Міхаіл ЧЫГІР: "У нашай пяцёрцы кожны мог бы прывесці краіну да вялікіх пазітыўных зменаў"
2001-07-19
Аўтар:
Інтэрв'ю БелаПАН з былым прэм'ер-міністрам і патэнцыйным кандыдатам на
пасаду прэзідэнта Беларусі.
— Міхаіл Мікалаевіч, як ідзе збор подпісаў за Вашае
вылучэнне кандыдатам ў прэзідэнты?
— Неабходная колькасць подпісаў ужо сабраная. 104 тысячы было сабрана
ўжо на мінулым тыдні. Працягваецца збор, працягваецца выбракоўка падазроных
подпісаў. Неабходная колькасць будзе перададзена ў Цэнтрвыбаркам.
— На сёння Вы маеце найбольшы рэйтынг сярод "пяцёркі" прэтэндэнтаў
на адзінага кандыдата ад апазіцыйнай кааліцыі, але па колькасці сабраных
подпісаў Вас значна абыходзяць Уладзімір Ганчарык і Сямён Домаш. Ці лічыце
Вы, што колькасць сабраных подпісаў павінна быць сярод асноўных крытэрыяў
для вызначэння адзінага кандыдата?
— Калі б колькасць сабраных подпісаў закладалася, як крытэрый вызначэння
адзінага, аб гэтым трэба было дагаварыцца перад пачаткам выбарчай кампаніі.
Мы не ставілі задачу сабраць як мага больш подпісаў, таму што больш подпісаў
- гэта і больш праблем. Пагоня за колькасцю можа прывесці да таго, што
будзе шмат забракаваных подпісаў. Таму мы ставілі задачу сабраць 120-130
тысяч, не болей, але гэта павінны быць правераныя, якасныя подпісы.
Асноўны крытэрый для вызначэння адзінага кандыдата - гэта шанец на перамогу.
Перамога патрэбная нам усім, таму калі выйграе адзін з нас, выйграем і
мы ўсе разам. Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца 21 ліпеня. Я думаю, што
мы вызначымся ці 21, ці 22 ліпеня.
— "Шанец на перамогу" гучыць даволі абстрактна. Ад чаго залежыць
гэты шанец?
— Ад таго якая каманда, якая падтрымка, якія абяцанкі звонку ёсць у падтрымку
таго ці другога кандыдата - гэта ўсё будзе абмяркоўвацца. У тым ліку і
колькасць сабраных подпісаў, але я думаю, што розніца ў колькасці сабраных
подпісаў у нас будзе невялікая.
— Якія Вашыя асабістыя якасці, якасці каманды ды іншыя фактары даюць
Вам перавагу перад астатнімі дэмакратычнымі кандыдатамі, а што з'яўляецца
недахопам?
— Перавагу мне дае тое, што сярод патэнцыяльных кандыдатаў ад апазіцыйнай
кааліцыі я самы вядомы для нашага насельніцтва. Я магу гаварыць аб тым,
што я зрабіў у 94-96 гадах, аб тых заробках, якія былі, калі я ўзначальваў
урад. Мінус - гэта тое тое, што ўладам удалося ачарніць мяне. Калі не
атрымалася са мной, яны арыштавалі майго сына, трымаюць яго нібыта за
ўгон аўтамабілю. Вядома ж, гэта няпраўда, але некаторыя людзі яшчэ пакуль,
на жаль, вераць.
На сённяшні дзень у мяне вышэйшы рэйтынг, але мы ўсё гэта будзем абмяркоўваць.
Я не стаўлю задачу, што "я і толькі я". Мы ўсё будзем улічваць,
і думаю, што мы дамовімся.
— Хто з магчымых кандыдатаў найбольш блізкі Вам па палітычных перакананнях?
І якія перспектывы супрацоўніцтва "пяцёркі" з іншымі прэтэндэнтамі,
напрыклад з [лідэрам аграпрамысловых прафсаюзаў] Аляксандрам Ярашуком?
— Мне блізкія ўсе, хто працуе супраць Лукашэнкі. Усе, хто супраць дзеючага
рэжыма, - гэта як бы мае сябры. Але я думаю, што у большасці кандыдатаў
акрамя пяцёркі будуць праблемы са зборам подпісаў. Хутка будзе вядома,
хто сабраў, а хто не сабраў.
Такія людзі, як Ярашук, якія маюць свой погляд на нашу эканоміку, перш
за ўсё на развіццё сельскай гаспадаркі (а мне імпануе яго погляд) павінны
прымаць удзел у кіраўніцтве краінай, як бы не развіваліся падзеі. Далей
будзе бачна, ці даць магчымасць яму выходзіць наперад, ці прыцягнуць яго
прыхільнікаў.
— Разам з іншымі прэтэндэнтамі з "пяцёркі" Вы зрабілі заяву
да партый і грамадскіх рухаў з заклікам не прымаць нейкіх рашэнняў наконт
адзінага кандыдата, бо вы дамовіцеся самі. Калі вы ўсё ж не дамовіцеся
21 ліпеня, ці маюць, на Вашую думку, партыі і рухі права самі вызначыцца
з кандыдатам?
— Я упэўнены, што мы здолеем дамовіцца.
— І усё ж такі, ці можна адказаць на гіпатэтычнае пытанне?
