Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Аналітыка

УРОКІ МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАЎ 2003 ГОДА


2003-03-25

Аўтар: Віталь СІЛІЦКІ, доктар паліталогіі

Зараз, калі сярод апазіцыі сціхлі жарсці адносна несумленнасці мясцовых выбараў, апанентам улады вельмі карысна з максімальнай крытычнасцю прааналізаваць іх урокі. Вынік гэтых выбараў прымушае ўзгадаць пазамінулагоднюю прэзідэнцкую выбарчую кампанію.

Аб'яўлены зусім прадказальны вынік (поўная перамога ўлады і правал апазіцыі), а што адбылося на самой справе - застаецца толькі дагадвацца. Безумоўна, улічваючы тое, што ў 90% акругоў выбары былі безальтэрнатыўнымі, а ўдзел палітычных партый у цэлым выглядаў мізэрным, ад гэтай кампаніі нельга было чакаць шмат чаго пры любым раскладзе. Але зыход барацьбы ў тых некалькіх сотнях акругоў, дзе выбарчае дзейства ўсё ж мела нейкую інтрыгу, павінен быў праясніць, ці магчыма ў беларускіх умовах наогул звязваць надзеі на перамены з выбарамі. Трэба аддаць належнае ўладзе - "працаваць" яна навучылася настолькі прафесійна, хавае канцы ў ваду так глыбока, што мала каму ўдаецца хоць неяк даказаць абвінавачанні ў фальсіфікацыі і падтасоўках.

Лукашэнка, як бачна, атрымаў для сябе добры ўрок з падзей шасцігадовай даўніны ў Югаславіі: крушэнне рэжымаў такога кшталту пачынаецца на мясцовым узроўні. Таму ўсе асноўныя намаганні ўлады былі кінутыя на тое, каб не дапусціць апазіцыю ў Саветы менавіта ў буйных гарадах, перадусім у Мінску. Тое, што менавіта ў сталіцы будзе весціся вайна без усялякіх правілаў, можна было здагадацца хаця б таму, што Мінскі гарсавет - амаль адзіны, у якога ёсць рэальныя паўнамоцтвы (і бюджэт горада нядрэнны, і восем членаў Савета рэспублікі ён выбірае сам, а не разам з сотнямі пасялковых Саветаў). І ў роўнай ступені было прадказальна тое, што менавіта тут трэба чакаць найбольшай канкурэнцыі з боку апазіцыйных партый. А адзінкавыя поспехі апазіцыі на перыферыі, відаць, тлумачацца тым, што альбо ўлада вырашыла для праформы прапусціць апазіцыянераў там, дзе яны зусім небяспечныя, альбо проста ў рэгіёнах дагэтуль не было неабходнасці так "муштраваць" вертыкаль у плане падтасоўкі выбараў, як гэта ўжо даўно зроблена ў сталіцы.

Такім чынам, сцэнарый правядзення і парламенцкіх выбараў, і рэферэндуму адпрацаваны. Адзінае, магчыма, што ўтрымлівае Лукашэнку ад ажыццяўлення праекта "Трэці тэрмін" - гэта знешнія, а не ўнутраныя фактары. Відавочна, што яму ўдалося поўнасцю кансалідаваць увесь апарат улады і паставіць яго пад свой татальны кантроль. Прычым, калі яшчэ два з паловай гады таму ён мог глядзець скрозь пальцы на "гульні ў пясочніцы" (канкурэнцыю асобных груповак у сваім акружэнні), калі на выбарах у Палату прадстаўнікоў маглі змагацца людзі, напрыклад, "ад Канаплёва", "ад Мясніковіча", "ад Шэймана" (уплывовыя саратнікі прэзідэнта. - Заўвага рэд.), то сёння ўжо і гэта немагчыма. Больш за тое, улада ў першую чаргу расправілася не з відавочнымі палітычнымі апанентамі, а менавіта з франдуючымі лаббістамі, якія амаль у поўным складзе былі адсечаныя яшчэ на этапе рэгістрыцыі.

