ГАЛАСУЙ НЕ ХАЧУ!
2003-02-25
Аўтар: Кірыл ПАЗНЯК, журналіст
25 лютага на мясцовых выбарах пачынаецца датэрміновае
галасаванне. Гэты этап выбарчай кампаніі ў Беларусі які ўжо раз выклікае
дыскусіі наконт дэмакратычнасці нашага Выбарчага кодэкса. У прыватнасці,
апазіцыя абвінавачвае ўлады, што пад шырмай працэдуры датэрміновага галасавання
адбываюцца фальсіфікацыі.
У артыкуле 53 Выбарчага кодэкса чытаем: "Выбаршчык, удзельнік рэферэндуму,
не маючы магчымасці ў дзень выбараў, рэферэндуму знаходзіцца па месцы
свайго жыхарства, мае права не раней, чым за пяць дзён да выбараў/рэферэндуму
ва ўмовах, якія выключаюць кантроль за яго волевыяўленнем, запоўніць у
памяшканні ўчастковай камісіі бюлетэнь і апусціць яго ў апячатаную асобную
скрыню для галасавання выбаршчыкаў/удзельнікаў рэферэндуму, якія будуць
адсутнічаць у дзень правядзення выбараў/рэферэндуму па месцы іх жыхарства.
Афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці выбаршчыка/удзельніка рэферэндуму
прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў/рэферэндуму не патрабуецца.
Датэрміновае галасаванне ажыццяўляецца з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19
гадзін у прысутнасці не менш чым двух членаў участковай камісіі.
Пры атрыманні бюлетэня выбаршчык, удзельнік рэферэндуму ўласнаручна ставіць
подпіс у спісе грамадзян, што маюць права ўдзельнічаць у выбарах, рэферэндуме,
і ўказвае дату датэрміновага галасавання.
Актыўна рэкламаванае датэрміновае галасаванне дае апазіцыі падставу падазраваць
улады ў фальсіфікацыях: маўляў, ці мала як можна ператасаваць ноччу змесціва
гэтых самых "апячатаных асобных скрыняў". І сама арганізацыя датэрміновага
галасавання ў Беларусі, як адзначыў у інтэрв'ю палітолаг Міхаіл Пліска,
далёка не адпавядае агульнапрынятым дэмакратычным нормам: "У цывілізаваных
краінах яно праводзіцца па пошце. Выбарчыя ўчасткі так вось, як у нас,
не працуюць. А тыя, хто галасуе датэрмінова, прадастаўляюць дакументальнае
сведчанне таго, што ў дзень асноўнага галасавання яны будуць адсутнічаць
па месцы жыхарства. Гэта можа быць камандзіроўка або білет на цягнік.
На Захадзе датэрмінова галасуе каля аднаго працэнта выбаршчыкаў, максімум
- працэнты тры. У нас жа датэрміновае галасаванне - масавая з'ява. Напрыклад,
на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2000 годзе па некаторых акругах у
датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел нават больш за палову выбаршчыкаў".
Усё гэта, робіць выснову Пліска, дае апазіцыі падставу казаць пра фальсіфікацыі.
І часам небеспадстаўна: паводле звестак незалежных назіральнікаў, на прэзідэнцкіх
выбарах 2001 года розніца паміж вынікамі датэрміновага і асноўнага галасавання
была месцамі проста вялікай - у некалькі разоў.
Правядзенне датэрміновага галасавання па беларускай мадэлі, калі цэлых
пяць дзён працуюць выбарчыя ўчасткі ў прысутнасці як мінімум двух членаў
выбарчай камісіі, гэта яшчэ і даволі дарагое задавальненне. Акрамя таго,
выбарчыя ўчасткі падчас датэрміновага галасавання перашкаджаюць рабоце
тых устаноў, у памяшканнях якіх яны размешчаныя.
Паводле афіцыйнай статыстыкі Цэнтрвыбаркама, у датэрміновым галасаванні
на мінулых прэзідэнцкіх выбарах узялі ўдзел 14,7% выбаршчыкаў. Міхаіл
Пліска робіць прагноз, што на выбарах у мясцовыя Саветы гэтая лічба будзе
значна больш - каля трэці ад усёй яўкі. Ён лічыць, што з эканоміі ўлады
пастараюцца дапусціць як мага менш другіх тураў. Гэта значыць трэба зрабіць
так, каб у акругах, у асноўным сельскіх, дзе балаціруецца толькі адзін
кандыдат, ён набраў неабходныя 50% галасоў плюс адзін голас адразу ў першым
туры. Ну і натуральна, каб на выбарчыя ўчасткі прайшла палова выбаршчыкаў,
і такім чынам выбары адбыліся. Гэта тычыцца і акруг, дзе супернічаюць
два кандыдаты. Тут таксама для дзяржаўнай казны пажадана мець пераможцу
яшчэ ў першым туры, інакш выбары давядзецца праводзіць яшчэ раз.
У ЦВК, як заяўляе сакратар Мікалай Лазавік. "ніякіх прагнозаў наконт датэрміновага
галасавання рабіць не збіраюцца. І ўстановак нікому ніякіх мы не даем.
Няхай датэрмінова галасуе столькі людзей, колькі захочуць".