Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Аналітыка

АПАЗІЦЫЯ НА МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАХ: БЕЗ ШАНЦАЎ?


2002-12-16

Аўтар: Віталь СІЛІЦКІ, доктар паліталогіі

Прэзідэнт заявіў, што выбары ў мясцовыя Саветы з'яўляюцца важнай дзяржаўнай кампаніяй, што Саветы павінны стаць апорай дзяржаўнай палітыкі на месцах і што мясцовыя прадстаўнічыя органы разам з "моцным маладзёжным рухам" і "адзінымі прафсаюзамі" павінны стаць апорай чамусьці адначасова і ўлады, і грамадзянскай супольнасці. Дзіўнае, аднак, у нашага прэзідэнта ўяўленне аб грамадзянскай супольнасці.

Вядома, ніякай падпоркай улады мясцовыя Саветы не стануць. Яе асновы на бліжэйшы час - гэта чыноўнікі, сілавыя структуры ды Першы нацыянальны тэлеканал разам з афіцыйнай прэсай. А ўсё астатняе - гэта проста вызначаюцца магчымыя ачагі супраціўлення або хаця б аўтаноміі, і потым яны метадычна абараняюцца. Не мае значэння, што потым будзе мёртвае месца, галоўнае - каб чужыя не захапілі і не асталяваліся. А там ужо хоць трава не расці. Вось выйшла моладзь на вуліцы ў 1996 годзе - атрымлівайце праз год верны правадыру Беларускі патрыятычны саюз моладзі. Сунуліся прафсаюзы на прэзідэнцкія выбары - атрымлівайце новага боса Леаніда Козіка, прама з прэзідэнцкай адміністрацыі. Шэраг можна лагічна доўжыць. Толькі-толькі апазіцыя прачнулася ад сіндрому байкотаў - а тут ужо Саветы абвешчаны апорай правячай каманды. З усімі наступствамі.

Але не толькі ў гэтым рэч. Сапраўды, пасля разгрому на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года (наўрад ці хто будзе спрачацца, што яны былі б выйграны Лукашэнкам і без падтасовак) апазіцыя, напэўна, паўгады толькі і цвердзіла. што трэба пераасэнсаваць свае дзеянні, што тактыка байкотаў і стратэгія знаходжання ў рэзервацыі сябе не апраўдалі, што трэба ісці ў народ і змагацца за выбаршчыкаў. Ну а потым стала атрымлівацца як заўсёды. Прыкладна паўгода таму пачалася дзяльба шкуры незабітага мядзведзя, гэта значыць выбарчых акругаў. А раз яшчэ не сціхлі скандалы, звязаныя з папярэдняй перадвыбарнай кампаніяй, абвінавачанні ў карупцыі ўнутры самой апазіцыі, а да таго ж працягвалася дробная пазіцыйная барацьба яе лідэраў, то працэс узгаднення пазіцый перад мясцовымі выбарамі прынёс мала чаго зразумелага. У выніку паняцці "выбары" і "апазіцыя" ў нас ужо неяк мала перамяжоўваюцца.

Унікальная сітуацыя! З аднога боку, улада быццам бы і страчвае апору. Эканоміка валіцца. Народ ад улады відавочна стаў адварочвацца, што пацвярджаюць дадзеныя сацыёлагаў. Знешнія фактары, прычым і расійскі (што ўпершыню), і заходні, запрацавалі супраць рэжыму Лукашэнкі ў тандэме.

А з другога боку - ціша ды супакой. Напэўна, ніколі раней у Беларусі не было такога пустога палітычнага поля і, будзем шчырымі, адсутнасці найдрабнейшага выкліку ўладзе. Вулічная апазіцыя сябе відавочна вычарпала: ужо не сто тысяч, як раней, а дзве тысячы ўдзельнікаў з'яўляюцца марай для арганізатараў апазіцыйных мітынгаў. Сістэмная ж апазіцыя - дык яе амаль ніхто і не спрабаваў ствараць. Вось і атрымліваецца, што пры наяўнасці попыту на альтэрнатыву цяперашняй уладзе прапанова пакуль не назіраецца.

А не назіраецца таму, што нашы апазіцыйныя сілы не маюць палітычнай стратэгіі. Агучана і зразумелая іх галоўная мэта - змена рэжыму. Але як, якім спосабам можна яе дасягнуць? Шмат вядзецца размоў пра тое, што рабіць у першы, пяты, дзесяты дзень пасля таго, як зменіцца палітычная сітуацыя. Але як прыйсці да гэтага самага першага дня? Калі робіцца стаўка на выбары, то што з'яўляецца мэтай удзелу ў выбарах? Проста нарабіць шуму падчас кампаніі або ўсё-такі паспрабаваць заваяваць мандаты? Калі заваёўваць мандаты, то для чаго? Каб вырашаць мясцовыя пытанні або піарыць, рыхтуючы глебу для парламенцкіх выбараў, а затым і прэзідэнцкіх? Як пры гэтым узаемадзейнічаць і ці ўзаемадзейнічаць наогул з элітамі, з прэсай, няўрадавымі арганізацыямі? Без адказу на гэтыя пытанні любая палітычная кампанія з'яўляецца бессэнсоўнай.