Улічваючы нізкі рэйтынг палітычных партый, улада, відавочна, разлічвала атрымаць "элегантную" перамогу без якіх-небудзь значных намаганняў, прадстаўляючы сваіх кандыдатаў як незалежных. Дзеля справядлівасці зазначым, што гэта ёй не зусім удалося. Многія апазіцыйныя кандыдаты адпрацавалі кампанію сумленна і напружана, змаглі стварыць аб сабе станоўчае меркаванне сярод выбаршчыкаў, і калі б маніпуляцыі не былі на гэты раз такія нахабныя, многія б і прайшлі ў дэпутаты. Гэта значыць, у электаральным плане працаваць на выбарах апазіцыя ўжо навучылася, і гэта ўжо лепей, чым тое, што мы бачылі на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года. І, нягледзячы на агульны вынік мясцовых выбараў, гэта ўжо можна занесці апазіцыі ў актыў. Аднак у беларускіх умовах заваяваць сімпатыі выбаршчыкаў недастаткова. Патрэбна альбо ўмець адстаяць перамогу, альбо ўмець здабыць палітычны капітал з падробленага ўладай паражэння, павярнуўшы яго супраць самой улады. А вось тут асаблівых навыкаў апазіцыя не праявіла.

Безумоўна, працэнтаў на дзевяноста можна пагадзіцца са сцвярджэннямі тых палітыкаў і аналітыкаў, якія кажуць: на гэтых выбарах усё было настолькі "схоплена", што апазіцыя паводле вызначэння не мела ніякіх шансаў, і, як бы яна са шкуры ні лезла, вынік быў бы ўсё роўна той самы. Аднак працэнтаў на дзесяць з гэтымі сцвярджэннямі можна паспрачацца. А ў палітыцы дзесяць працэнтаў - гэта часта тое, што аддзяляе поспех ад няўдачы і майстэрства ад банальнасці.

Ці магла апазіцыя выкарыстаць выбары з поспехам для сябе? Думаю, што так, але толькі ў тым выпадку, калі б, па-першае, ёй удалося прыцягнуць да галасавання ўвагу ўсяго грамадства. А для гэтага патрабавалася сур'ёзная і сістэмная кампанія, сапраўдная атака на ўлады, якая б адлюстроўвала назапашанае ў народзе незадавальненне, і якая б пазіцыяніравала праціўнікаў рэжыму як "сваіх" сярод выбаршчыкаў. Урэшце, такім чынам можна было б ачысціць само паняцце "апазіцыя" ад таго негатыўнага наносу, што сабраўся за апошнія гады, і толькі ў гэтым выпадку падтасоўка прыцягвала б увагу грамадзян (па прынцыпу "нашых б'юць") і магла спрацаваць супраць аўтарытэту ўлады. Па-другое, апазіцыі не патрэбна было засяроджваць увагу на буйных гарадах, а максімальна выкарыстоўваць гэтую перадвыбарную кампанію для апрацоўкі сельскага электарата. Тады, як паказваюць лакальныя вынікі нават гэтых выбараў (у асобных Саветах у глыбінцы апазіцыя мае шанс стварыць фракцыі), значна лепшага выніку можна было б дабіцца. Мы, аднак, яшчэ раз пераканаліся, што спіхнуць нашых апазіцыянераў з гарадскога асфальта цяжкавата - занадта скукожылася апазіцыйная інфраструктура ў рэгіёнах. Па-трэцяе, для таго, каб хоць на нешта разлічваць у гарадах, патрэбна было ствараць значную, у дзесяткі працэнтаў, электаральную перавагу над кандыдатамі ад улады. А, значыць, гарадскі апазіцыйны рэсурс павінен быць максімальна сканцэнтраваны і аб'яднаны. Пры той тактыцы, што абрала ўлада (а яна была цалкам прадказальная) барацьба з боку партый па прынцыпу "кожная сама за сябе" была абсалютна безсэнсоўнай.

