МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ: "РАЗЛІЧВАЕМ. ШТО ХАЦЯ Б НЕКАЛЬКІ ДЗЕСЯТКАЎ НАШЫХ ТАВАРЫШАЎ ПРАРВУЦЦА Ў САВЕТЫ"
2002-12-23
Аўтар: 23 снежня 2002 года
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная
Грамада) і яе старшыня Мікалай Статкевіч перад цяперашнімі выбарамі ў
мясцовыя Саветы аказаліся ў больш выйгрышным становішчы, чым іншыя апазіцыянеры.
Яны не бралі ўдзел у байкотах мінулых выбарчых кампаній і прайшлі цераз
іх горан. І цяпер, бадай, менавіта ў гэтай партыі найбольш аўтарытэтна
могуць разважаць аб тэхналогіі і перспектывах будучай барацьбы за мясцовую
ўладу.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная
Грамада) і яе старшыня Мікалай Статкевіч перад цяперашнімі выбарамі ў
мясцовыя Саветы аказаліся ў больш выйгрышным становішчы, чым іншыя апазіцыянеры.
Яны не бралі ўдзел у байкотах мінулых выбарчых кампаній і прайшлі цераз
іх горан. І цяпер, бадай, менавіта ў гэтай партыі найбольш аўтарытэтна
могуць разважаць аб тэхналогіі і перспектывах будучай барацьбы за мясцовую
ўладу.
Першы перадвыбарчы этап - фарміраванне тэрытарыяльных выбарчых камісій
- ужо ззаду. Мы папрасілі Мікалая Статкевіча падвесці першыя вынікі ўдзелу
апазіцыі ў гэтай кампаніі і спрагназаваць, як будзе развівацца яе інтрыга.
Такім чынам - маналог лідэра партыі.
Участковыя камісіі
Ва ўчастковыя камісіі прадстаўнікоў палітычных партый пусцяць больш, але
пусцяць якраз там, дзе не пусцілі ў акруговыя, і там, дзе ў акрузе шмат
участкаў. Калі ў акрузе 10 участкаў, у 1-2 камісіі можна пусціць прадстаўнікоў
апазіцыі і зрабіць бачнасць дэмакратыі. Там, дзе ў акрузе адзін участак,
пускаць не будуць. Гэта звязана з тым, што ёсць фальсіфікацыі двух тыпаў.
Фальсіфікацыі пры дапамозе бюлетэняў - гэта традыцыйны спосаб, дае 10-15%
галасоў "патрэбным людзям". І другі тып - фальсіфікацыі пры дапамозе пратаколаў
выбарчых камісій. Калі нават члены выбарчых камісій не ведаюць рэальнага
выніку галасавання. Падпісалі пусты пратакол, і старшыня камісіі паехаў
у райвыканкам: там яму сказалі, што напісаць, а потым яшчэ і перапісаць.
Гэтыя фальсіфікацыі не маюць межаў.
Лічбы прадстаўніцтва апазіцыйных партый у тэрытарыяльных камісіях (гл.
даведку ў канцы матэрыялу. - Заўвага рэд.) сведчаць, што ўлады яўна аддалі
перавагу "правільна вылучаным" кандыдатам у гэтыя камісіі, гэта значыць
людзям правераным, лаяльным. Ва ўчастковых камісіях прапорцыі будуць больш
згладжаныя, але ўжо відавочна: з партыйцаў туды пусцяць у асноўным камуністаў
і ліберальных дэмакратаў. Таму што, на жаль, іх людзі - не байцы у камісіях.
Чалавек з Ліберальна-дэмакратычнай партыі ў камісію звычайна не з'яўляецца,
а прадстаўнік Партыі камуністаў Беларускай, як правіла, пажылы чалавек,
паберажэ сваё сэрца і ўступаць у канфлікт з камісіяй не будзе. Нашых людзей,
ад Народнай Грамады, ва ўчастковых камісіях, я спадзяюся, будзе некалькі
дзесяткаў.
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты
Цяпер у нас пайшла хваля рэгістрацыі мясцовых аддзяленняў партыі - якраз
пасля аб'яўлення выбараў. 51 арганізацыя партыі знаходзіцца на ўліку ў
абласных упраўленнях юстыцыі. Мінскую абласную арганізацыю паставілі на
ўлік праз пару дзён пасля абвяшчэння выбараў - роўна месяц чакалі, дзень
у дзень. І ў Мінскі абласны Савет наш абкам вылучаць ужо нікога права
не мае - на момант аб'яўлення выбараў яго яшчэ "не было". Значыць, вылучэнне
кандыдатаў будзе ісці шляхам збору подпісаў. Значыць - у буйных гарадах
пачнуць "рэзаць" на зборы подпісаў. Але сабраць 150 подпісаў - гэта дробязь,
можна зрабіць з запасам, і на іх "зрэзаць" цяжка. Таму партыйцаў будуць
"рэзаць" на падставе 7 дакументаў, якія кандыдат павінен прадставіць.
