У ВЫБАРКАМЫ - "ТОЛЬКІ ЦЕРАЗ ТРУП"?
2002-10-31
Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, журналіст
Да выбараў у беларускія мясцовыя Саветы засталося
не так ужо шмат часу. Палітычныя партыі нават палаяліся наконт таго, як
рабіць акругі. Рыхтуюцца да выбараў Цэнтрвыбаркам і мясцовыя ўлады. У
адрозненне ад папярэдніх выбарчых кампаній (за выключэннем прэзідэнцкай),
байкоту гэтых выбараў не будзе. Пра гэта заяўляюць усе апазіцыйныя сілы.
Аднак у нашым грамадстве дагэтуль вельмі актуальная сентэнцыя: "Не мае
значэння, як галасуюць, а важна, як лічаць". Усе ранейшыя выбары ў Беларусі
прайшлі пры адсутнасці прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый у мясцовых
выбарчых камісіях. Мінулыя выбары ў мясцовыя Саветы і парламент - часткова
з-за абвешчанага некаторымі партыямі байкоту гэтых выбараў. Прэзідэнцкія
- з-за асаблівай незацікаўленасці ўлады ў такім прадстаўніцтве. І галоўнае
пытанне цяпер: як будуць фарміравацца мясцовыя выбарчыя камісіі і што
робяць прадстаўнікі палітычных партый, каб у іх трапіць.
Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік сказаў, што падрыхтоўка яго структуры
да выбараў ідзе паспяхова, але з тэрмінамі яшчэ ніхто не вызначыўся:
- Паводле беларускага заканадаўства, выбары прызначае прэзідэнт не пазней
чым за чатыры месяцы да заканчэння паўнамоцтваў цяперашніх мясцовых Саветаў.
Як толькі адпаведны ўказ будзе падпісаны, можна пачынаць працаваць і фарміраваць
выбарчыя камісіі. Зрэшты, фарміраваннем гэтых камісій займаюцца мясцовыя
органы ўлады, а не Цэнтрвыбаркам. Таму гаварыць аб іх фарміраванні пакуль
рана.
Аднак палітычныя партыі ўжо гатовы прапанаваць сваіх кандыдатаў у мясцовыя
выбарчыя камісіі. Мікалай Статкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Народная Грамада), ужо дакладна паставіў сваім структурам задачу
па вылучэнні прадстаўнікоў ад партыі ў гэтыя камісіі. Праўда, ад мясцовых
уладаў лідэр БСДП (НГ), зыходзячы з вопыту папярэдніх палітычных кампаній
(а яго партыя брала ўдзел ва ўсіх выбарах), нічога добрага не чакае:
- Перашкодаў уключэнню нашых людзей у выбарчыя камісіі не будзе - будзе
проста адхіленне нашых кандыдатур. Таму задача такая: на наступны дзень
пасля абвяшчэння выбараў з раніцы ўсе пратаколы па вылучэнні нашых прадстаўнікоў
у мясцовыя выбарчыя камісіі павінны быць у райвыканкамах.
Праблемы партый цяпер у асноўным заключаюцца ў рэгістрацыі мясцовых структур.
Вельмі цяжка было адолець супраціўленне ўладаў у дзвюх абласцях - Гомельскай
і Гродзенскай. У Гродзенскай вобласці адзін чыноўнік гаварыў, што арганізацыя
будзе пастаўлена на ўлік "толькі цераз яго труп". Я не ведаю, што там
было і як нашы таварышы працавалі, але амаль так і атрымалася: таго чыноўніка
знялі, зарэгістравалі раённую арганізацыю. Цяжка было і ў Гомелі.
У нас ужо дзейнічае выбарчы штаб, які займаецца падрыхтоўкай да гэтых
выбараў. Сёння вечарам яны прыйдуць у офіс, выганяць адсюль нас усіх і
сядуць працаваць.
Анатоль Лябедзька, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі, гаворыць, што
яго структуры рыхтуюцца да выбараў "спакойна, у адпаведнасці з зацверджаным
планам". І ў адпаведнасці з гэтым планам таксама плануецца правесці сваіх
кандыдатаў у мясцовыя выбарчыя камісіі:
- Па Мінску пытанне аб вылучэнні кандыдатур ад дэмакратычных партый у
мясцовыя выбарчыя камісіі вырашаецца пры каардынацыі з іншымі палітычнымі
партыямі. Аднак механізмы самыя розныя. Па Гомелі на сябе ініцыятыву ўзяў
Віктар Карніенка, дэпутат апошняга парламента СССР, які рыхтуе да вылучэння
каля 200 чалавек, знакавых для гэтага рэгіёну, якіх усе ведаюць. Уключаючы
сябе, экс-старшыню Гомельскага гарсавета Святлану Гольдадэ і не меней
вядомых і шанаваных людзей. У кожным рэгіёне ёсць свая спецыфіка, але
такая праца праводзіцца.
Праўда, зыходзячы з папярэдняга вопыту, імавернасцьпатрапіць ў выбарчыя
камісіі дзеячам апазіцыйных палітычных партый вельмі невялікая. Пра гэта
сведчыць і стаўленне ўладных структур да нядаўніх слуханняў у Мінску па
дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, куды не з'явіўся ніхто з уладных
структур, за выключэннем дэпутата Палаты прадстаўнікоў Фралова. Гэта азначае,
што яны не зацікаўлены мяняць ні заканадаўства, ні практыку яго рэалізацыі.
Ва ўдзеле ў мясцовых выбарчых камісіях зацікаўлены ўсе: і правыя, і левыя.
Аднак шанцы рэальнага трапляння іх прадстаўнікоў у гэтыя камісіі хутчэй
характарызуюцца любімай прымаўкай таварыша Берыі: "Купіў не купіў, а патаргаваць
можна". Наколькі гэтая спроба акажацца паспяховай, мы даведаемся толькі
пасля абвяшчэння даты выбараў і пачатку фарміравання мясцовых выбарчых
камісій.