ГУЛЬНЯ Ў КОСЦЬ, ці Чаму ўлада так лёгка выбівае апанентаў з электаральнага матчу
Аўтар: Віталь СІЛІЦКІ, доктар паліталогіі, дацэнт Еўрапейскага
гуманітарнага універсітэта
Многія чакалі, што мясцовыя выбары дадуць адказ
на два пытанні. Першае - чаго даб'ецца апазіцыя, якая пасля доўгага перапынку
заявіла аб сваім вяртанні ў сістэмную палітыку. Другое - ці пройдзе ў
мясцовыя Саветы дастатковая колькасць беспартыйных "франдзёраў", якія
змогуць стварыць аснову для сістэмнай апазіцыі на той выпадак, калі партыі
чарговы раз праваляць перадвыбарную кампанію.
Ужо пасля рэгістрацыі кандыдатаў можна даць папярэднія адказы. Што тычыцца
апазіцыі, то самае вялікае расчараванне ад яе ўдзелу ў перадвыбарнай кампаніі
- не тое, што яна зноў не дамовілася аб аб'яднанні і нават не тое, што
яе намаганні зноў сканцэнтраваны ў Мінску і некалькіх абласных гарадах.
Самае сумнае - тое, што мізэрная колькасць вылучаных кандыдатаў сама па
сабе сведчыць, што ні арганізацыйных, ні іншых рэсурсаў для вядзення паўнацэннай
нацыянальнай кампаніі ў яе - апазіцыі - няма. Кожная з трох-чатырох найбуйнейшых
партый змагла вылучыць усяго ад адной да дзвюх соцень кандыдатаў. Пасля
адсеву пры рэгістрацыі застаўся і зусім мізэр. Але ж апазіцыйных сутыкненняў
лоб у лоб у акругах будзе менш.
Што ж да адсеву апазіцыйных кандыдатаў, то тут можна назіраць дзве тэндэнцыі.
Першая - мэтанакіраванае "вырубанне" прыкметных фігур з лагеру апазіцыі,
такіх як Юрый Хадыка ці Віталь Малашка. Тут спрацаваў прынцып "ціснуць
і не пушчаць". Другая - элементарнае невуцтва, няведанне базавых нормаў
закона некаторымі з кандыдатаў, якія часам не змаглі нават правільна запоўніць
дакументы на рэгістрацыю. Хаця гэта і лагічна - розніцу паміж выбарамі,
як яны праводзяцца зараз і як праводзіліся сем гадоў таму, многія апазіцыянеры
будуць яшчэ доўга спасцігаць. Усё-такі шэсць гадоў па-за сістэмнай палітыкай
дарма не праходзяць.
Гаворачы пра тактыку ўладаў на мясцовых выбарах, аналітыкі надалі шмат
увагі масавай нерэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў. У той жа час амаль
незаўважаным прайшоў той факт, што не меншаму ўразанню - прынамсі ў Мінску
- падвергся і спіс тых, каго ў прынцыпе можна было аднесці да патэнцыяльнай
"фронды" - лабістаў, прадпрымальнікаў, вылучэнцаў найбольш ліберальных
дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Так, не зарэгістраваныя кандыдатамі памочнікі
дэпутатаў Кірыла Халопіка, Уладзіміра Хрола, Аляксея Ваганава. Не трапіў
у спіс прэтэндэнтаў у Мінскі гарсавет Дзмітрый Ус - адзін з найбольш энергічных
дэпутатаў ранейшага склікання, які з трыумфам выйграў папярэднія выбары.
Відавочна, што ўладамі ўзята на ўзбраенне дакладная тактыка - хто не з
намі (дакладней, не ад нас) - той супраць нас. Гэтая тактыка даведзена
да дасканаласці: права мець сваіх лабістаў у гарсавеце пазбавіліся нават
райвыканкамы. Будучы сталічны Савет, такім чынам, мае шанс стаць выключна
"мэрскім".
І ў гэтым сэнсе сёлетнія выбары нашмат - і не ў лепшы бок - адрозніваюцца
нават ад апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў, дзе ў шэрагу акруг мы
былі сведкамі даволі цікавых двубояў паміж альтэрнатыўнымі кандыдатамі
ад улады, спаборніцтва адміністрацыйных і бізнес-рэсурсаў.
Пасля такога змяншэння спісаў кандыдатаў "франдзёры" з Палаты моцна ўзлаваліся
на мінскую мэрыю, якая паставіла іх перад вельмі непрыемным фактам. На
свае вочы паказана, які сцэнар можа быць рэалізаваны ўжо ў дачыненні да
іх на парламенцкіх выбарах у наступным годзе, калі яны не праявяць належнай
лаяльнасці да ўлады. І тут выбар вельмі вузкі: або "прагінацца" індывідуальна,
або нейкім чынам арганізавацца і ўступіць у палітычную гульню. Праўду
кажучы, малаверагодна, што "франдзёры" у палаце абяруць менавіта другі
варыянт.