У нас на 10 снежня - 257 кандыдатаў у дэпутаты. Усяго за 300 будзе. Нават
пры добрай падрыхтоўцы каля 30% нашых "зрэжуць" - гэта яшчэ аптымістычны
прагноз.
Выбаркамы
Ёсць тэхналогіі працы з членамі выбарчых камісій: яны вельмі працаёмкія,
патрабуюць шмат людзей і часу. Трэба некалькі чалавек на кожнага члена
камісіі, каб своечасова аказаць таму публічную маральную падтрымку з адной
мэтай: каб ён змог супраціўляцца ўціску ўладаў, скіраванаму на схіленне
да фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Гэта адзіны метад працы з камісіямі
- датуль, пакуль мы не пераможам на выбарах.
Агітацыя
Улада робіць усё магчымае для прасоўвання сваіх кандыдатаў: мы яшчэ не
будзем ведаць, што ён кандыдат, а ён ужо будзе "раскручвацца" па тэлебачанні,
радыё, у газетах. Перадвыбарная кампанія будзе "бесплакатнай": грошы на
агітацыю выдзяляюцца з разліку каля $50 на кандыдата. Улёткі будуць надрукаваныя,
хутчэй за ўсё, цэнтралізавана. У 1999 годзе на мясцовых выбарах улада
сама друкавала ўлёткі кандыдатам - каля 1.100 улётак на 20 тысяч выбаршчыкаў
у акрузе. Прычым улёткі былі абароненыя каляровым мікрашрыфтам, што рабіла
немагчымым нават іх ксеракапіраванне.
Адзінае, што можна зрабіць, - выпусціць партыйныя ўлёткі, але яны слаба
дзейнічаюць - імідж партый негатыўны. У нас застаюцца яшчэ пікеты і -
"ад дзвярэй да дзвярэй". У Мінску ў адзіночку кампанію правесці нельга
- патрэбна каманда, якая працавала б пастаянна, мінімум 10 чалавек. Валанцёр
на сапраўдных выбарах спіць 4 гадзіны ў суткі: раніцай ён раскідвае ўлёткі
па паштовых скрынях, днём стаіць у пікеце, вечарам ходзіць па кватэрах,
ноччу клеіць плакаты... Мы не вылучалі сваіх людзей па прынцыпу "Усе на
выбары!", мы імкнуліся кожнага кандыдата забяспечыць такой камандай. І
мы спадзяемся, што з нашага боку хоць нейкая агітацыйная кампанія будзе.
Галасаванне
У правінцыі ў асноўным будуць фальсіфікацыі бюлетэнямі, будзе ўключаны
адміністрацыйны рэсурс: калі адзін або два ўчасткі ў акрузе, цяжка зрабіць
па-іншаму. Фальсіфікацыі пратаколамі будуць часцей прымяняцца ў Мінску
і абласных цэнтрах - на выбарах у аблсаветы. Мінск для ўладаў - зона асаблівай
увагі. 55 мінскіх дэпутатаў вылучаюць 7-8 чалавек у Савет Рэспублікі.
У сталічных акругах набор будзе просты: кандыдат ад улады, нібыта незалежны
бізнесмен і трэцім будзе апазіцыянер. Дрэнна, калі апазіцыянераў будзе
некалькі. Можна дзейнічаць толькі па схеме "адна акруга - адзін кандыдат",
тады ён збярэ вакол сябе ўвесь дэмакратычны электарат. Тады ёсць шанц
выйсці ў другі тур з "вертыкальным" кандыдатам. Калі будуць два дэмакратычныя
кандыдаты - яны расцягнуць галасы, і другі тур будзе выглядаць як "вертыкальшчык"
супраць праўрадавага бізнесмена.
Вынік
Мы разлічваем, што хаця б некалькі дзесяткаў нашых таварышаў у мясцовыя
Саветы прарвуцца. І там, дзе яны прарвуцца - будзе плацдарм для ўдзелу
ў выбарах у Палату прадстаўнікоў. Апазіцыя павінна ўкараняцца ва ўладу
паэтапна. Павінна, урэшце рэшт, вучыцца ўладзе - бо знаходжанне ў маргінальнай
нішы такіх навыкаў не дае. Гэта доўгі і пакутлівы працэс, але іншага няма.
Даведка
У пачатку снежня ў Беларусі сфарміраваныя 1.673 тэрытарыяльныя камісіі
па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, у тым ліку 1.440 сельскіх, 78 пасялковых,
117 раённых, 11 гарадскіх у гарадах раённага падначалення і 20 гарадскіх
у гарадах абласнога падначалення. У склад камісій увайшлі 13.448 чалавек.
У тым ліку ад палітычных партый уключаны 61 чалавек. Найбольшае прадстаўніцтва
мае Камуністычная партыя Беларусі - 21 чалавек. За ёю ідуць: Партыя камуністаў
Беларуская - 19, Ліберальна-дэмакратычная партыя - 11, Беларуская сацыял-дэмакратычная
партыя (Народная Грамада) - 5, Аграрная партыя - 2, Аб'яднаная грамадзянская
партыя, Беларуская патрыятычная партыя і Сацыял-дэмакратычная партыя народнай
згоды - па адным прадстаўніку.