Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Аналітыка

ПРАЗ СКРЫНІ І ПРЭСІНГ

Аўтар: Уладзімір РОЎДА, палітолаг

Колькі б ні абураліся апазіцыянеры нячэснасцю мясцовых выбараў, у сэнсе палітычных настрояў насельніцтва галасаванне праходзіла ў значна больш спрыяльнай для дэмакратаў сітуацыі, чым прэзідэнцкія выбары пазалетась. Іншая рэч, што праціўнікі цяперашняй улады не скарысталі кан'юнктуру. Зараз ім важна хаця б зрабіць высновы на перспектыву.

Паводле звестак аксіяметрычнай лабараторыі "Новак" за лістапад 2002 года, упершыню з 1994-га перавага была на баку тых беларускіх выбаршчыкаў, якія хацелі б прагаласаваць на мясцовых выбарах за кандыдата-праціўніка палітыкі Лукашэнкі (38% ад усіх грамадзян і 39% ад тых, хто вызначыўся са сваім удзелам у выбарах). За прыхільнікаў Лукашэнкі збіраліся галасаваць толькі 32% і 36% адпаведна. На першым месцы па электаральных сімпатыях знаходзіліся незалежныя кандыдаты - адпаведна 27% і 28%; за імі ішлі кандыдаты ад улады - 21% і 24%; потым - кандыдаты ад шырокага блока грамадскіх сіл (калі б такі ўзнік) - 17% і 19%; нарэшце - кандыдаты ад палітычнай апазіцыі - 9% і 10%. Калі гаварыць аб рэйтынгах асобных партый, то яны практычна не змяніліся і знаходзіліся на ўзроўні ад 0,5-0,6% у Партыі БНФ (Вінцука Вячоркі) да 7,6-8,1% у БСДГ (Станіслава Шушкевіча).

Да гэтага варта дадаць, што амаль дзве трэці беларускіх грамадзян не змаглі вызначыцца са сваімі сімпатыямі ні да адной з палітычных партый, што сведчыць аб вельмі нізкім узроўні партыйнай ідэнтыфікацыі беларускага грамадства. Гэта цалкам заканамерная з'ява для любога кансерватыўнага аўтарытарнага рэжыму, які звычайна манапалізуе ўсе палітычныя функцыі і дэпалітызуе грамадскую свядомасць.

Улічваючы недэмакратычны характар электаральнага спаборніцтва, палітычным партыям варта было сканцэнтраваць сваю ўвагу не столькі на спробе атрымаць перамогу, колькі на распрацоўцы папулярнай альтэрнатывы палітычнаму курсу Лукашэнкі. Варта было таксама паклапаціцца аб уключэнні ў праграмы сваіх кандыдатаў прапаноў па вырашэнню мясцовых праблем; і аб пошуку новых людзей, якія б бралі ўдзел у кампаніі ў якасці незалежных кандыдатаў, але мелі б падтрымку з боку палітычных партый. Нарэшце - аб фарміраванні кааліцый з удзелам партыйных і непартыйных кандыдатаў у сталіцы і гарадах, дзе падтрымка ідэй дэмакратыі і незалежнасці з'яўляецца найбольш высокай. Безумоўным патрабаваннем было таксама дапаўненне электаральнай барацьбы ненасільнымі акцыямі пратэсту пад сацыяльна-эканамічнымі лозунгамі, якія паступова павінны былі перарасці ў палітычныя. Гэтае становішча абумоўлена характарам сучаснага палітычнага рэжыму Беларусі. Дыктатуру асабістай улады кансерватыўнай скіраванасці можна пераадолець не проста праз выбары, але праз гэтак званыя "ашаламляльныя выбары" ("stunning elections" па Ханцінгтону), а яны якраз і прадугледжваюць спалучэнне электаральнай барацьбы з націскам на ўладу з боку сіл палітычнай і грамадзянскай супольнасці.

Аднак дэмакратычная апазіцыя на мясцовых выбарах дзейнічала вяла, разрознена і без выдумкі. Нагадаю шэраг красамоўных лічбаў. Калі гаварыць аб вылучэнні кандыдатаў ад асноўных апазіцыйных партый, то карціна наступная: Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП) вылучыла 130 кандыдатаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча - 103 кандыдаты, Партыя БНФ - 76 кандыдатаў. Да гэтага варта дадаць кандыдатаў умоўна апазіцыйных Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) Сяргея Калякіна - каля 500 і Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча - 329. Такім чынам, разам уся апазіцыя вылучыла 1.138 кандыдатаў, што склала толькі 4,3% прэтэндэнтаў. Гэтыя лічбы сведчаць не толькі аб цяжкіх умовах, у якіх даводзіцца дзейнічаць апазіцыйным партыям, але і аб вельмі нізкім узроўні арганізацыйнага развіцця, вялікіх праблемах з кадравым патэнцыялам, адсутнасці сістэмнасці ў працы з насельніцтвам.

Так, на мясцовых выбарах кандыдатам ад апазіцыі сапраўды было нясоладка. Ім у першую чаргу адмаўлялі ў рэгістрацыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на прэс-канферэнцыі 5 лютага заявіла, што ў цэлым па краіне было адмоўлена ў рэгістрацыі 762 прэтэндэнтам, або 2,87% ад усіх, хто вылучаў свае кандыдатуры, але сярод гэтых няўдачнікаў 42% склалі апазіцыйныя прэтэндэнты. Такім чынам, бар'ер рэгістрацыі скараціў прадстаўніцтва партый сярод прэтэндэнтаў да 619 чалавек, што склала 2,4% ад усіх, хто атрымаў права спаборнічаць за галасы выбаршчыкаў.

