Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Персоны

Васіль ЛЯВОНАЎ: "Я не збіраюся аддаваць гэтую зямлю "пахану"


2001-08-10

Аўтар:


На пытанні БелаПАН адказвае кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Ганчарыка, чыю кандыдатуру на прэзідэнцкую пасаду падтрымлівае апазіцыйная кааліцыя.

-- Спадар Лявонаў, ёсць чуткі, што калі Вы былі першым сакратаром Магілеўскага абкама КПБ напрыканцы васьмідзесятых гадоў, Вы нібыта ўратавалі тагачаснага дырэктара саўгаса Аляксандра Лукашэнку - дапамаглі спыніць крымінальную справу, якая яму пагражала за збіццё механізатара. Наколькі гэта гісторыя заснаваная на рэальных падзеях?

-- Гісторыя такая, што я ведаў, што ёсць такая справа, паколькі Лукашэнка пачаў прымаць удзел у выбарах [у Вярхоўны Савет СССР]. Але я магу Вас запэўніць у тым, што ніводзін пракурор ці міліцыянт на Магілёўшчыне не скажа, што я калі-небудзь у нейкую справу саваў свой нос. Я ведаю, што гэтая справа выносілася на разгляд Шклоўскага райсавета. Але я ніякім чынам не залазіў у гэтую справу. Былі сакратары райкамаў, якія ўносілі прапанову ўмяшацца і панудзіць пракурора пасадзіць Лукашэнку.

-- Падчас выбарчай кампаніі?

-- Так, і пасля выбарчай. Але паколькі я ніколі не ўмешваўся, я адмовіўся і ў гэтым выпадку - за ўсё адказвае пракурор.

-- Другая чутка - гэта Ваш удзел у прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнкі 1994 года, у прыватнасці тое, што Вы у Германіі дапамагалі друкаваць яго агітацыйныя плакаты.

-- Я не прымаў удзел і не збіраўся прымаць. Ніякага дачынення да гэтых плакатаў я не маю. Ведаю толькі, што пасля выбараў ніяк не маглі спаліць гэтыя плакаты - іх трэба было нішчыць, а яны не гарэлі. Гэта я ведаю ад удзельніка гэтага "пажару". Я ведаю таксама хто іх рабіў - фірма адна. Кіраўнік гэтай фірмы рабіў як на Лукашэнку, так і на Кебіча. Але хто -- гэта інфармацыя па-чалавечы канфідэнцыйная. Яе нельга друкаваць, бо я б парушыў давер людзей - я даў слова не казаць.

-- Як Вы лічыце, у гісторыі з Вашым арыштам, калі вы займалі пасаду міністра сельскай гаспадаркі, чаго было больш: нейкіх асабістых рахункаў з боку Лукашэнкі і ягонага атачэння, ці палітычных матываў? Да прыкладу, кажуць, што Лукашэнку не падабаліся Вашыя спробы рэфармаваць сельскую гаспадарку.

-- Я думаю, было і першае і другое. І трэцяе - гэта стан псіхічнага здароўя Лукашэнкі. Да гэтага мог дадумацца, прабачце, толькі хворы на галаву чалавек.

-- А ў Вашым прыходзе ў выбарчую кампанію пасля вызвалення з турмы чаго больш - асабістых ці палітычных матываў?

-- Зноў, і першае і другое. Я не лічу, што можна падстаўляць другую шчаку, як вучыў Леў Талстой. Я з гэтым не згодзен. І я не згодзен з тым, што хто старое памяне, таму вока вон, а лічу, што хто забудзе, таму абодва. Калі б у мяне не было палітычных матываў, я б мог помсціць інакш. Але на гэтай зямлі пахаваныя мае продкі, на гэтай зямлі жывуць мае дзеці. І я не збіраюся аддаваць гэтую зямлю "пахану".

-- А што Вы маеце на ўвазе, калі кажаце "помсціць інакш"?

