Ханс-Георг Вік: "Гэтыя выбары не былі свабоднымі і сумленнымі, таму наша работа працягваецца"
2001-09-14
Сп. Вік, як Вы ацэньваеце нядаўні выбарчы працэс
у Беларусі?
Існуючая ў Беларусі канстытуцыйная і прававая база стварае ўмовы, якія
садзейнічалі і садзейнічаюць дзеючаму прэзідэнту ў якасці кандыдата ў
прэзідэнты. Выбарчыя камісіі кантралююцца прэзідэнцкай вертыкаллю. Дзяржаўны
кантроль над сродкамі масавай інфармацыі - электроннымі СМІ і большай
часткай друкаваных СМІ - іграе на руку прэзідэнту. Палажэнні выбарчага
заканадаўства, якія дазваляюць кандыдатам прадставіць свае праграмы ў
СМІ, не могуць кампенсаваць пастаянны дзяржаўны кантроль над СМІ і пастаянную
крытыку і негатыўныя водгукі ў адрас людзей, якія не падтрымліваюць улады.
Такім чынам, умовы правядзення выбараў былі вельмі неспрыяльныя для сапернікаў
[Аляксандра Лукашэнкі].
Пакідаючы тэму ўмоў выбарчай кампаніі, ці лічыце Вы, што ў арганізацыі
працэсу галасавання і падліку галасоў былі сур'ёзныя парушэнні?
На гэтай стадыі выбарчага працэсу прэзідэнт таксама меў значныя перавагі.
Гэта, па-першае, адсутнасць кантролю ў назіранні над скрынямі для галасавання
падчас датэрміновага галасавання і галасавання на даму. Па-другое, перашкоды,
з якімі сутыкнуліся назіральнікі пры назіранні непасрэдна за галасаваннем
- пры праверцы спісаў выбаршчыкаў і праверцы выбаршчыкаў, якія прыходзілі
на ўчастак. Па-трэцяе, працэдура падліку галасоў. Старшыні выбарчых камісій
дапусцілі шэраг змяненняў у працэдуры падліку галасоў і звядзення іх разам,
што адкрыла магчымасці для злоўжыванняў. У некаторых выпадках скрыні былі
дастаўлены да 40 выбаршчыкаў, але пры ўскрыцці ў іх аказалася 400 бюлетэняў.
Разыходжанне паміж колькасцю галасоў, пададзеных за Лукашэнку на стадыі
датэрміновага галасавання, і галасамі падчас звычайнага галасавання ўражвае;
яно надзвычай вялікае і не паддаецца тлумачэнню.
Ці можна гэта растлумачыць тым, што выбаршчыкі Лукашэнкі аддалі перавагу
датэрміноваму галасаванню, таму што яго асноўны сапернік Уладзімір Ганчарык
заклікаў сваіх прыхільнікаў не галасаваць датэрмінова?
Толькі часткова. Акрамя таго, вынікі выявілі вельмі цікавую карціну ў
рэгіёнах і Мінску. Ва ўсіх рэгіёнах назіраецца вельмі нязначная розніца
(каля 2 працэнтаў) у галасах, пададзеных за Лукашэнку. Гэта вельмі дзіўна,
і гэта вельмі адрозніваецца ад [вынікаў прэзідэнцкіх выбараў] 1994 года.
Існуе таксама разыходжанне паміж колькасцю пададзеных галасоў і рэальнай
яўкай выбаршчыкаў.
Якія крыніцы гэтай інфармацыі?
Сетка ўнутранага назірання і міжнародныя назіральнікі.
Як Вы ацэньваеце работу грамадзянскай ініцыятывы "Незалежнае назіранне"?
Яны не апублікавалі свае вынікі паралельнага падліку галасоў. Ці значыць
гэта, што незалежнае назіранне правалілася?
