Аналітыка
А КОЛЬКІ Ў ВАС ШТЫКОЎ?
2002-12-24
Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, журналіст
Напярэдадні вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых
Саветаў партыі заяўлялі, што ў іх нямала гатовых да электаральнай бітвы
"штыкоў". Каля 300 чалавек мелася выставіць Беларуская сацыял-дэмакратычная
партыя (Народная Грамада). Каля 400 кандыдатаў рыхтавала Партыя БНФ, прыкладна
столькі ж - Партыя камуністаў. Перыяд вылучэння ўжо пачаўся. Паводле слоў
лідэраў партый, сваё абяцанне аб масавым вылучэнні яны выканаюць.
Старшыня БСДП (НГ) Мікалай Статкевіч, пакуль не можа назваць дакладную
колькасць "сваіх" кандыдатаў у дэпутаты. Нягледзячы на тое, што колькасць
магчымых прэтэндэнтаў на мандаты партыя спрабавала прыкінуць прыкладна
за тры тыдні да пачатку вылучэння. Паводле слоў Статкевіча, аб выніках
казаць пакуль не час:
- Канчатковыя лічбы мы будзем ведаць прыкладна 28 снежня. Цяпер ідзе праца
па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Мы плануем выставіць прыкладна 300.
Разам з тым пашыраецца кааліцыя: да трох партый сацыял-дэмакратычнага
саюза - Народная Грамада, Партыя працы і камуністы Сяргея Калякіна - дадаліся
яшчэ дзве. Гэта жаночая партыя "Надзея" і ліберальна-дэмакратычная. Так
што наш перадвыбарны блок пашыраецца.
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька асабіста займаецца
адборам кандыдатаў. Яго партыя будзе змагацца яшчэ і за станоўчую грамадскую
думку:
- У гэты момант я езджу па рэгіёнах - учора быў у Віцебску, сёння еду
ў Гродна. Мы ўдакладняем папярэднія спісы нашых кандыдатаў. Папярэдне
мы туды запісвалі ўсіх, хто пажадаў браць удзел у перадвыбарнай барацьбе.
Цяпер мы ацэньваем свае шанцы і пакідаем толькі канкурэнтаздольных прэтэндэнтаў.
Мэта ж гэтай перадвыбарнай кампаніі - не толькі прайсці ў мясцовыя Саветы,
але і пазмагацца за грамадскую думку. У тым ліку - і пазмагацца за яе
шляхам нашых кандыдатаў.
Ужо ясна, што па Мінскай вобласці ў нас будзе 37-40 чалавек: у Жодзіне,
Барысаве, Фаніпалі, Вілейцы. Каля 20 будзе па Мінску. Усяго па Беларусі
мы плануем выставіць 200-230 чалавек.
Такім чынам, партыі плануюць выставіць нямала кандыдатаў. І, мяркуючы
па сур'ёзным адборы персаналій, выбары пройдуць не так ужо нудна. Аднак...
Нават калі ўсе палітычныя партыі выставяць у суме тысячы дзве чалавек,
вынік будзе ўнушальным толькі для саміх гэтых структур - яны пакажуць,
што хутчэй жывыя, чым мёртвыя. У агульнай жа колькасці дэпутатаў, - а
іх трэба абраць 24.055, - шчасліўчыкі з ліку гэтых двух тысяч проста згубяцца.
Так што партыям варта яшчэ і планаваць работу з "не сваімі" кандыдатамі
і дэпутатамі. Аднак гэта ўжо - пасля барацьбы за мандаты.
Ды і мала выставіць кандыдата ў дэпутаты. Улічваючы, колькі розных дакументаў
спатрэбіцца, да кожнага прэтэндэнта трэба прыставіць спецыяльна навучанага
чалавека для падрыхтоўкі гэтых дакументаў. Ад ступені падрыхтаванасці
партый да папяровай працы будзе залежаць верагоднасць рэгістрацыі прэтэндэнтаў
уласна кандыдатамі.