ПРЫ ЎСЁЙ НЕДЭМАКРАТЫЧНАСЦІ МЯСЦОВЫЯ ВЫБАРЫ МОГУЦЬ СТАЦЬ ДЛЯ АПАЗІЦЫІ ДОБРЫМ ТРЭНІРОВАЧНЫМ ПОЛЕМ
2003-02-09
Аўтар: Уладзімір НІСЦЮК, намеснік старшыні Беларускай
сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада)
У краіне разгортваецца кампанія выбараў у мясцовыя
Саветы дэпутатаў. 2 сакавіка будзе вырашацца лёс больш за 24 тысяч мандатаў.
Пры гэтым трэба зазначыць, што першай асаблівасцю найноўшай гісторыі мясцовых
Саветаў з'яўляецца планамернае іх давядзенне рэжымам да стану дэкарацыі
ў тэатры аднаго акцёра.
Абраныя ў 1999 годзе дэпутаты абласных, гарадскіх, раённых і сельскіх
Саветаў практычна бяздзейнічалі. За мінулыя чатыры гады ніводзін мясцовы
Савет не стаў ініцыятарам якой-небудзь значнай сацыяльнай акцыі. Ні разу
не быў публічна выказаны ні асабісты, ні калектыўны пратэст супраць самавольства
выканаўчай улады розных узроўняў.
Дык хто ж і навошта ідзе цяпер на выбары ў мясцовыя Саветы? Якія довады
рухаюць кандыдатамі і тымі, хто стаіць за імі, у барацьбе за дарэмныя,
здавалася б, мандаты?
У дачыненні да цяперашніх мясцовых выбараў можна выдзеліць тры групы людзей,
чые матывы ўдзелу ў выбарах карэнным чынам адрозніваюцца.
Першая група - прамыя прадстаўнікі "вертыкалі" знізу даверху. Для выканаўчай
улады было і застаецца важным мець у мясцовых Саветах гарантаваную пераважную
большасць. Па-першае, для легітымізацыі створанай сістэмы ўлады мясцовыя
Саветы падаюцца - як унутры краіны, гэтак і на міжнароднай арэне - за
рэальныя органы самакіравання, якія прадстаўляюць інтарэсы людзей. Па-другое,
праз адрэдагаваную канстытуцыю рэжым зрабіў мясцовыя Саветы структурамі,
якія ўтвараюць больш высокія паверхі ўлады. Скажам, Мінскі гарадскі Савет
галасаваннем 55 дэпутатаў выбірае семярых членаў верхняй палаты Нацыянальнага
сходу! Па-трэцяе, маўклівыя і з усім згодныя мясцовыя дэпутаты з'яўляюцца
буферам паміж дзяржавай і ўсё больш незадаволеным яго палітыкай народам.
На іх ускладзена задача выціраць слёзы старых і інвалідаў, служыць бар'ерам
для народнага гневу ў дачыненні да ўлады больш высокага ўзроўню.
Другой зацікаўленай групай на гэтых выбарах з'яўляецца палітычная і грамадская
апазіцыя.
Чатыры гады таму, у перыяд найвышэйшага ціску ўлады на апазіцыю, мандаты
ў мясцовых Саветах атрымалі практычна адны толькі яе безгалосыя прыхільнікі.
Цяпер сітуацыя іншая. Гульня ў адны вароты ўжо не атрымаецца па многіх
прычынах. А ў выпадку абрання нават мінімальнай колькасці апазіцыянераў
у любыя Саветы ў іх з'яўляецца магчымасць браць удзел у прыняцці рашэнняў
і іх рэалізацыі на практыцы, дэманстраваць грамадзянам здольнасць не на
словах, а на справе адстойваць іх інтарэсы на любым узроўні. У структурах
улады на месцах з'явяцца астраўкі дэмакратыі, якія абавязкова прыцягнуць
да сябе людзей, сёння яшчэ далёкіх ад барацьбы за дэмакратыю. Прыкладам
трансфармацыі з'яўляецца Палата прадстаўнікоў, дзе нават сярод людзей,
якія атрымалі ў 2000 годзе пропуск ад улады, з'явіліся свае апазіцыянеры.
Гэты працэс цалкам можа завяршыцца стварэннем агульнарэспубліканскага
саюза дэпутатаў з дэмакратычнымі поглядамі.
Апроч таго, любыя выбары ва ўмовах аўтарытарызму з'яўляюцца для яго праціўнікаў
адзінай магчымасцю атрымаць легальны і бесперашкодны доступ да суграмадзян
з мэтай іх палітычнай, эканамічнай і прававой асветы. Пры гэтым ствараецца
сетка кааліцыйных структур і нефармальных цэнтраў, якія будуць запатрабаваныя
затым у парламенцкай і прэзідэнцкай выбарчых кампаніях. Усе пераканаліся,
што генералаў у палітычнай апазіцыі вельмі шмат, асабліва ў некаторых
партыях, а вось з салдатамі справа больш цяжкая. Падчас выбараў у мясцовыя
Саветы, як на вайсковых манеўрах, і будзе адточвацца майстэрства гэтых
самых салдат апазіцыі.