Можна зрабіць выснову: улада значна лепш сваіх апанентаў засвоіла той
факт, што мясцовыя выбары - гэта плацдарм для падрыхтоўкі да выбараў парламенцкіх
і прэзідэнцкіх. Ужо не робіцца ніякіх спроб, як гэта адбывалася два гады
таму, надаць выбарам нейкі шарм, падобна канкурэнцыі няхай нават у вузкім
коле папярэдне падабраных кандыдатаў. Усё, што патрабуецца сёння, - гэта
вынік. Так што можна чакаць новых сюрпрызаў ужо на стадыі галасавання
і падліку галасоў. Па чутках, да гэтага дзеяння (верней да самай галоўнай
яго часткі - суміравання вынікаў) будуць дапушчаны выключна старшыні,
намеснікі старшыняў і сакратары камісій. А пры такім раскладзе ў выніку
галасавання сумнявацца не даводзіцца.
Здаецца, што, сутыкнуўшыся з такой тактыкай уладаў, значная частка апазіцыі
зноў гатова скарыстаць сваю старую тактыку дэлегітымацыі ўлады на знешніх
палітычных рынках і адмовы ад удзелу ў сістэмнай палітыцы ўнутры краіны.
Што ж, заявіць пра ўдзел на выбарах і дабіцца на іх перамогі - гэта дзве
розныя рэчы. Суровая праўда, аднак у тым, што пакуль апаненты рэжыму не
заручацца падтрымкай выбаршчыкаў, улада будзе катаць іх носам па асфальце
і ў сістэмнай, і ў вулічнай палітыцы. Так што перад тым як уступаць у
перадвыбарную кампанію, тым больш якая вядзецца без правілаў, усім, хто
ідзе "не ад улады", трэба было б добра завучыць некалькі правілаў правядзення
"выбараў па-беларуску".
Першае - да выбараў трэба рыхтавацца загадзя, а не за пару тыдняў або
нават месяцаў. А пачынаць трэба са стратэгіі, вызначэння мэтаў удзелу
ў кампаніі, дапасавання іх да агульнай канвы палітычнага дзеяння. Калі
няма або амаль няма магчымасці правесці кандыдатаў - загадзя мяркуйце,
як ператварыць кампанію з выбарчай у палітычную. Пры гэтым абсалютна неабходна
пралічваць зараней дзеянні апанентаў. Скажыце, што экстраардынарнага можна
знайсці ў тактыцы ўладаў? А яна нават самымі прымітыўнымі дзеяннямі паралізавала
апанентаў.
Другое - калі на выбары збіраецеся ісці перамагаць, то электаральна іх
трэба выйгрываць яшчэ да пачатку кампаніі, пагатоў, да абвяшчэння выбараў
вашыя дзеянні законам аб выбарах не рэгламентуюцца. Стварайце грамадскую
думку, прывязвайце яе да кандыдатаў, потым - збірайце подпісы на ўсю поўніцу.
І не 150 мінімальна неабходных для рэгістрацыі, а мінімум некалькі тысяч.
Ператварыце гэты крок кампаніі ў завочнае галасаванне. Усе намаганні падчас
кампаніі - на работу з камісіямі і арганізацыю назірання. Калі не зарэгіструюць
або падтасуюць вынікі - бейце ва ўсе званы! У выпадку калі вы займаецеся
палітыкай усур'ёз і надоўга, грамадская думка вам спатрэбіцца.
Трэцяе - перастаньце выкарыстоўваць кампаніі як сродак дасягнення вузкаперсанальных
або партыйных мэтаў. У гэтым выпадку вас лягчэй за ўсё зарубіць і цяжэй
за ўсё хаця б штосьці выціснуць з кампаніі. Працуйце адзіным фронтам.
Нарэшце, чацвёртае. Калі выбары ўсё ж праваленыя, не спяшайцеся кляйміць
зноў абраных кандыдатаў, называючы загадзя халуямі і марыянеткамі, як
вы зрабілі гэта з цяперашнім складам Палаты прадстаўнікоў. Там шмат нармальных
людзей, з якімі пры правільным падыходзе вы зможаце працаваць. Ангажыруйце
прыхільнікаў у іх шэрагах, падцягвайце іх да фронды, потым да апазіцыі.
Інакш прымітыўная "гульня ў косць" будзе раз за разам выбіваць апанентаў
улады з электаральнага паядынка. Ці хтосьці спадзяецца яшчэ на "шчыры
футбол"?