ПАРТЫІ МОГУЦЬ "ДАМОВІЦЦА НА ТРОХ"
2002-11-27
Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, журналіст
Сёння Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі
Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў,
патлумачыла, як і ў якія тэрміны будуць праводзіцца выбары ў мясцовыя
Саветы. На яе думку, прэзідэнт краіны паклапаціўся аб тым, каб ва ўсіх
зацікаўленых асоб было дастаткова часу і сродкаў, каб праявіць свой энтузіязм
на справе.
Першы этап выбарчай кампаніі - вылучэнне прадстаўнікоў грамадскасці ў
члены выбарчых камісій -- ужо пачаўся. Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай,
шмат у чым дзякуючы добрай волі кіраўніка дзяржавы:
- Цяпер ідзе першы этап выбарчай кампаніі, а менавіта вылучэнне грамадзян
у члены тэрытарыяльных выбарчых камісій. У Беларусі 1.679 тэрыторый, значыць,
будзе сфарміравана 1.679 тэрытарыяльных выбарчых камісій. Этап стварэння
тэрытарыяльных выбарчых камісій закончыцца 3 снежня ўключна. У сувязі
з гэтым палітычным партыям, грамадскім аб'яднанням, працоўным калектывам
і групам грамадзян дадзена дастаткова часу для таго, каб сфарміраваць
выбарчыя камісіі. Калі б указ прэзідэнта з'явіўся 2 снежня, у апошні магчымы
дзень з'яўлення гэтага ўказа, то ў палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў
і іншых засталося б толькі два дні для вылучэння сваіх кандыдатаў у тэрытарыяльныя
выбарчыя камісіі. Прэзідэнт стварыў спрыяльныя ўмовы для таго, каб палітычныя
партыі і грамадскія аб'яднанні змаглі не толькі падрыхтавацца да выбараў,
але і змаглі вылучыць кандыдатаў у склады выбарчых камісій.
З 4 па 6 снежня выканаўчыя камітэты і прэзідыумы мясцовых Саветаў прымуць
рашэнне аб стварэнні выбарчых камісій. Адразу пасля прыняцця гэтага рашэння
застанецца вельмі невялікі тэрмін, каб зацвердзіць межы выбарчых акругаў.
Толькі пасля апублікавання межаў акругаў партыі, грамадскія аб'яднанні,
працоўныя калектывы і грамадзяне змогуць вылучыць прадстаўнікоў у склад
акруговых выбарчых камісій. Гэты перыяд будзе праходзіць да 13 снежня,
і з 14 па 16 снежня выканкамы і прэзідыумы мясцовых Саветаў створаць акруговыя
выбарчыя камісіі. Яны ствараюцца толькі па выбарах дэпутатаў абласнога
Савета.
На вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў адводзіцца амаль месяц,
і толькі 10 дзён - на рэгістрацыю кандыдатаў. Цікава, ці паспеюць усіх
зарэгістраваць? Абрана ж павінна быць 24.055 дэпутатаў розных узроўняў,
а ўжо прэтэндэнтаў хутчэй за ўсё акажацца намнога больш.
- З 22 снежня па 20 студзеня адбудзецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты.
З 20 па 30 студзеня будзе ажыццёўлена рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты.
І з 30 студзеня пачнецца паўнацэнная агітацыйная кампанія.
Самыя вялікія прэферэнцыі ў гэтых выбарах, паводле слоў кіраўніка ЦВК,
маюць якраз такі палітычныя партыі. Для вылучэння кандыдатаў у райсавет,
партыі, паводле яе слоў, дастаткова рашэння трох чалавек:
- Для таго каб вылучыць у мясцовы Савет кандыдата ў дэпутаты ад палітычнай
партыі, дастаткова пасяджэння мясцовага кіраўнічага органа палітычнай
партыі. Такім чынам, гаркам любой палітычнай партыі, які мае ніжэйшыя
палітычныя структуры, напрыклад, у Мінску, маюць права вылучыць кандыдатаў
у дэпутаты ў тыя выбарчыя акругі, у якіх у іх ёсць ніжэйшыя пярвічныя
або раённыя арганізацыі. Калі ў партыі ёсць раённая структура партыі,
то яны маюць права вылучыць сваіх кандыдатаў ва ўсе акругі, якія створаны
на тэрыторыі адпаведнага раёна.
