Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Персоны

Сямён ДОМАШ: "Беларусь павінна стаць своеасаблівым мастом паміж Захадам і Расіяй".


2001-07-06

Аўтар:

У перадвыбарнай штаб-кватэры Сямёна Домаша - аднаго з верагодных кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў дзяржаве - вісіць лозунг: "Дом наш - Беларусь!". Лёгка чытаецца як "Домаш - Беларусь!". Своеасаблівая гульня слоў раскрывае ідэю выбарчай работы прыхільнікаў Сямёна Домаша.



- Сямён Мікалаевіч, да апошняга часу Вас ведалі, як рэгіянальнага лідэра. Пакуль што ў іншых абласцях насельніцтва ведае Вас не вельмі добра. На які сацыяльны пласт выбаршчыкаў Вы разлічваеце?

- Пакуль што ўсіх прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта ў нашай краіне мала ведаюць, перш за ўсё таму, што манапалізаваныя сродкі масавай інфармацыі праводзяць мэтанакіраваную палітыку замоўчвання нашай дзейнасці і нашых пазіцый. Мы не маем магчымасці праз цэнтральныя СМІ заяўляць свае погляды ці падыходы да вырашэння дзяржаўных праблем, і наогул не маем магчымасці прадставіць сябе насельніцтву. Таму на самой справе такая праблема ў нас існуе. Сёння я разлічваю ў першую чаргу на наш рух "Рэгіянальная Беларусь" - тыя арганізацыі, якія прадстаўляюць амаль што ўсе рэгіёны Беларусі. А калі сказаць дакладна, то ў 99 раёнах са 118 у нас ёсць структуры, з якімі шчыльна супрацоўнічаем і якія мяне добра ведаюць. Амаль штодзень ў тых ці іншых сродках масавай інфармацыі на месцах друкуюцца матэрыялы з тлумачэннямі нашых падыходаў да вырашэння дзяржаўных праблем, людзі знаёмяцца з патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты Сямёнам Домашам.

Другі накірунак, на сённяшні дзень, бадай, галоўны - збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты. Гэта таксама, нейкім чынам, прадстаўленне нас і нашых пазіцый. Сябры ініцыятыўнай групы прыходзяць да людзей і расказваюць пра прэтэндэнта ў кандыдаты. Я разлічваю, што гэта пашырыць вядомасць прозвішча Домаш. У склад маёй ініцыятыўнай групы уваходзяць 3 тысячы 695 чалавек, а ўсіх жадаючых працаваць з намі было больш за 6 тысяч. Але мы прынцыпова вырашылі, што ў нашу ініцыятыўную групу будуць уваходзіць толькі тыя сябры, якія збіраюць подпісы за маю кандыдатуру. Наогул я разлічваю на моцную падтрымку моладзі. У нас ёсць распрацаваная праграма, у якой мы выкарыстоўваем мерапрыемствы, што прыцягваюць наш узаемны інтарэс: мой - да моладзі і моладзі - да мяне. Таксама разлічваю на людзей сярэдняга ўзросту. Мяркую, калі яны пазнаёмяцца з маёй біяграфіяй, поглядамі, практычнай дзейнасцю на тых пасадах, якія я займаў, калі працаваў ва ўладных структурах, я набяру і сярод гэтай катэгорыі насельніцтва дастаткова галасоў. Я ўпэўнены, што сярод маіх прыхільнікаў абавязкова будзе многа жанчын, таму што ў маёй перадвыбарнай праграме мы будзем прапаноўваць новыя і сучасныя падыходы да вырашэння праблем сям'і і выхавання моладзі.

- Ці гатовы вы аддаць першынство ў прэзідэнцкай гонцы камусьці іншаму з "пяцёркі" прэтэндэнтаў і ў якім выпадку?

- Днямі адбылася сустрэча нашай "пяцёркі" прэтэндэнтаў, дзе мы прынялі рашэнне, што ў бліжэйшы час, магчыма, на працягу аднаго-двух тыдняў, мы назавем паміж сабой прозвішча лідэра, на якога будзем разам працаваць. Мой падыход у гэтай сітуацыі такі: мы зробім стаўку на таго, у каго больш будзе прыхільнікаў падчас збору подпісаў і больш моцная пазіцыя. Такім чынам, будзе бачна, у каго з нас больш шанцаў. У такіх умовах я буду гатовы прыняць рашэнне на карысць таго чалавека, які будзе мець больш верагоднасці да перамогі.

