ЦІ ВЫРАСЦЕ З ФРОНДЫ Ў МЯСЦОВЫХ САВЕТАХ НОВАЯ СІСТЭМНАЯ АПАЗІЦЫЯ?
2003-01-18
Аўтар: Віталь СІЛІЦКІ, доктар паліталогіі
2002 год стаў пачаткам новага цыкла ў палітычным
развіцці Беларусі. Гэты цыкл можна ўмоўна акрэсліць як другі тэрмін прэзідэнта
Лукашэнкі і пачатак барацьбы за яго далейшае палітычнае выжыванне. Летась,
нягледзячы на знешнюю палітычную шэрасць і нуднасць, адбыліся як мінімум
тры падзеі, якія могуць мець наступствы для палітычнага развіцця краіны.
Першая - гэта рэзкі рост расчараванасці народа ва ўладзе, які, праўда,
пакуль ніяк не адбіўся на яе стабільнасці. Другая - гэта фактычны развал
саюза Расіі і Беларусі, які яшчэ не выліўся ў адкрытую гульню Крамля па
змяненні ўладнага раскладу ў Мінску. Трэцяя - гэта фактычнае абвяшчэнне
рэферэндуму па трэцім тэрміне, што ўсё яшчэ не зроблена фармальна. Таму
застаецца чакаць развязкі або хаця б развіцця тых інтрыг, якія прыцягвалі
нашу ўвагу на працягу 2002 года. Цяпер ключавымі ўяўляюцца наступныя пытанні:
- Як зменяць палітычны расклад мясцовыя выбары?
- Ці будзе нарэшце афіцыйна абвешчаны рэферэндум па трэцім тэрміне?
- Ці атрымае працяг (або завяршэнне) канфлікт паміж беларускім і расійскім
прэзідэнтамі?
Галоўнай інтрыгай мясцовых выбараў стане адказ на пытанне, ці з'явіцца
нарэшце ў Беларусі пасля сямігадовага перапынку сістэмная апазіцыя. Усю
кампанію па мясцовых выбарах можна разбіць на тры складальныя. Першая
- гэта выбары ў мясцовыя Саветы ніжэйшага ўзроўню (сельскія, пасялковыя),
дзе ўсё пройдзе па старым сцэнарыі, вядомым яшчэ з савецкіх часоў. У большасці
выпадкаў на адно дэпутацкае месца будзе прэтэндаваць не больш аднаго чалавека,
вылучанага, вядома ж, уладай, і зыход галасавання такім чынам прадвызначаны.
Другая складальная - гэта пераважна раённы ўзровень, дзе ўжо будзе назірацца
канкурэнцыя адміністрацыйных рэсурсаў, іншымі словамі, дзе адзін кандыдат
ад улады будзе канкурыраваць з другім. Нарэшце, трэцяя - гэта канкурэнцыя
паміж прадстаўнікамі ўлады і апазіцыі пераважна ў абласных цэнтрах і сталіцы,
на самым вузкім, але ў той жа час найбольш прывабным і для палітычнага
бамонда, і для сродкаў масавай інфармацыі электаральным участку.
Што можна сказаць аб магчымым выніку выбараў? Варта памятаць, што яны,
як ужо павялося, будуць адбывацца пад дастаткова жорсткім адміністрацыйным
наглядам вертыкалі, якой дэ-факта і даручана, таксама ўжо па традыцыі,
само правядзенне кампаніі. Разам з тым, той факт, што некаторая колькасць
прадстаўнікоў апазіцыі ўсё-такі трапіла ў склад выбарчых камісій, можна
лічыць пазітыўным момантам. Безумоўна, гэта некалькі дзесяткаў апазіцыянераў
- занадта малая сіла, каб супрацьстаяць адміністрацыйнаму рэсурсу, і па
вялікім рахунку надвор'я яны не зробяць. Аднак тыя, хто браў непасрэдны
ўдзел у перадвыбарных кампаніях апошніх гадоў, ведаюць, якую каштоўнасць
уяўляе хаця б адзін "свой" чалавек у камісіі.