-- Можна было б знайсці нейкі кампрамат -- я меў такую магчымасць. Я не маю на ўвазе помсціць фізічна. Я ўпэўнены, і мне многіх удалося пераканаць, што мы павінны клапаціцца аб тым, каб Лукашэнка жыў вельмі доўга. Урэшце, нейкія рэшткі сумлення там могуць быць. Хай ён бачыць, што ён нарабіў, і чуе ад сваіх людзей.

-- Як кіраўнік штаба Уладзіміра Ганчарыка, ці бачаце Вы, што каманды іншых прэтэндэнтаў пасля рашэння аб адзіным кандыдаце гатовыя працаваць на яго ў поўную сілу? Наколькі яны ўжо далучыліся да працы?

-- Я ведаю, што не ўсе са штаба Домаша яшчэ прыйшлі. Ад усіх астатніх прыйшлі, уключаючы і Марыніча і Ярашука. Так у цэнтры і на месцах таксама.

-- Але яшчэ не выключаны варыянт, што Ганчарык не будзе зарэгістраваны…

-- Ведаеце, у нас не выключаны любы варыянт, бо самазванец на пасадзе прэзідэнта. Калі Лукашэнка лічыць неабходным абараняць тых асоб, якія падазраюцца ў забойствах, то што можна выключаць? Могуць зарэгістраваць, але потым нешта зрабіць. Прадбачыць такія дзенні немагчыма.

-- Пытанне да Вас, як да кіраўніка штаба, ці гатовыя Вы ў выпадку нерэгістрацыі Ганчарыка, працаваць на Домаша?

-- Я ведаю, што ніякіх падстаў адмовіць Ганчарыку ў рэгістрацыі няма. Калі такое будзе, тады і разважаць будзем. Ёсць яшчэ суд, і калі ўжо "пяцёрка" вызначыла адзінага, дык адзіны і павінен ісці.

-- Якія ў Вас на сёння адносіны з арганізацыямі нацыянал-дэмакратычнага кірунку - такімі, як БНФ ці "Малады фронт" -- і ці разлічваеце Вы на іх падтрымку ў гэтай кампаніі? Бо да Вас і да Ганчарыка пэўна ж насцярожаныя адносіны, як да былых партыйных наменклатуршчыкаў.

-- У мяне з імі заўсёды былі добрыя адносіны. Зянон Пазняк выступаў у адзіным абкаме КПБ - Магілёўскім. Я, дарэчы, упэўнены, што калі б кампартыя дзейнічал тымі ж метадамі ў адносінах да апазіцыі, як Лукашэнка, ніякай дэмакратыі не было б. Бо Пазняк мог бы знікнуць так, як гэта, напрыклад адбылося з Захаранкам. Да таго ж, і ў кампартыі была унутраная апазіцыя.

-- Вы сябе лічылі часткай такой апазіцыі?

-- Я магу сказаць толькі адно - я заўжды рабіў тое, што мне дазваляла маё сумленне. Калі я не мог весці барацьбу, то я ніколі не прымаў удзел. Напрыклад, я не прымаў удзел у арганізацыі рэферэндума [1996 года]. Я працаваў у той час з Сямёнам Шарэцкім і меў ад яго даручэнні. І ў сельскай гаспадарцы я праводзіў палітыку насуперак таму, што дэклараваў Лукашэнка. Ішоў працэс рэфармавання і прыватызацыі ўласнасці. Не хутка, але ён ішоў. Я праводзіў палітыку насуперак яго бліжэйшым памочнікам, не даваў ім красці. Таму беларусы ў той час прадукты харчавання куплялі танней маскоўскіх і кіеўскіх працэнтаў на трыццаць. А цепер яго атачэнне ўсё раскрала, і прадукты сталі даражэй.

-- Вяртаючыся да ранейшага пытання - сёння Зянон Пазняк кажа, што ўсе кандыдаты "пяцёркі" самі па сабе някепскія людзі, але яны атрымоўваюць нейкую падтрымку Масквы, і пасля выбараў вымушаныя будуць за гэта расплочвацца.