Адзіная адметнасць - рэспубліканскія органы палітычных партый не бяруць
удзел у вылучэнні кандыдатаў ад палітычных партый, гэтак жа як і ў фарміраванні
выбарчых камісій. Усе структурныя падраздзяленні палітычных партый, якія
бяруць удзел у выбарах, павінны быць абавязкова зарэгістраваныя ва ўстаноўленым
законам парадку, значыць, знаходзіцца на ўліку ў органах юстыцыі.
Казаць, што вылучыць кандыдата ў дэпутаты ад палітычнай партыі больш цяжка,
- гэта, мякка кажучы, несправядліва. Дастаткова сабрацца тром лідэрам,
якія ўваходзяць у савет мясцовага кіраўнічага органа партыі, і вылучыць
сваіх кандыдатаў ва ўсе выбарчыя акругі, дзе ёсць іх партыйныя арганізацыі.
Калі гэта ўзровень раённы, - трэба мець адну ячэйку на тэрыторыі раёна
і вылучыць кандыдатаў ва ўсе выбарчыя акругі. Дастаткова быць толькі зарэгістраваным.
Цэнтралізаванае забеспячэнне мясцовых выбарчых камісій дакументамі ад
Цэнтрвыбаркама захоўваецца. На водкуп мясцовым выбарчым камісіям аддадзены
выраб толькі дзвюх папер, адну з якіх нават цяжка назваць дакументам,
гэта ўлётка-запрашэнне на выбары. Затое форма другога - бюлетэня для галасавання
- будзе ледзьве ці не адвольнай. Аж да таго, што ён можа быць напісаны
ад рукі.
- Усімі дакументамі камісіі забяспечыць Цэнтрвыбаркам. Толькі два дакументы
будуць рабіцца на месцах - гэта выбарчыя бюлетэні і паштоўкі-запрашэнні.
На вёсцы бюлетэні наогул будуць рабіцца рукапісным спосабам або машынкай,
таму што там будзе адна выбарчая акруга - 100-150 выбаршчыкаў.
А што тычыцца скаргаў прадстаўнікоў палітычных партый на "сакрэтнасць"
інструкцый Цэнтрвыбаркама, то Лідзія Ярмошына, у сваю чаргу, паскардзілася
на непрафесіяналізм саміх палітыкаў. ЦВК, паводле яе слоў, зрабіў у іх
дачыненні нават больш, чым быў абавязаны.
- ЦВК не выдае інструкцый, як вылучаць кандыдатаў. У нас няма гэтай інструкцыі
наогул. ЦВК дае тлумачэнні па прымяненні заканадаўства. Растлумачэнні
мы далі толькі для выбарчых камісій, - як яны павінны працаваць, а выбарчых
камісій яшчэ няма. Усе палажэнні аб тым, як вылучацца, утрымліваюцца ў
выбарчым заканадаўстве. Партыі занялі заганную, спажывецкую пазіцыю -
яны прызвычаіліся абапірацца і працаваць пад кіраўніцтвам нашых спецыялістаў,
а ў нас у Цэнтрвыбаркаме працуюць 8 чалавек. Мы не ў стане іх поўнасцю
кансультаваць. Мы не абавязаны ім нічога даваць, а яны гавораць, што мы
ім абавязаны. І каб не цягаць гэты канат, мы сваю кнігу, метадычныя ўказанні
аб працы выбарчых камісій, усім партыям. якія звярнуліся, - а партый у
нас толькі 18, - 18 асобнікаў мы знойдзем.
Што тычыцца вылучэння кандыдатаў у склады выбарчых камісій, то ў нашых
брашурах гэтага няма, таму што брашура разлічана на сфаміраваную выбарчую
камісію. Парадак вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ўчора надрукаваны ва
ўсіх дзяржаўных газетах. І прыкладныя пратаколы ад палітычнай партыі,
грамадскай арганізацыі, працоўнага калектыву - таксама апублікаваныя.
Хацыя мы і гэта не абавязаны рабіць. Але мы расказалі партыям, як робіцца
і гэта.
Такім чынам, на маючых адбыцца выбарах у мясцовыя Саветы павінна быць
абрана 24.055 дэпутатаў. Аднак, меркаванне Лідзіі Ярмошынай па гэтым пытанні
наступнае: "Павінна быць абрана, але, напэўна, не будзе". У сілу, відаць,
стандартных прычын, перш за ўсё няяўкі людзей на выбары. Ясна, што другога
тура гэтых выбараў не пазбегнуць. Хаця пра яго пакуль ніхто не задумваецца.
Тут бы паспець "дамовіцца на трох"!