— Вядома ж без падтрымкі партый і рухаў перамога любога з апазіцыйных
кандыдатаў немагчыма. Не настолькі ў нас моцныя каманды. Толькі калі мы
аб'яднаем усе сілы - і партыі, і грамадскія арганізацыі - тады магчымая
перамога. Гэта зразумела любому з "пяцёркі". Калі дамовы не
адбудзецца, трэба будзе ісці на калегію выбаршчыкаў.
— Ці будзе імя адзінага кандыдата публічна абвешчана да рэгістрацыі?
— Мы павінны гэта зрабіць публічна, таму што ўсё грамадства чакае. Я асабіста
думаю інакш - я лічу, што асноўнага канкурэнта павінны быў бы вызначыць
першы тур. Тут ёсць шмат плюсоў - кожны з "пяцёркі" атрымаў
бы тэлеэфір, грошы на ўлёткі. Мы б захавалі свае каманды. А так мы створым
адзіную каманду, але ж яна будзе слабейшая за каманды "пяцёркі"
разам.
Але я пагаджаюся з большасцю, таму што большасць кажа, што так нельга.
Таму з майго боку не будзе праблем, і я думаю, што з боку іншых таксама
не будзе.
— Пасля вызначэння адзінага кандыдата, ці будуць рэгістравацца іншыя
прэтэндэнты з "пяцёркі"?
— Ёсць прапанова ісці ўсім на рэгістрацыю, бо адзінага кандыдата могуць
не зарэгістраваць. Лукашэнка прыдумаў гэты дэкрэт, якія дазваляе зняць
кандыдата, і ніхто не зможа юрыдычна даказаць, што нешта не так. Таму
што гэта на самой справе складаная працэдура - сабраць дэкларацыі ў блізкіх
родзічаў, каб ніхто не памыліўся і каб яны ўсё правільна запоўнілі. На
парламенцкіх выбарах здымалі кандыдатаў, у якіх была памылка ў дэкларацыі
ў 50 амерыканскіх цэнтаў. Таму я лічу, што "запасныя" абавязкова
павінны быць, тым больш, што ў нашай пяцёрцы кожны мог бы прывесці краіну
да вялікіх пазітыўных зменаў.
— Нават камуніст Калякін?
— Таксама. Таму што мы дамовіліся: хто б не прыйшоў - павінны быць выбары
новага парламента. Не трэба, каб прэзідэнт вырашаў ад пачатку да канца
ўсе пытанні, як сёння гэта адбываецца. Трэба аддаць асноўную частку пытанняў
ураду, трэба аддаць тое, што належыць парламенту. Прэзідэнт не павінен
быць такой уплывовай фігурай у нашым грамадстве, як сёння. Таму нават
калі пройдзе Калякін, будуць дэмакратычныя выбары ў парламент, і ва ўрад
будуць прызначаны людзі, якія могуць вывесці эканоміку з крызісу, і я
гэта таксама лічу добрым варыянтам.
— Як Вы расцэньваеце ўдзел у гэтай кампаніі Зянона Пазняка? Некаторыя
апытанні паказваюць, што частка з тых, хто падтрымлівае Пазняка, галасавалі
б у выпадку яго няўдзелу менавіта за Вас.
— Кожны мае права прыняць удзел у кампаніі. Я, дарэчы, сам падпісаўся
за вылучэнне Пазняка. Але я лічу, што шанцаў у Пазняка няма. Уладам удалося
зрабіць тое, што яны зрабілі ў дачыненні да Народнага фронту. Ведаеце,
гэта мужныя людзі, але сярод насельніцтва яны на сёння папулярнасці не
маюць. У Зянона Пазняка ёсць цвердыя прыхільнікі, але іх не столькі, колькі
патрэбна для перамогі. Вядома ж, гэтыя людзі адыдуць ад іншых дэмакратычных
кандыдатаў. І вядома ж, сярод прыхільнікаў Пазняка няма ніводнага прыхільніка
Лукашэнкі - гэта паказваюць сацыялагічныя апытанні. Але я думаю, што ў
любым выпадку будзе другі тур, і ў другім туры ўсе галасы пяройдуць да
аднаго з дэмакратычных кандыдатаў, які пройдзе ў другі тур.
— Вы ўпэўненыя, што будзе другі тур?
— Так, бо ў гэтых выбарах прыме ўдзел шмат прэтэндэнтаў. Калі аб'яднаецца
пяцёрка, усё роўна можа прыняць удзел Пазняк, можа прыняць удзел Марыніч,
можа Сініцын, Гайдукевіч. Яны расцягнуць галасы, таму я лічу, што непазбежна
будзе другі тур.
— А ці рыхтуецца Вашая каманда да варыянту, калі будзе абвешчана аб
перамозе Лукашэнкі ў першым туры?
— Вядома ж. Сёння відаць, што Лукашэнка рыхтуецца да фальсіфікацый. Ён
не даў магчымасці прадстаўнікам дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый
прыняць удзел у працы выбарчых камісій. Ён не дае сваім апанентам доступу
да электронных СМІ. Выбарчая кампанія праводзіцца недэмакратычна, і ёсць
упэўненасць, што так будзе адбывацца і далей. Мы павінныя зафіксаваць
усе парушэнні, што будуць адбывацца ў працэсе выбараў. У выпадку фальсіфікацый
мы павінны заклікаць міжнародную супольнасць і нашых грамадзян не прызнаваць
гэтыя выбары і настойваць на правядзенні другіх прэзідэнцкіх выбараў.
Але гэта крайні выпадак.