Другім бар'ерам стала "зняцце з дыстанцыі" найбольш актыўных кандыдатаў ад апазіцыі. Пад націскам уладаў 35 прэтэндэнтаў ад ПКБ самі знялі свае кандыдатуры. С.Альфер, Я.Лабановіч, С.Каралёва, І.Лабачоў з АГП, Р.Міхайлоўская з БСДП (НГ) без якіх-небудзь важкіх прычын былі выключаныя са спісу кандыдатаў у Мінску. Аналагічныя выпадкі мелі месца і ў іншых рэгіёнах. Усё гэта прывяло да сітуацыі, калі мясцовыя выбары ў Беларусі ператварыліся фактычна ў безальтэрнатыўныя. Як у часы СССР, у пераважнай большасці (93%) акругаў было вылучана толькі па аднаму кандыдату.

Нарэшце, апошнім бар'ерам сталі маніпуляцыі падчас галасавання. У выніку толькі лічаныя прадстаўнікі апазіцыйных партый змаглі перамагчы або выйсці ў другі тур.

Ці маглі вынікі мясцовых выбараў быць іншымі? Безумоўна, маглі, таму што яны праходзілі падчас самых істотных - пачынаючы з 1994 году - зменаў грамадскай свядомасці. У 2002 годзе стабільным стала падзенне пражэктыўнага электаральнага рэйтынгу Лукашэнкі: ён скараціўся ўдвая і склаў на прыканцы года 25-27%. Таксама амаль удвая ўзрасла колькасць праціўнікаў Лукашэнкі (паводле звестак розных сацыялагічных службаў, да 40-46%). Але ўсё гэта не суправаджалася ростам рэйтынгу апазіцыйных партый.

Пасля першага тура выбараў ад дэмакратычных аналітыкаў і палітыкаў можна пачуць самыя супярэчлівыя меркаванні аб прычынах чарговага паражэння беларускай апазіцыі. Адны гавораць, што не варта было наогул браць удзел у гэтым "цырку". Іншыя, маючы на ўвазе сціплыя заваёвы, хваляць апазіцыю за тое, што тая стала нарэшце сістэмнай і "выбіраемай" - і спадзяюцца, што паступова, крок за крокам, праз выбары яна зможа перамагчы рэжым.

Мне здаецца, што і першы, і другі пункты гледжання няправільныя. Апазіцыя не можа не браць удзел нават у самых недэмакратычных выбарах, таму што яны - легальны сродак камунікацыі з насельніцтвам. Але і спадзявацца толькі на руцінныя механізмы электаральнага працэсу - гэта, па сутнасці, шлях прыстасавання да той самай сістэмы, якую апазіцыя закліканая разбурыць.

Галоўнымі ўрокамі мясцовых выбараў для апанентаў цяперашняй улады, на мой погляд, з'яўляюцца наступныя.

Па-першае, ніводная партыя ў адзіночку і ў адрыве ад іншых не можа разлічваць на поспех. Такія шанцы ёсць толькі ў адзінага руху пад лозунгамі дэмакратыі і незалежнасці або ва ўстойлівай кааліцыі дэмакратычных партый і арганізацый, якую трэба было мець яшчэ пазаўчора, адразу пасля сумна вядомага канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 году. Цяпер гэтая задача з'яўляецца жыццёва неабходнай. У Беларусі няма аб'ектыўных перашкодаў для аб'яднання апазіцыі, а тыя, што ёсць, носяць выключна суб'ектыўны характар і могуць быць лёгка пераадоленыя пры наяўнасці волі кіраўніцтва партый.

Па-другое, аднаго ўдзелу ў недэмакратычных выбарах недастаткова для дасягнення стратэгічных мэтаў апазіцыі. Пры падрыхтоўцы да парламенцкіх выбараў ёй неабходна абавязкова дапоўніць электаральную барацьбу разгортваннем агульнанацыянальнай кампаніі ненасільнага супраціву. Масавыя акцыі павінны быць новымі па змесце і форме. Лепш за ўсё іх пачынаць пад сацыяльна-эканамічнымі лозунгамі, якія потым стануць пунктамі праграмы дэмакратычных кандыдатаў на парламенцкіх выбарах 2004 году. Ненасільныя метады барацьбы павінны даць апазіцыі маральную перавагу над палітычным праціўнікам, выклікаць давер з боку насельніцтва, прыцягнуць новых сяброў. Фальсіфікацыю вынікаў будучых выбараў можна звесці да мінімуму, калі апазіцыя зможа дэманстраваць свой дастаткова моцны мабілізацыйны патэнцыял у сталіцы і іншых гарадах.

Па-трэцяе, неабходна пачынаць падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў ужо цяпер. Паралельна з выпрацоўкай механізму кансалідацыі неабходна наладзіць збор і аналіз інфармацыі па найбольш хвалюючых для электарату сацыяльна-эканамічных праблемах. На аснове атрыманых звестак можа вылучыць пакеты патрабаванняў да мясцовых і цэнтральных уладаў, прадумаць фармат выступленняў у падтрымку гэтых лозунгаў у асобных мясцовасцях і па ўсёй краіне. Важна таксама падключыць да прасоўвання гэтых прапаноў менавіта тых людзей, якія заўтра стануць дэмакратычнымі кандыдатамі на парламенцкіх выбарах, каб зрабіць іх вядомымі і папулярнымі сярод насельніцтва задоўга да пачатку кампаніі. Такім чынам, кааліцыйнае будаўніцтва зверху можа быць дапоўненае агульнымі намаганнямі знізу ў самых розных кутках Беларусі. Толькі праз гэтыя крокі адзіны апазіцыйны рух (або блок) можа стаць устойлівым.