Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Аналітыка

НА ВЫБАРЫ - ЯК ШТЫК, АЛЕ Ў БОЙ ЗА ЎЛАДЫ САВЕТАЎ - ПАС!


2003-01-08

Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, журналіст

Чым бліжэй выбары ў мясцовыя Саветы, тым больш высокай чакаецца яўка на іх. Насуперак папулярнай думцы аб татальнай палітычнай апатыі грамадзяне Беларусі, аказваецца, проста-такі прагнуць "выбіраць і быць абранымі". Прынамсі, большасць. Гэтую тэндэнцыю зафіксавала снежаньскае апытанне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.

Такім чынам, у снежні 2002 года НІСЭПД правёў нацыянальнае апытанне грамадскай думкі (апытана 1.478 рэспандэнтаў, памылка выбаркі не перавышае 0,03).

За тры месяцы пасля вераснёўскага апытання прыкметна ўзрасла інфармаванасць насельніцтва. Колкасць тых, хто ведае, калі менавіта адбудзецца галасаванне, павялічылася з 20% да 37,5%. Апроч таго, каля двух трацін апытаных - 63,6% - заявілі пра гатоўнасць узяць удзел у галасаванні. Па традыцыі прыхільнікі А.Лукашэнкі у пытанні аб удзеле ў выбарах дэманструюць, на думку НІСЭПД, "больш высокую ступень грамадзянскай адказнасці". З іх 78,7% збіраюцца ўзяць удзел у галасаванні.

Тэзіс аб "больш высокай ступені грамадзянскай адказнасці", дарэчы, дастаткова спрэчны. Агульнавядома, што электарат Лукашэнкі - людзі ў асноўным пенсійнага або перадпенсійнага ўзросту з дастаткова нізкім узроўнем адукацыі. На выбары яны ходзяць хутчэй па савецкай звычцы. Або да іх проста прывозяць урну.

З праціўнікаў цяперашняга прэзідэнта ў галасаванні збіраюцца браць удзел 57%. Наогул, з улікам мабілізаванага ўплыву перадвыбарнай агітацыі, НІСЭПД "з вялікай упэўненасцю" выказана меркаванне, што вясною нас чакае вельмі высокая выбарчая актыўнасць.

Разам з тым апытанне НІСЭПД паказала: беларусы па-ранейшаму не вераць у свае сілы (або добра хаваюць сваё меркаванне). За кандыдата - прыхільніка А.Лукашэнкі гатовы прагаласаваць 31,1% насельніцтва. Пры гэты рэспандэнты думаюць, што за такога кандыдата прагаласуюць 36,5%. За кандыдата - праціўніка Аляксандра Рыгоравіча гатовы аддаць свой голас крыху большая колькасць грамадзян - 31,2%. Аднак лічаць, што так зробяць і астатнія, толькі 24,7%.

Як звычайна, прыхільнікі Лукашэнкі больш кансалідаваныя, чым яго праціўнікі: 90% прыхільнікаў маюць намер галасаваць за кандыдатаў - прыхільнікаў прэзідэнта, тады як 58,2% праціўнікаў Лукашэнкі гатовы падтрымаць кандыдатаў - праціўнікаў прэзідэнта (14,6% - іншых кандыдатаў).

Самае дзіўнае: пры дастаткова вялікім жаданні ўдзельнічаць у выбарах палова людзей не верыць, што іх голас на нешта паўплывае. Такая ж колькасць тых, хто верыць, што афіцыйныя вынікі выбараў будуць адпавядаць сапраўдным (40,1%), і тых, хто ў гэта не верыць (33,6%). Сумняюцца ў сумленнасці выбараў, ці спадзяюцца на сумленнасць (а як інакш можна патлумачыць варыянт "цяжка адказаць") яшчэ 26,3%.

Дарэчы, вельмі цікава параўнаць гэтыя лічбы з адказам на пытанне "За каго вы галасавалі на выбарах прэзідэнта 2001 года?". Больш, чым праз год прызналіся, што галасавалі за Аляксандра Рыгоравіча, 49,4% апытаных. Атрымліваецца, што вераць у сумленнасць выбараў толькі цвёрдыя прыхільнікі Лукашэнкі - ды і тое не ўсе.

Страхі і сумненні выбаршчыкаў можна б было - пры жаданні - зменшыць, шырэй дапусціўшы прадстаўнікоў партый і трэцяга сектара ў выбарчыя камісіі, а таксама стварыўшы камфортныя ўмовы назіральнікам ад недзяржаўных арганізацый. Удзел такіх назіральнікаў, на думку 57,7% выбаршчыкаў, (і што паказальна, амаль паловы прыхільнікаў прэзідэнта), дазволіла б забяспечыць свабодныя і справядлівыя выбары. А давер да вынікаў выбараў пры ўмове, што ў камісіі ўваходзілі б прадстаўнікі ўсіх палітычных сіл, на думку 70% рэспандэнтаў (і ўсе той жа паловы прыхільнікаў прэзідэнта) быў бы вышэйшы.

Іншымі словамі - палова прыхільнікаў прэзідэнта не падтрымлівае дзейнасць прэзідэнцкай вертыкалі па фарміраванні выбарчых камісій. А сам Цэнтрвыбаркам па рэйтынгу даверу аказаўся на невысокім узроўні. Яго дзейнасці давяраюць толькі 26,6%, а ўстойліва не давяраюць - 53,7%.

Аднак яшчэ больш парадаксальна стаўленне да мясцовых Саветаў, якія па выніках выбараў і будуць створаныя.

Абсалютная большасць рэспандэнтаў (82%) заявілі, што мясцовыя Саветы і дэпутаты на іх, грамадзян, жыццё наогул не ўплываюць ці ўплываюць нязначна (менш за 10% лічаць, што ўплываюць значна). Сапраўды, сёння кампетэнцыя Саветаў крайне абмежавана. Аднак і за павелічэнне іх паўнамоцтваў (а значыць за ўзмацненне ўплыву на жыццё людзей) выказваюцца крыху больш за чвэрць апытаных - 26,1%.

Вынік: выбаршчык у сваёй масе не верыць, што выбары ў мясцовыя Саветы будуць сумленныя і справядлівыя. Выбаршчыкі не надта давяраюць Цэнтрвыбаркаму. Выбаршчыкі не вераць, што мясцовыя Саветы на нешта ўплываюць. Выбаршчыкі не жадаюць, каб мясцовыя Саветы на нешта ўплывалі.

Пры такой пазіцыі лагічны быў бы спантанны байкот выбараў -- тое, што завецца асбсэнтызмам. Аднак выбаршчыкі жадаюць выбіраць дэпутатаў мясцовых Саветаў. І , паводле апытання НІСЭПД, большасць ужо ведаюць каму аддаць свой голас! Ці гэта не парадоксы ў свядомасці шараговага беларуса?

Застаецца толькі гадаць, якія палітычныя сюрпрызы можа зрабіць ў адзін цудоўны дзень такі вось плюралізм у адной электаральнай галаве.