі. Зрэшты, агульная карціна была ясная яшчэ пасля першага тура. Нязначны па маштабах другі тур ніякіх сур'ёзных зменаў сітуацыі, не гаворачы ўжо пра сенсацыі, прынесці не мог.

Ён наогул прайшоў амаль непрыкметна. Паколькі ўсё вырашылася ў першым туры 2 сакавіка, увага грамадскасці да другога этапа была хутчэй інерцыйнай. Аднак без гучных заяў з боку апазіцыі не абыйшлося і тут. У прыватнасці, кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі было абуранае тым, што ў Мінску другі тур па двух акругах, па адной з якіх балатаваўся кандыдат гэтай партыі, быў прызначаны на буднія дні. Улады, маўляў, такім чынам хочуць сарваць давыбары, не дапусціўшы мінімальнай для другога тура 25-працэнтнай яўкі выбаршчыкаў.

Аднак давыбары ў беларускай сталіцы адбыліся. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, сярэдняя яўка выбаршчыкаў у другім туры галасавання ў Мінску склала 38,2 працэнта, вось толькі прадстаўнік АГП усё роўна прайграў. Дарэчы сказаць, выхад у другі тур - лепшы вынік, паказаны на гэтых мясцовых выбарах апазіцыйным кандыдатам у Мінску. Сталічны гарсавет - стратэгічны для ўлады плацдарм - сфарміраваны цалкам з лаяльных дэпутатаў. Праўда, у апазіцыйных палітычных партый ёсць лакальныя перамогі ў правінцыі - як у першым туры, гэтак і ў другім.

Дэпутатамі мясцовых Саветаў у другім туры сталі 22 партыйцы. Камуністычная партыя Беларусі (яна лічыцца прапрэзідэнцкай) атрымала 5 мандатаў, Партыя камуністаў Беларуская - 6, Аб'яднаная грамадзянская партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) - па 4, па аднаму кандыдату правялі ў дэпутаты Беларуская патрыятычная партыя (таксама з рэпутацыяй праўладнай структуры), Беларуская партыя працы і Партыя БНФ.

Усяго ж, па выніках двух тураў, як паведаміў Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах, дэпутатамі мясцовых Саветаў ад палітычных партый абраныя 257 чалавек. Найбольшае партыйнае прадстаўніцтва ў мясцовых Саветах гэтага склікання будзе мець Камуністычная партыя Беларусі, якая атрымала 107 дэпутацкіх месцаў. Далей ідзе Партыя камуністаў Беларуская з 78 мандатамі. У Аграрнай партыі - 39 дэпутатаў мясцовых Саветаў. Астатнія партыі, паводле афіцыйных звестак Цэнтрвыбаркама, маюць зусім сціплыя паказчыкі: у Партыі БНФ і Аб'яднанай грамадзянскай - па 8 дэпутатаў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) - 6, Ліберальна-дэмакратычнай партыі - 5, Беларускай патрыятычнай партыі - 3. Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская партыя працы і Беларуская партыя жанчын "Надзея" заваявалі па аднаму мандату.

Такім чынам, у суме партыйцы складаюць толькі 1,1 працэнта дэпутатаў.

Цікава, што ў саміх партыях, у прыватнасці апазіцыйных, прыводзяць іншую статыстыку. Прычым лічбы амаль удвая большыя за афіцыйныя. Напрыклад, АГП паведаміла, што будзе прадстаўлена ў мясцовых Саветах 13 дэпутатамі, Партыя БНФ заявіла, што правяла ў дэпутаты 18 чалавек. Феномен тлумачыцца тым, што некаторыя блізкія да гэтых структур людзі балатаваліся не як партыйныя, а як незалежныя кандыдаты, але падчас выбарчай гонкі партыі аказвалі ім падтрымку. І ўжо пасля заканчэння выбараў такія "тайныя сябры" атрымалі партбілеты. Заяўляючы пра недэмакратычнасць выбараў, апазіцыя, тым не менш, гаворыць пра свой безумоўны поспех і пра электаральную тэндэнцыю галасаваць за альтэрнатыўных уладзе кандыдатаў. Праўда, аналітыкі схільныя лічыць такія заявы добрай мінай пры кепскай гульні.

Аб тым, што другі тур нічога не мог змяніць у агульнай карціне выбараў, сведчыць такая лічба: на гэтым этапе былі даабраныя толькі 194 дэпутаты. Усяго на мясцовых выбарах абраныя 23.469 дэпутатаў, што складае 97,78 працэнта да агульнай колькасці мандатаў (24.010). Усе 1.672 мясцовыя Саветы сфарміраваныя. Таму наўрад ці мясцовыя ўлады будуць наладжваць давыбары на астатнія вакансіі (цяпер гэтае дробнае пытанне аддаецца на вырашэнне "вертыкалі").

З астатняй выніковай статыстыкі адзначым, што ўдзел у галасаванні ўзялі 5 мільёнаў 214 тысяч чалавек, ці 73,4 працэнта выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання, прычым 20,7 працэнта наведалі выбарчыя ўчасткі падчас пяцідзённага датэрміновага галасавання. Непразрыстасць гэтай працэдуры дае апанентам улады падставы менавіта такой лічбай - больш чым 20 працэнтаў - вымяраць верагодны маштаб фальсіфікацый.

Сярод дэпутатаў мясцовага ўзроўню новага склікання 55,6 працэнта складаюць мужчыны. У асноўным выбаршчыкі аддавалі перавагу людзям вопытным: толькі 7,15 працэнта дэпутатаў - моладзь да 30 гадоў. Што да сферы дзейнасці дэпутатаў, то 34,85 працэнта з іх - працаўнікі сельскай гаспадаркі, 19,06 - са сферы адукацыі, культуры і навукі, 14,82 - дзяржаўныя служачыя, 12,48 - працаўнікі прамысловасці, транспарту і сувязі, 8 працэнтаў - аховы здароўя і сферы сацыяльнай абароны. Непрацуючыя склалі 2,2 працэнта дэпутатаў, а прадпрымальнікі - толькі 0,75 працэнта.

Такі выбар беларускага народа, калі верыць афіцыйнай статыстыцы. У любым выпадку застаюцца вялікія сумненні ў тым, што новым дэпутатам удасца эфектыўна вырашаць мясцовыя праблемы, бо пакуль рэальнага самакіравання ў Беларусі няма.