Упэўнены, у асяроддзі апазіцыі зноў пачнуцца размовы аб тым, што мясцовыя Саветы бяспраўныя, у іх няма паўнамоцтваў і таму ісці ў іх няма ніякага сэнсу. Гэта амаль так. Амаль, бо застаецца права зацвярджаць (або не зацвярджаць) вертыкальшчыкаў, прымаць (або не прымаць) мясцовыя бюджэты, а таксама шанц пазмагацца за ўплыў у мясцовых сродках масавай інфармацыі. Гэтыя б рэсурсы асвоіць і накіраваць у патрэбнае рэчышча хаця б на асобных лапіках беларускай зямлі!

І, вядома, застаецца вечная адгаворка палітычных няўдачнікаў: адміністрацыйны рэсурс, маўляў, той самы абух, які нашай плёткай не пераб'еш. Аднак, паводле звестак сацыёлагаў, за апанентаў існуючай улады на мясцовых выбарах ужо гатова галасаваць прыкладна траціна насельніцтва. З такім патэнцыялам можна папросту ствараць крытычную масу прыхільнікаў хаця б у вялікіх гарадах і дзе-нідзе гэты рэсурс пераважыць. Толькі для гэтага падрыхтоўчую работу да выбараў (паздзел акругаў і падбор кандыдатаў) варта было б закончыць за паўгода, пасля чаго - "апрацоўваць" акругі, варушыць грамадскую думку сацыяльнымі кампаніямі, прыцягваць увагу да мясцовых праблем, наладжваць кантакты з мясцовымі элітамі.

Здавалася б, так шмат тэм для таго, каб зачапіцца за выбаршчыка на мясцовых выбарах! Вось тры з іх, якія хутчэй за ўсё знойдуць усюдышні водгук. Першая - паборы на вялікія будоўлі накшталт новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі, якія зачапілі за жывое. Другая - разбурэнне ўладамі сацыяльнай сферы. Трэцяя - атакі на прыватны бізнес, якія зрабілі масу нязручнасцей усяму насельніцтву. Хто-небудзь узняў гэтыя пытанні? На жаль, не! Затое Лукашэнка абвясціў кампанію навядзення парадку менавіта да мясцовых выбараў. І тут апярэдзіў!

Мясцовыя выбары для многіх нашых апазіцыйных дзеячаў уяўляюцца занадта дробнымі. Тое, што, як казаў адзін амерыканскі кангрэсмен, "уся палітыка лакальная", ім яшчэ трэба засвоіць. А між тым калі хутка прынцыповае рашэнне аб вяртанні ў сістэмную палітыку было прынята, то трэба было адразу зразумець, што менавіта мясцовыя выбары з'яўляюцца першай прыступкай, з якой пачынаецца ўзыходжанне да буйных палітычных перамог. Поспех на мясцовых выбарах - гэта шлях да поспеху на выбарах парламенцкіх. А там і на прэзідэнцкія можна нацэльвацца. Так, невялікі адміністрацыйны рэсурс, які заваёўваеш з дэпутацкім мандатам, але гэта ўжо лепш, чым наогул нічога. 2 сакавіка пачынаецца цэлы палітычны цыкл, які завершыцца да 2006 года, і фальстарт рэзка зніжае шанцы на канчатковы поспех.

Пакуль апазіцыя так і не здолела зразумець, што выйграць выбары ў беларускіх умовах яна зможа толькі тады, калі грамадская думка на яе карысць створана да пачатку выбарчай кампаніі. Занадта няроўныя сілы, каб спадзявацца на агітацыйны бліцкрыг за адзін месяц. Таму кожная наступная кампанія для праціўнікаў рэжыму павінна пачынацца адразу пасля таго, як заканчваецца папярэдняя. Чым жа наша апазіцыя займалася, пачынаючы з верасня 2001 года? Правільна, скандаламі. І калі як дасягненне падаецца тое, што вераснёўскае пасяджэнне Каардынацыйнай рады апазіцыйных палітычных партый упершыню адбылося на ўласныя грошы, а не за кошт АБСЕ, то ўжо не ведаю, плакаць ці смяяцца.

Ну і апошняе. Тое, што апазіцыйная дзейнасць у Беларусі ўжо даўно стала палітычным бізнесам, відавочна. Толькі вось пасля таго, як правал на выбарах-2001 рэзка змяніў стаўленне грантадаўцаў да беларускіх апазіцыянераў, і ў першых, і ў другіх наступіў крызіс жанру. Вось і атрымліваецца: няма грошай - няма дзеянняў.

У цэлым застаецца дачакацца, як пакажа сябе пратэстны электарат. Хутчэй за ўсё, ён, як і раней, часткова застанецца дома, часткова яго галасы будуць дарысаваныя таму, каму палічыць патрэбным улада. Астатнія пойдуць "кандыдатам, падобным да апазіцыі". Бізнесменам, напрыклад, якіх у нас шмат па інерцыі ўспрымаюць як людзей прагрэсіўных. Напэўна, пасля мясцовых выбараў зноў з'явяцца незалежныя авантурысты, якія паспрабуюць пагуляць у вялікую палітыку. Толькі вось дзеянні франдзёраў у Палаце прадстаўнікоў сведчаць, што ў іх, як правіла, адсутнічаюць навыкі публічных палітыкаў, арганізацыйныя рэсурсы, а самае галоўнае, палітычная воля і перспектыва, якія дазвалялі б пісьменна арганізоўваць свае дзеянні. Так што стварэнне сістэмнай апазіцыі, хутчэй за ўсё, пераносіцца на 2004 год, час выбараў у Палату. Толькі праз два гады зрабіць гэта будзе яшчэ цяжэй.