Актыўнасць палітычных партый цалкам вытлумачальная. Бо найважнейшай мэтай
дзейнасці любой партыі з'яўляецца праходжанне ва ўладу і ў выніку прыход
да ўлады. Найважнейшыя кірункі дзейнасці партый для дасягнення сваіх амбіцыйных
мэтаў нязменныя:
- арганізацыйая праца, якая мае на мэце павелічэнне колькасці партыйных
структур, іх умацаванне і ўзмацненне;
- ідэалагічная праца, гэта значыць прапаганда партыйных ідэй, палітычная
адукацыя і асвечанасць мас;
- павышэнне міжнароднага аўтарытэту партыі;
- стварэнне і ўмацаванне палітычных і грамадска-палітычных блокаў для
сумеснай дзейнасці.
Разам з тым некаторыя партыі ад выбараў адмовіліся. Дзіўны ход! Пры гэтым
ёсць адна добра хаваная прычына іх цяперашняй пасіўнасці. Менавіта выбары
з'яўляюцца лакмусавай паперкай для праверкі рэальнага ўплыву партыі. Менавіта
падчас выбараў партыям трэба публічна прадэманстраваць свой сапраўдны
арганізацыйны і людскі рэсурс. Ні для каго не сакрэт, што некаторыя партыі
ў нашай краіне называюць "дываннымі". Гэта калі ўсе наяўныя члены гэтак
званай партыі, уключаючы жонак і мужоў, свякровак і цешчаў, сыноў і пляменнікаў,
могуць размясціцца на адной канапе. Зразумела, што такія партыі бяссільныя
вылучыць хаця б сама мала кандыдатаў, зарэгістраваць ініцыятыўныя групы,
знайсці назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі. Самым простым выйсцем з гэтай
далікатнай сітуацыі, вядома ж, з'яўляецца гучны байкот выбараў і несканчальны
шум наконт інтрыгаў ненавіснага рэжыму.
Нарэшце, трэцяя група - быццам бы "нейтральныя" людзі, якіх выканаўчая
ўлада хоча мець у якасці сваіх замаскіраваных стаўленнікаў. Іх літаральна
прымушаюць вылучацца ў кандыдаты, каб не аддаць дэпутацкія мандаты апазіцыі.
Але для тых, хто кіруе прадпрыемствам, арганізацыяй, аддзелам у дзяржаўнай
канторы, мандат мясцовага дэпутата - гэта не столькі прывілея, колькі
лішні галаўны боль, звязаны з канкрэтнымі абавязацельствамі перад канкрэтнымі
выбаршчыкамі. Апроч таго, як падчас выбарчай кампаніі, гэтак і пасля яе
кожнаму прэтэндэнту трэба быць у гатоўнасці распрануць сябе перад выбаршчыкамі
ў сэнсе дэкларавання. Нікому з чыноўнікаў не хочацца такой публічнасці.
Менавіта таму да этапу рэгістрацыі кандыдатаў на 24 тысячы месцаў у мясцовых
Саветах аказалася ўсяго 26 тысяч ахвотных. Пад сцягам улады пайшлі ў асноўным
або былыя дэпутаты, якія без значка на лацкане нічога з сябе ўяўляюць
і не ведаюць, куды сябе падзець, або тыя, хто хоча схаваць свае нядобрыя
ўчынкі за сцяной дэпутацкай недатыкальнасці, або бізнесмены, якія жадаюць
атрымаць для сябе прэферэнцыі.
Улада ўжо пастаралася зрабіць усё, каб не пусціць у Саветы няўгодных персон.
Гэта бачна па выніках фарміравання тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых
камісій. Як заўсёды, не абышлося без выразання "непажаданых элементаў"
і ў ходзе рэгістрацыі кандыдатаў. Супраць прарваўшыхся ў кандыдаты апазіцыянераў
можа спрацаваць механізм фальсіфікацыі вынікаў - у працэсе датэрміновага
галасавання, галасавання на даму, накатанай схемы з падлікам галасоў на
ўчастках і маніпуляцыямі на этапе перавозкі пратаколаў з участковых камісій
у тэрытарыльныя і вышэй.
І ўсё ж выбары здольныя стаць для апазіцыі добрым трэніровачным полем.
Многія грамадзяне ўбачаць, што іх меркаваннем беспардонна маніпулююць
улады. Сусветная супольнасць, напэўна, таксама атрымае дастаткова доказаў
таго, што дэмакратычных выбараў у нашай краіне пры цяперашнім рэжыме проста
быць не можа. А ўсё гэта павінна стымуляваць розныя сілы, што ўплываюць
на беларускі палітычны працэс, да змяненняў у бок дэмакратызацыі і свабоды.