НЕ ВЫРУБІЛІ, ДЫК ВЫСТРЫЖАМ!
2003-02-12
Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, журналіст
Здаецца, пачынаюць здзяйсняцца самыя сумныя прагнозы
ў дачыненні да перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.
Спецыялісты Віцебскага абласнога тэлерадыёаб'яднання знялі з эфіру радыёвыступленне
кандыдата ў дэпутаты Віцебскага абласнога Савета Аляксея Гаўруцікава,
а следам - выступленне Івана Пракапца, які на выбарах у Віцебскі гарсавет
стаў адзіным канкурэнтам старшыні Савета Генадзя Грыцкевіча. Абодва пацярпелыя
кандыдаты ідуць на выбары як члены Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі
(Народная Грамада), і абодва ў сваіх выступленнях закраналі праблемы мясцовага
характару.
Аляксей Гаўруцікаў у сваім выступленні звярнуўся да пракурора вобласці
з просьбай даць ацэнку дзейнасці чыноўнікаў, якія, на яго думку, парушаюць
закон аб зваротах грамадзян, ужо два месяцы не даючы адказ на запыт сацыял-дэмакратаў
наконт мясцовых праблем (адказы на такія звароты трэба даваць на працягу
месяца. - Заўвага рэдакцыі). Выступленне Івана Пракапца было знята за
тое, што аднагалоснае рашэнне дэпутатаў гарсавета аб павышэнні цэн на
работы, тавары і паслугі ён назваў "антынародным".
У абодвух выпадках Цэнтральная камісія па выбарах пацвердзіла правільнасць
рашэння чыноўнікаў абласной тэлерадыёкампаніі. Кандыдаты ў дэпутаты згадзіліся,
каб з іх выступленняў выразалі сказы з крытыкай мясцовай улады (а што
заставалася рабіць? Не губляць жа эфіры час!). Але - падалі ў Вярхоўны
суд скаргу на кіраўніцтва абласной тэлерадыёкампаніі і Цэнтрвыбаркам.
Кандыдаты расцэньваюць тое, што адбылося, як практычна адкрытую цэнзуру.
"Я лічу, што гэтыя дзеянні груба парушаюць 33-і артыкул Канстытуцыі Рэспублікі
Беларусь, які забараняе цэнзуру, - сказаў Аляксей Гаўруцікаў у інтэрв'ю
БелаПАН. - А гэта не што іншае, як цэнзура. Па законе павінна быць так:
я выступіў, а калі што не так - карайце. А здымаць з эфіру - не маеце
права".
Лідэр БСДП (НГ) Мікола Статкевіч лічыць, што менавіта канкрэтнасць і адраснасць
патрабаванняў віцебскіх сацыял-дэмакратаў пацягнула за сабой фактычнае
прымяненне цэнзуры на абласным радыё:
- У выступах нашых віцебскіх кандыдатаў у дэпутаты ўздымаліся канкрэтныя
праблемы, вылучаліся канкрэтныя прэтэнзіі да канкрэтных асоб. Гэта і выклікала
такую жорсткую рэакцыю кіраўніцтва абласной тэлерадыёкампаніі. Калі б
нашы таварышы казалі пра "злачынны рэжым" - я ўпэўнены, іх выступленне
засталося б без цэнзуры.
Рэч у тым, што кампанія падрыхтоўкі да гэтых выбараў вялася з зімы мінулага
года. Мы прызначылі ўпаўнаважаных па раёнах і гарадах, вывучалі мясцовыя
праблемы, накіроўвалі чыноўнікам запыты, праводзілі мітынгі - у прыватнасці
ў Віцебску было два мітынгі ў цэнтры горада: прадпрымальнікаў і настаўнікаў.
Нашы актывісты дабіліся адмены двух указаў мясцовай адміністрацыі: аб
забароне на гандаль расійскім хлебам і мясапрадуктамі. Кандыдатаў у дэпутаты
ад БСДП у Віцебску добра ведаюць па канкрэтных справах - вось улады і
занерваваліся. Мабыць, занервавала і кіраўніцтва абласной тэлерадыёкампаніі,
- каб па шапцы за такія выступленні не далі.
Дарэчы, па гэтым пытанні я размаўляў з сакратаром ЦВК Мікалаем Лазавіком,
- і з яго пункту гледжання ў выступленнях Аляксея Гаўруцікава і Івана
Пракапца не было нічога страшнага. Але потым кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына
прыняла зусім іншае рашэнне.
Аднак ЦВК - па законе - у судовай спрэчцы можа мець рацыю. Кандыдатам
у дэпутаты пагражаюць тыя самыя "граблі", пра якія даўно папярэджвала
прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна. А канкрэтна
- артыкул 369 Крымінальнага кодэкса Беларусі: "Знявага прадстаўніка ўлады".
Жана Літвіна зазначыла, што "абсалютна любы крытычны выпад кандыдата -
апанента любога вертыкальшчыка можа быць успрыняты апошнім як знявага
і пацягнуць за сабой разбор у судзе". Тым больш што "знявага" - паняцце
суб'ектыўнае, а просьба да пракурора разабрацца ў дзеяннях канкрэтных
чыноўнікаў можа разглядацца як нанясенне маральнага ўрону канкрэтнаму
чыноўніку (а як жа - яго абвінавацілі ў службовай нядбайнасці і неналежным
выкананні сваіх службовых абавязкаў!).
Такім чынам, перадвыбарная кампанія становіцца справай у некаторай ступені
небяспечнай. Кандыдатам застаецца дзейнічаць па прынцыпе "Або пан - або
прапаў", бо крытыка (нават самая справядлівая) можа расцэньвацца і як
знявага.
Пакуль, паводле нашых звестак, перадвыбарная цэнзура закранула толькі
Віцебск. Апроч таго, віцебскія ўлады забаранілі праводзіць у дзяржаўных
установах перадвыбарныя семінары. Такім чынам, ледзь не сарваўся прызначаны
на 9 лютага семінар "Абарона правоў падчас перадвыбарнай кампаніі" - адміністрацыя
гатэля "Ветразь" тэрмінова разарвала дамову на арэнду канферэнц-залы.
Улады заварушыліся і гэта першая прыкмета таго, што актывісты дэмакратычных
партый (асабліа ў рэгіёнах) могуць скласці рэальную канкурэнцыю кандыдатам
ад "вертыкалі". Апазіцыя, атрымліваецца, не такая слабая, як здавалася.