ЛУКАШЭНКА ПЕРААБРАНЫ, АПАЗІЦЫЯ КАЖА АБ ФАЛЬСІФІКАЦЫЯХ, МІСІЯ АБСЕ НЕ ПРЫЗНАЕ ВЫБАРЫ ДЭМАКРАТЫЧНЫМІ
Аляксандр Лукашэнка афіцыйна аб'яўлены пераможцам на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Канчатковыя вынікі галасавання 14 верасня падвяла на сваім пасяджэнні Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў.
Згодна з выніковымі звесткамі, за Лукашэнку прагаласавалі 4 мільёны 666 тысяч 680 грамадзян, ці 75,65 працэнта ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Кандыдыт ад аб'яднанай апазіцыі Уладзімір Ганчарык атрымаў 965 тысяч 261 голас, ці 15,65 працэнта. Трэці кандыдат, лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч набраў 2,48 працэнта галасоў - за яго прагаласавалі 153 тысячы 199 выбаршчыкаў.
Усяго ў выбарах узялі ўдзел 83,86 працэнта беларускіх выбарчыкаў.
Цэнтрвыбаркам прызнаў неабгрунтаванымі скаргі Беларускага Хельсінкскага камітэта, праваабарончага цэнтра "Вясна" і кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Ганчарыка аб непрызнанні прэзідэнцкіх выбараў. Усе тры скаргі насілі комплексны характар і ахоплівалі не толькі працэс галасавання па выбарах прэзідэнта Беларусі, але і ўсю выбарчую кампанію ў цэлым. Сярод асноўных парушэнняў называецца незаконнае фарміраванне выбарчых камісій, злоўжыванні з боку Аляксандра Лукашэнкі сваім службовым становішчам падчас агітацыі, адсутнасць роўных умоў агітацыі для ўсіх кандыдатаў. Заяўнікі прадставілі факты парушэння выбарчага заканадаўства ў ходзе датэрміновага галасавання, перашкоды назіранню за выбарамі, кантролю падліку галасоў.
10 верасня міжнародная місія па абмежаванаму назіранню за выбарамі прэзідэнта Беларусі абнародавала папярэдняе заключэнне і высновы, якія яна зрабіла падчас выбарчай кампаніі.
Місія прыйшла да трох наступных высноў:
- "прэзідэнцкія выбары 2001 года не адпавядалі абавязацельствам па АБСЕ адносна дэмакратычнасці выбараў, сфармуляваным у Капенгагенскім дакуменце 1999 года, і стандартам Савета Еўропы;
- місія вітае з'яўленне плюралістычнай грамадзянскай супольнасці, фундамента развіцця дэмакратычных палітычных структур, прадстаўляючых усе слаі насельніцтва;
- ізаляцыя краіны супярэчыць інтарэсам беларускага народа і не садзейнічае развіццю дэмакратычных працэсаў".
У дакуменце таксама гаворыцца, што місія пацвердзіла важнасць чатырох крытэрыяў, выпрацаваных еўрапейскай парламенцкай "тройкай" у 2000 годзе ў якасці асноўных прынцыпаў дэмакратычнасці выбараў. Гэта - празрыстасць выбарчага працэсу, доступ апанентаў да дзяржаўных СМІ, адсутнасць дыскрымінацыі палітычных апанентаў, пашырэнне функцый і паўнамоцтваў парламенцкага органа.
Выбарчы працэс, як адзначаюць назіральнікі, выявіў шэраг сур'ёзных недахопаў. Некаторыя з іх звязаны з асаблівасцю палітычнай сітуацыі ў Беларусі, напрыклад такія:
- палітычны рэжым, які не прывык да апазіцыі і робіць усё магчымае, каб нейтралізаваць яе;
- выканаўчыя структуры з вялікімі паўнамоцтвамі, у тым ліку кіраванне пры дапамозе прэзідэнцкіх дэкрэтаў, якія не ўраўнаважаны адпаведнымі механізмамі заканадаўчага кантролю, што дазваляе ўносіць адвольныя змяненні пры правядзенні выбараў;
- заканадаўчыя рамкі ўсё яшчэ не дазваляюць забяспечыць незалежнасць органаў выбарчай адміністрацыі, цэласнасць працэсу галасавання, празрыстасць працэдуры падліку галасоў і суміраванне вынікаў, свабодныя і справядлівыя ўмовы для правядзення выбарчай кампаніі, а таксама накладваюць празмерныя абмежаванні на ўмовы правядзення выбарчай кампаніі і дзейнасць назіральнікаў.
Называюцца і іншыя сур'ёзныя недахопы.
Разам з тым ў дакуменце адзначаны станоўчыя моманты, у прыватнасці, якія датычацца дэмакратычнай свядомасці грамадзян. Місія, у прыватнасці, адзначае, што грамадзянская супольнасць, якая нараджаецца, легалізавалася і накіравала тысячы ўнутраных назіральнікаў, уключаючы і лаяльных да ўладаў. Тым не менш, гаворыцца ў дакуменце, "глыбокага шкадавання варты той факт, што акрэдытацыя некалькіх тысяч назіральнікаў была анулявана". Дэмакратычныя сілы апазіцыі здолелі пераадолець свае рознагалоссі і выступіць на выбарах сумесна, што стала адлюстраваннем усё больш сталай палітычнай і дэмакратычнай свядомасці. Удзел трох кандыдатаў прадаставіў выбаршчыкам Беларусі магчымасць сапраўднага выбару, хаця абмежаваныя правы і практыка правядзення выбарчай кампаніі не дазволілі выбаршчыкам атрымаць поўную інфармацыю аб кандыдатах.
Прадстаўнікі Еўрапейскага саюза і ЗША далучыліся да высновы місіі аб недэмакратычнасці беларускіх выбараў.