-- Я лічу гэта памылкай Пазняка. Гэта яго галоўная памылка, памылка вельмі цяжкая для ўсёй Беларусі - вось гэтая істэрыя антыруская.

-- Але адкажыце, ці даеце Вы канкрэтныя абяцанні ў абмен на падтрымку нейкіх колаў у Маскве?

-- Я вёў перамовы і з Усходам і з Захадам. З кім, гэта ўжо іншая справа. І павінен Вам адказаць, што слова выконвае Ўсход, а Захад можа і не выконваць.

-- Ці можна гэта растлумачыць больш канкрэтна?

-- Не трэба. Яны ведаюць. Былі перамовы, былі канкрэтныя абяцанні, і яны не выкананы. Але людзі ў Маскве, з кім я дамаўляўся, выканалі свае абяцанні.

-- Але ўсё ж такі, ці даеце Вы ў абмен на падтрымку Масквы ўзаемныя абяцанні, напрыклад, датычна беларускай маёмасці?

-- Не, гэта глупства. Я і з Ганчарыкам размаўляў, і з іншымі людзьмі: трэба ўвесці адкрыты конкурс на кіраванне маёмасцю дзяржаўнай, яе прыватызацыю. Адкрыты для ўсіх. І там не мае значэння, ці гэта прыйдуць з Чукоткі, з Аляскі, з Амерыкі або з Германіі - хай укладваюць капітал, толькі каб не было карупцыі. А дамоўленасці, пра якія Вы казалі, наколькі я ведаю, ёсць у Лукашэнкі. Але тыя рускія таксама разважаюць: а калі Лукашэнка сыдзе, то наступны прэзідэнт будзе лічыць гэтыя здзелкі незаконнымі.

-- Кажуць, што у Вас добрыя кантакты з сённяшняй наменклатурай. Як Вы лічыце, наколькі гэтыя людзі гатовыя сабатаваць магчымы загад аб абавязковай перамозе Лукашэнкі ў першым туры выбараў?

-- На гэтае пытанне даў адказ Лукашэнка на сваёй нарадзе. Ён баіцца сваёй наменклатуры. Я не ведаю колькі працэнтаў, але ёсць шмат людзей, якія не пойдуць на злачынствы.

-- Тым не менш, як, на Вашую думку, будуць развівацца падзеі, калі раніцай пасля першага тура выбараў старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына абвесціць аб перамозе Лукашэнкі, а лічбы назіральнікаў будуць паказваць абсалютна іншае?

-- Я не магу прадбачыць, што будзе ў той дзень, але ведаю, што тады не пазней чым праз год Ярмошына будзе на тых самых "Канарах", дзе быў Лявонаў. [Маецца на ўвазе турма]. І я зраблю для гэтага ўсё магчымае.

-- То бок Вы лічыце, што ў выпадку фальсіфікацый Лукашэнка зможа пратрымацца максімум год?

-- Я ўвогуле лічу, што Лукашэнка не мае ніякага маральнага права удзельнічаць у гэтых выбарах. Лукашэнка заняў пазіцыю патурання тым людзям, якія падазраюцца ў злачынствах. І юрыдычна ён ужо двойчы пабыў прэзідэнтам. Ён купіў два талоны на трамвай, на іх праехаў, цяпер ён з прабітым талоным шчыміцца ў трэці раз.

-- Наколькі вялікія шанцы Ганчарыка перамагчы сёлета?

-- Вялікія. Я ўпэўнены, што на момант выбараў падтрымка Лукашэнкі насельніцтвам будзе не больш за 15-20 працэнтаў.

-- На чым заноўваецца такая ўпэўненасць? Згодна з нашымі апытаннямі, на сёння рэйтынг Лукашэнкі нават ў Мінску больш за 25 працэнтаў.

-- Таму што Лукашэнка пакрывае людзей, якія падазраюцца ў сур'ёзных злачынствах. Пакуль што пра гэта гаварылі лейтэнанты. Зараз загаварыў палкоўнік Алкаеў. Вымушаны будуць гаварыць і генералы.