Але выбары яшчэ трэба элементарна выйграць, гэта значыць як мінімум набраць
галасы. І тут прагноз у дачыненні да традыцыйнай апазіцыі (прадстаўленай
усім вядомымі партыямі і міжпартыйнымі блокамі) наўрад ці можа быць суцяшальным.
Падзеі апошніх месяцаў паказалі, што апазіцыйныя партыі разглядаюць выбары
ў першую чаргу з пункту гледжання дасягнення ўласных вузкаарганізацыйых
мэтаў, а не ў разрэзе адзінай апазіцыйнай кампаніі, поспех якой мог бы
стаць фундаментам для далейшых палітычных дасягненняў. Напэўна зноў праявіцца
традыцыйная схільнасць праціўнікаў рэжыму да ўнутраных сварак. На мой
погляд, на мясцовых выбарах працягнецца высвятленне стасункаў па слядах
старых апазіцыйных скандалаў (што адбыліся падчас байкоту-2000, прэзідэнцкіх
выбараў 2001 года і наступнай дыскусіі аб лёсе спонсарскіх уліванняў).
Зрэшты, канфлікты будуць справакаваныя і тым, што ў выпадку поўнай няўдачы
сваіх арганізацый на мясцовых выбарах партыйным лідэрам будзе цяжка даказаць
як уласную палітычную грунтоўнасць, гэтак і мэтазгоднасць існавання сваіх
структур. Гэта і прымусіць іх ухапіцца за апошнюю саломінку - традыцыйна
больш сімпатызуючыя апазіцыі гарадскія акругі (і ў першую чаргу ў Мінску),
дзе створыцца лішак кандыдатаў ад дэмакратычных партый. Вынік у цэлым
будзе супрацьлеглым таму, які чакаецца кожнай з партый паасобку. На адміністрацыйны
рэсурс спісваць сваё паражэнне пры такім раскладзе наўрад ці выпадае.
Дастаткова цікава будзе паназіраць і за дуэлямі прадстаўнікоў улады. Тое,
што ў мясцовых Саветах, прынамсі, верхняга ўзроўню, узнікне фронда, сумнявацца
не даводзіцца. Яшчэ два гады таму на выбарах у Палату прадстаўнікоў многія
кандыдаты ад вертыкалі ішлі на выбарах у буйных гарадах пад дастаткова
крамольнымі лозунгамі. І нават у цалкам аморфным, на першы погляд, парламенце
раз-пораз узнікаюць праявы вальнадумства, так што ў новых мясцовых Саветах
хутчэй за ўсё з'явіцца нямала дэпутатаў, якія будуць пастаянна дзяўбсці
ўладу па дробязях. А ў іншых узнікнуць і новыя амбіцыі.
Але ці азначае гэта, што на базе ўнутранай фронды ў мясцовых Саветах узнікне
новая сістэмная апазіцыя? Калі нават гэта і адбудзецца, то далёка не адразу.
Па-першае, фронда адрозніваецца ад апазіцыі менавіта тым, што арыентаваная
на дробныя, другасныя пытанні, а не на глабальнае змяненне статус-кво.
Па-другое, фронда так ці іначай будзе прадстаўляць наменклатуру, якая
ў беларускіх умовах вызначаецца асцярожнасцю на мяжы бяззубасці. Пераход
яе ў стан апазіцыі немагчымы, пакуль не адбудзецца прыкметнае аслабленне
ўлады. А яно наўрад ці адбудзецца ў наступным годзе. Нарэшце, каб прадстаўляць
сабою рэальную палітычную сілу, фрондзе спатрэбяцца палітычныя структуры
і пэўная ідэалогія. Гэта яна можа ўзяць толькі ў дзеючай пазасістэмнай
апазіцыі. Зліццю ж фронды і палітычных партый будзе аказана вельмі жорсткае
супраціўленне партыйных лідэраў, якім у выпадку ажыццяўлення такога праекта
гарантавана небыццё.
Так што ўнутры краіны крытычная маса для палітычных перамен будзе назапашвацца
марудна. І мясцовыя выбары наўрад ці стануць у гэтым сэнсе пераломнымі.
Што ж тычыцца іншых ключавых пытанняў гэтага года - аб рэферэндуме і стасунках
з Крамлём - то ім аўтар мае намер прысвяціць асобны артыкул.