Паралельны падлік галасоў планаваўся для такой сітуацыі, як, напрыклад,
давыбары ў парламент у сакавіку гэтага года або леташнія парламенцкія
выбары. Аднак сёлета ў пратаколы ўжо былі ўнесены значныя змяненні. Большая
іх частка была зроблена на ўзроўні ўчастковых камісій, тады як раней змяненні
ўносіліся пасля складання пратаколаў, на больш высокім узроўні, або шляхам
перагляду пратаколаў пры складанні другой справаздачы з участкаў.
Ці бачыце Вы нейкія станоўчыя вынікі гэтай выбарчай кампаніі?
Так, натуральна. Вельмі важна, што грамадзянская супольнасць здолела дасягнуць
згоды на шырокай сацыяльнай і палітычнай аснове. Яна базіруецца на палітычным
цэнтры, але ў ім таксама прадстаўлены левыя і правыя элементы. Я таксама
хачу адзначыць папярэднюю справаздачу трох парламенцкіх дэлегацый і БДІПЧ
[Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека], у якой падкрэсліваецца
ўзнікненне палітычнай структуры і грамадзянскай супольнасці. У ёй указваюцца
незалежныя (і іншыя) структуры назірання. Гэтыя групы назіральнікаў нічым
не адрозніваюцца, бо яны з'яўляюцца часткай сацыяльнага ладу, часткай
грамадзянскай супольнасці. Па-трэцяе, мы адзначылі шмат моладзі сярод
назіральнікаў і ініцыятыўных груп.
Ці лічыце Вы, што многія з іх зараз расчараваныя ў сувязі з тымі парушэннямі,
з якімі яны сутыкнуліся?
Магчыма, але я ўпэўнены, што гэтыя людзі прадоўжаць сумесную працу па
рашэнню новых задач грамадзянскай супольнасці і развіццю дэмакратыі.
Лукашэнка абвінаваціў Вас і Кансультацыйна-назіральную групу АБСЕ ва
ўмяшанні ва ўнутраныя справы Беларусі. Ён нават абяцаў выслаць Вас у сувязі
з тым, што КНГ больш няма чаго рабіць у Беларусі. Якой Вам уяўляецца роля
КНГ у будучыні?
Уласна кажучы, сп. Лукашэнка ўжо спыніў пагрозы па выдварэнню. Ён прызнаў,
што яны былі звязаныя з выбарчай кампаніяй. Гэтая праблема не звязана
са мной асабіста. Яна звязана з тым, [як развіваліся] адносіны Беларусі
і АБСЕ з моманту леташніх парламенцкіх выбараў. Пад агнём крытыкі аказваўся
то сп. Дувэ, прадстаўнік АБСЕ па свабодзе прэсы, то БДІПЧ, то КНГ.
Усё ж, якую ролю будзе іграць КНГ пасля выбараў?
Аказваць кансультацыі ўладам, апазіцыі і няўрадавым арганізацыям, як запісана
ў Дэкларацыі Стамбульскага саміта, якую прэзідэнт Лукашэнка асабіста падпісаў
у лістападзе 1999 года. Падтрымліваць дыялог па правядзенню свабодных
і сумленных выбараў. Гэтыя выбары не былі свабоднымі і сумленнымі, таму
наша работа працягваецца.
Некаторыя аналітыкі лічаць, што, утрымаўшы прэзідэнцкую пасаду, Лукашэнка
пойдзе на лібералізацыю, па меншай меры, эканамічнай палітыкі, а мабыць
нават і сваёй палітычнай пазіцыі. Іншыя ж прадказваюць жорсткае наступленне
на грамадзянскую супольнасць. Што Вы думаеце наконт гэтага?
Я нічога не магу сказаць наконт гэтага. Я магу толькі сказаць, што апытанні
грамадскай думкі даюць яму 45 працэнтаў падтрымкі. Ніхто не можа растлумачыць,
як яна падскочыла да 75 працэнтаў на выбарах. Паглядзім, якія вывады ў
адносінах да сваёй палітыкі ён зробіць з гэтага.