Такім чынам, галоўны ўрок, як мне здаецца, у тым, што на недалёкую будучыню выкарыстоўваць выбары па-беларуску для персанальнага раскручвання, выканання прыватных задач асобнай дробнай палітычнай сілы альбо як інструмент лаббізму - безперспектыўна. Улада ўдасканаліла свой адміністрацыйны рэсурс настолькі, што лёгка выбівае адзіночак там, тады і такім чынам, як лічыць патрэбным. Гэта датычыцца і партыйных, і беспартыйных кандыдатаў-адзіночак. Апошніх, дарэчы, асабліва, паколькі пралаз, што існаваў для іх у 1999-2000 гадах (засведчыць мінімум лаяльнасці да ўлады і атрымаць шансы на поспех), ужо наглуха зачынены. З гэтага часу такіх цёмных конікаў улада лічыць чужымі для сябе - з усімі наступствамі, што адсюль вынікаюць.

На наступныя выбары ёсць сэнс ісці, толькі калі яны будуць праводзіцца ў рэжыме жорсткай палітычнай кампаніі, у якой апаненты ўлады павінны пазіцыяніраваць сябе не проста як "добрыя хлопцы", а як грамадзяне, якія выказваюць пэўныя грамадскія інтарэсы імкліва ўзнікаючай у грамадстве большасці, настроенай супраць цяперашняга рэжыму. Толькі стварэнне іміджу "сваіх" сярод шырокіх слаёў электарату дазволіць апазіцыі дасягнуць на выбарах поспеху. Так, з аднаго боку, партыі не карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў выбаршчыкаў. З іншага - удзел у выбарах па-за партыямі ўжо амаль тэхнічна становіцца немагчымым. Таму на парадку дня паўстае пытанне папулярызацыі існуючых партыйных брэндаў, а ў выпадку, калі гэта будзе немагчыма, - стварэння новых. Толькі вось другі шлях будзе максімальна ўскладнёны ўладамі: новыя партыі, ствараемыя спецыяльна пад парламенцкія выбары, могуць проста не рэгістраваць. Таму шмат што залежыць ад таго, якім чынам будзе весці сябе цяпер дзеючая партыйная апазіцыя і ці знойдзе яна пункты сутыкнення з апазіцыяй сістэмнай.

Так, так, я не агаварыўся. Як гэта ні дзіўна, але сістэмную апазіцыю у выніку мінулых выбараў мы ўсё-такі амаль што атрымалі. Не, не столькі ў мясцовых Саветах (хаця некалькі дзесяткаў дэпутатаў у раённых і пасялковых Саветах, магчыма, і пацешаць самалюбства лідэраў партый), а ў Палаце прадстаўнікоў. Паколькі тагачаснай фрондзе выбарамі 2 сакавіка досыць наглядна паказалі, што можа адбыцца з няўгоднымі кандыдатамі ў парламент праз год з паловай. І такім дэпутатам, як Уладзімір Парфяновіч, Валерый Фралоў, Іван Пашкевіч, якія паказалі, што здольныя ўзрушыць палітычнае жыццё, цяпер адступаць няма куды. Цяжка ўявіць, што яны змогуць і пажадаюць за паўтара года выслужыцца перад уладай настолькі, каб яна пакінула іх у новай Палаце. Так што гэтыя дэпутаты будуць усё больш паслядоўнымі і рэзкімі крытыкамі ўладнай верхавіны. І выкарыстанне патэнцыялу Палаты прадстаўнікоў для партыйнай апазіцыі на найбліжэйшыя паўтара гады - адзіны яе рэсурс, што дазваляе застацца, уласна кажучы, у палітычным полію Замест таго, каб быць цалкам выцесненай у дысідэнцкі андэграунд.