- Як вы ацэньваеце прававыя ўмовы сённяшняй прэзідэнцкай кампаніі? Як вы ставіцеся да прэзідэнцкага дэкрэта № 20 аб дэкларацыі даходаў прэтэндэнтаў і іх сваякоў?

- Пакуль што ўсё, што робіцца, робіцца супрацьзаконна. Ствараюцца штучныя перашкоды, каб адрэзаць шлях як мага большай колькасці прэтэндэнтаў для ўдзелу ў выбарах. Што тычыцца дэкрэта прэзідэнта № 20 аб дэкларацыях - гэта наогул супрацьзаконнае дзеянне, таму што патрабаваць прадстаўлення дэкларацыі можна толькі ад таго, хто канкрэтна ўдзельнічае ў гэтай кампаніі. А патрабаваць дэкларацыі ад сваякоў і нават ад бабак - я лічу, што гэта не толькі супрацьзаконна, гэта - амаральна. На мой погляд, згодна з заканадаўствам, калі ўжо абвешчана выбарчая кампанія, то "правілы гульні" не павінны мяняцца, а ў заканадаўства нельга ўносіць ніякіх змяненняў. Сёння мы ведаем, што ёсць заканадаўчы акт, прыняты ў 1997 годзе, аб прадастаўленні дэкларацыі аб даходах і маёмасці. Усе павінны кіравацца толькі тымі заканадаўчымі актамі, а гэты дэкрэт прэзідэнта - не толькі парушэнне Канстытуцыі, а нават і правоў чалавека. Я падтрымліваю думку, што Аляксандр Лукашэнка сёння, у перадвыбарны перыяд, з'яўляецца такім жа прэтэндэнтам, як і мы, і не павінен уладкоўваць для сябе асаблівыя ўмовы. Гэта яўнае злоўжыванне ўладай на карысць сябе. Ён не мае права дыктаваць нейкія ўмовы. Для гэтага ёсць Цэнтральная выбарчая камісія.

- Ці дапускаеце вы магчымасць фальсіфікацыі вынікаў галасавання з боку "вертыкальных" структур?

- Сёння мы перакананы, што ўлада рыхтуе сваіх чыноўнікаў для фальсіфікацыі выбараў. Усе дзеянні ўлады гэта пацвярджаюць. Я думаю, што пэўная колькасць чыноўнікаў будуць у гэтым удзельнічаць. Шкада, але гэта будзе так. Але я спадзяюся, што ў структурах улады шмат людзей вельмі прыстойных, і галоўнае, каб яны не здрадзілі свайму сумеленню, каб служылі закону, а не чалавеку, які знаходзіцца ў прэзідэнцкім крэсле. Спадзяюся, што большасць такіх людзей не пойдзе на фальсіфікацыю і не будзе спрыяць яе ажыццяўленню. Мы будзем па магчымасці шукаць з імі кантактаў, гаварыць аб адказнасці за парушэнне законаў, адзначаць, што ўдзел у фальсіфікацыі - гэта дзяржаўнае злачынства.

- Якія прыярытэты вы бачыце ў міжнародных адносінах Беларусі з Расіяй і краінамі Захаду?

- Мая думка на гэты конт такая: у нас павінна быць самае шчыльнае супрацоўніцтва з Расіяй. Дарэчы, такія ж адносіны павінны быць у Беларусі з усімі краінамі, якія з'яўляюцца нашымі суседзямі. Я з'яўляюся прыхільнікам таго, што ўся тая інтэграцыя, якой мы дамагаемся з Расіяй, павінна пераносіцца і на Украіну. Гэта наша бліжэйшая суседка не толькі геграфічна, але і гістарычна. Так склалася, што нашы народы на самой справе заўсёды былі разам. Я лічу, што нашы адносіны павінны будавацца ў вельмі цесным супрацоўніцтве з Расіяй, Украінай і іншымі еўрапейскімі краінамі. Увогуле Беларусь павінна стаць своеасаблівым мастом паміж Захадам і Расіяй.

- Вашае меркаванне, Сямён Мікалаевіч, аб так званай "шокавай тэрапіі" у эканамічнай рэформе?

- Я лічу, што такі прыём магчымы, але ў тым разе, калі атрымаецца згода і падтрымка ўсяго насельніцтва. Нельга гэтага рабіць знянацку, таму што можна дыскрэдытаваць эканамічную рэформу, як атрымалася ў некаторых нашых суседзяў. Калі ж такой падтрымкі не будзе, гэта не значыць, што трэба таптацца на месцы. Эканамічныя рэформы патрэбны, але праводзіць іх трэба паступова і эфектыўна.