ПРАПОЛКА ПАЧАЛАСЯ
2002-12-06
Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, журналіст
Здзейсніліся самыя змрочныя прагнозы беларускіх
апазіцыйных партый. Нягледзячы на масавае вылучэнне, толькі асобныя іх
прадстаўнікі трапілі ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій. Прэзідыумы
мясцовых Саветаў і выканкамы пры фарміраванні камісій скарысталіся звыклай
і адладжанай схемай: галасавалі "спісам" за надзейных і правераных на
лаяльнасць людзей.
Паводле спраў на сярэдзіну дня 6 снежня - апошняга дня, калі мясцовыя
Саветы і выканкамы павінны былі прыняць рашэнне аб фарміраванні тэрытарыяльных
выбарчых камісій, - вынікі апазіцыйных партый былі несуцяшальныя. Віталь
Малашка, каардынатар па выбарах Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі
(Народная Грамада), паведаміў, што з 60 чалавек, якіх Народная Грамада
вылучала, патрапілі ў тэрытарыяльныя камісіі чацвёра. Адзін у Брэсце,
два па Мінску і адзін у сельскай камісіі. "Сёння ідуць пасяджэнні ў многіх
раёнах, і аб астатніх выніках мы даведаемся ў панядзелак", - сказаў Віталь
Малашка. Аднак аптымізму ў яго словах не было чутна.
Прэс-цэнтр Хартыі'97 паведаміў, што ніводзін прадстаўнік апазіцыйных дэмакратычных
партый не ўвайшоў у Гродзенскую, Гомельскую і Віцебскую абласныя тэрытарыяльныя
камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы. У Гродзенскай вобласці ў камісію
не ўвайшлі прадстаўнікі ад гродзенскай рады Партыі БНФ, савета гарадской
арганізацыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі і Беларускага Хельсінкскага
камітэта. Затое ад грамадскіх арганізацый туды трапілі прадстаўнікі прафсаюза
лёгкай прамысловасці, гарадскога савета Беларускага саюза жанчын і Беларускага
рэспубліканскага саюза моладзі. Ад палітычнай партыі ў камісію дапушчаны
прадстаўнікі гродзенскага савета Камуністычнай партыі Беларусі і Аграрнай
партыі.
У Гомелі ў абласную тэрытарыяльную камісію таксама не трапілі прадстаўнікі
дэмакратычных партый. Прэтэндэнтаў у камісію ніхто не абмяркоўваў: у кіраўніцтва
выканкама і прэзідыума аблсавета ляжаў загадзя падрыхтаваны спіс складу
камісіі з 13 асоб. За гэты спіс аднагалосна і прагаласавалі, не абмяркоўваючы
нікога персанальна. Такім чынам, у склад камісіі трапіў толькі прадстаўнік
ПКБ.
У дачыненні да Гомеля найбольш прэтэнзій у лідэра Аб'яднанай грамадзянскай
партыі Анатоля Лябедзькі, які таксама не можа пахваліцца поспехамі сваёй
партыі ў вылучэнні кандыдатаў у тэрытарыяльныя камісіі:
- Мы вылучылі сваіх прадстаўнікоў ва ўсіх гарадах, насельніцтва якіх даходзіла
да 50 тысяч, і яшчэ ў некаторых - не такіх буйных населеных пунктах. Паводле
ўчарашніх звестак, станоўчы вынік толькі адзін - у Жлобіне. У панядзелак
мы зробім заяву наконт гэтага. Мы лічым, што ўлада свядома ігнаруе прадстаўнікоў
АГП і іншых партый.
Характэрны прыклад Гомеля: былога мэра гэтага горада, чалавека з вялікім
аўтарытэтам, Святлану Гольдадэ падтрымалі пяць зарэгістраваных у горадзе
партый. І яна ў камісію не трапіла! Назваць гэта інакш як палітычным заказам
нельга. Апроч таго, мы выкарысталі розныя формы вылучэння: не толькі ад
партый, але і шляхам збору подпісаў. Вынікаў гэта пакуль не дало.
Учора ў Гомелі была зацверджана гарадская выбарчая камісія, - у яе не
трапіла член БНФ Галіна Бялова.
У Віцебску ў склад абласной тэрытарыяльнай камісіі ад партый увайшлі толькі
прадстаўнікі ліберальных дэмакратаў і дзвюх камуністычных партый. Прадстаўнікі
БСДП (НГ) і АГП туды дапушчаны не былі.
Мінск выглядае ледзьве не выспай іншадумства ў краіне. Напэўна, адзіная
тэрытарыяльная камісія, куды трапіў прадстаўнік БНФ, - Мінская гарадская.
Усяго прадстаўнікоў ад партый два - Юрась Пальчэўскі з БНФ і Міхаіл Дашкевіч
з ЛДП. Не прайшоў у гарадскую камісію прадстаўнік АГП. Каардынатар АГП
па выбарах у Мінску Леанід Малахаў сказаў наконт гэтага:
- Вельмі шкада. Аднак па раёнах нашы кандыдатуры будуць разглядацца чысла
14-га. Мы пастараемся прысутнічаць на гэтых разглядах. Можа быць, штосьці
і атрымаецца.
Такім чынам, прысутнасць прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый і
не вельмі сімпатычных уладам грамадскіх арганізацый у тэрытарыяльных выбарчых
камісіях зводзіцца ледзьве ці не да нуля. Выканкамы і прэзідыумы Саветаў
рэгіструюць членамі такіх камісій толькі прадстаўнікоў найбольш лаяльных
у іх разуменні партый (камуністаў і ліберальных дэмакратаў) і роўна ў
такой жа колькасці, каб нельга было заявіць, што партыі наогул не прадстаўлены.
Ды і на рэгістрацыю выканкамамі і Саветамі "людзей Калякіна" - з Партыі
камуністаў Беларускай - напэўна паўплывала тое, што апошняя выйшла са
складу Каардынацыйнай рады апазіцыйных палітычных партый, як бы адмежаваўшыся
ад радыкалаў.
Вядома, усе ведалі, што праполка непажаданых элементаў пачнецца ўжо на
першым этапе мясцовых выбараў, - такі выклік для апазіцыі не новы. З кандыдатамі
ад апазіцыі ў самі мясцовыя Саветы будзе тое ж самае, і таксама ўсе ведаюць.
Але новага адказу гэтым выклікам апазіцыя прадставіць не можа. Прынамсі,
яго не бачна. Вядома, можна аспрэчваць рашэнні выканкамаў і мясцовых Саветаў
ва ўстаноўленым законам парадку, але ад гэтага наўрад ці штосьці зменіцца.
Удзел у выбарах "насуперак усяму" пры такіх камісіях не дасць патрэбнай
колькасці дэмакратычных дэпутатаў, а ідэю байкоту мы ўжо праходзілі.
Магчыма, апазіцыя ўсё ж адшукае нестандартныя шляхі. Магчыма, яна пачне
"кропкавую працу" з членамі тэрытарыяльных выбарчых камісій, спрабуючы
навярнуць іх у сваю дэмакратычную веру або, прынамсі, пераканаць не парушаць
закон.
Цяпер становіцца зусім зразумелае: у перыяд гэтых выбараў на плечы апазіцыі
ляжа двайны цяжар - і агітацыя за сваіх кандыдатаў, і праца з выбаркамамі.
Палітычным партыям давядзецца гэты цяжар вытрымаць - або зноў распісацца
ў сваёй слабасці.