Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Персоны

Зянон ПАЗНЯК: "Чалавек, які на прэзыдэнцкіх выбарах будзе змагацца з Лукашэнкам і адначасна выступаць за "інтэграцыю" з Расеяй, ня ёсьць аль


2001-06-26

Аўтар:



- Якая асноўная мэта Вашага ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі?

-- Мэта такая: прадстаўляць Беларусь і беларускі народ на выбарах у той час, калі яго ў чарговы раз хочуць ашукаць. Калі на гэты раз беларускае грамадзтва зразумее, што зь ім хочуць зрабіць прамаскоўскія "дабрадзеі", -- мая перамога (прынамсі, палітычная) забясьпечана.

Тут мушу таксама зрабіць адно агульнае растлумачэньне.

Пазыцыі палітыкаў у беларускіх выбарах (падкрэсьліваю, у выбарах) вызначаюцца не па дачыненьнях да Лукашэнкі, а па дачыненьнях да "інтэграцыі" ("саюзу") з Расеяй. Трэба разумець, што ў дачыненьнях да Лукашэнкі вырашаецца лёс прэзыдэнцкай улады. У дачыненьнях да "інтэграцыі" з Расеяй вырашаецца лёс беларускай нацыі. Таму чалавек, які на прэзыдэнцкіх выбарах будзе змагацца з Лукашэнкам і адначасна выступаць за "інтэграцыю" з Расеяй, ня ёсьць альтэрнатывай Лукашэнкі, а толькі апанэнт-дублёр маскоўскай нэакаляніяльнай палітыкі.

Цяпер пра спэцыфіку выбараў прэзыдэнта. Людзі, што супраць Лукашэнкі і за "інтэграцыю" з Расеяй, былі нашымі саюзьнікамі ў палітычнай барацьбе з рэжымам (бо ў барацьбе не існавала выбару). На прэзыдэнцкіх выбарах гэтыя людзі ў якасьці кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі ўжо ня ёсьць і ня могуць быць нашымі саюзьнікамі. Гэта нашыя палітычныя праціўнікі, зь якімі мы змагаемся за лёс Беларусі. Гэта ёсьць закон палітыкі. Выбар адбываецца па вышэйшай неабходнасьці.

Тыя, хто гэтага не разумеюць, дзейнічаюць, як тыя пуэртарыканцы на выбарах у ЗША, якія галасавалі адначасна і за Буша, і за Гора, каб нікога ня скрыўдзіць і засьведчыць павагу важным асобам.

Cітуацыя перад выбарамі (якія, па ўсім відаць, улады рыхтуюцца сфальсіфікаваць) складваецца такая, што акрамя Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ, практычна, усе палітычныя прэтэндэнты, якія ёсьць (выпадковых асобаў ня ўлічваем), засьведчылі сваю гатовасьць супрацоўнічаць з Масквой. У гэтай сувязі тое, як яны сябе называюць ("незалежнымі кандыдатамі", "дэмакратамі" ці "апазыцыянерамі"), -- ня мае значэньня. Яны ня ёсьць прыхільнікамі Беларусі і ня будуць змагацца за беларускі народ.

Усе, хто быццам бы спаборнічаюць супраць Лукашэнкі на прамаскоўскім баку, -- гэта адна група з Лукашэнкам, адна масьць. Яны супернічаюць між сабой за пасаду беларускага прэзыдэнта і шукаюць падтрымкі ў былога калянізатара нашай краіны -- у вялікадзяржаўнай Маскве. Але ніхто зь іх не змагаецца з калянізатарам за лёс, шчасьце і незалежнасьць Беларусі.

На супроцьлеглым (беларускім) баку -- толькі Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух (з Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй -- БНФ на чале) і ягоны адзіны прэтэндэнт.

- Як Вы ацэньваеце свае шанцы на перамогу?

-- Па выбарчай сітуацыі -- добра. Па палітычным становішчы -- усё будзе залежыць ад вынікаў палітычнага змаганьня.

- Ці выказалі ўлады намер даць Вам гарантыі бяспекі ў выпадку Вашага вяртання на Беларусь і спыніць супраць Вас крымінальную справу?

-- Не, ня выказалі. Пакуль што ідзе змаганьне і пісаньне, з нашага боку, папераў у пракуратуру і ў памежныя службы.

- Ці ёсць сярод іншых патэнцыйных кандыдатаў нехта, з кім Вы маглі б аб'яднаць намаганні? У прыватнасці, як Вы ставіцеся да ўдзелу ў кампаніі Сяргея Антончыка?

-- Я не хацеў бы абмяркоўваць прозьвішчы і асобы прэтэндэнтаў. Пры ўмове рэгістрацыі кандыдатураў, я не выключаю размовы зь некаторымі кандыдатамі.

- Хто з кандыдатаў, на Вашую думку, мае шанцы на перамогу?

-- Маюць шансы два прадстаўнікі: той, хто будзе змагацца за Беларускі Народ і каго падтрымае Народ. І той, хто здолее ашукаць народ і сфальсіфікаваць выбары ў сваю карысьць. Але гэтая "перамога" абернецца для яго палітычнай паразай.

- Ці будзе Кансерватыўна-хрысціянская партыя - БНФ ўдзельнічаць у назіранні за выбарамі? Калі так, ці будуць яе актывісты каардынаваць намаганні з іншымі партыямі, рухамі ці няўрадавымі арганізацыямі?

-- Будуць ўдзельнічаць і Партыя, і Фронт. Каардынацыі не выключаю. Але мы маем самастойную задачу свайго кантролю за галасаваньнем, паколькі назіральнікі ад большасьці "дэмпартыяў" і так званай "аб'яднанай апазыцыі" падтрымліваюць нашых палітычных праціўнікаў на выбарах. Мы ня можам поўнасьцю такім кантралёрам давяраць.

Другі аспэкт, які нас непакоіць, -- гэта нямецкая дыпляматычная палітыка ў міжнародных арганізацыях, якой на Беларусі кіруе Ганс-Георг Вік.

Аналіз яго дзейнасьці паказвае, што пэўныя колы на Захадзе (якія маюць інтарэсы з Масквой) будуць гатовыя заплюшчыць вочы на парушэньні выбарчага заканадаўства і прызнаць любыя выбары на Беларусі, абы толькі легітымізаваць беларускую ўладу і скончыць зь "беларускім пытаньнем".

Ганс Вік мае ўплыў на кантралёраў ад "апазыцыі" і "недзяржаўных арганізацыяў". Гэта нас насьцярожвае.

Нагадаю, што Ганс Вік аб'яўлены ў Беларускім Нацыянальна-Вызвольным Руху пэрсонай нон-грата за антыбеларускую дзейнасьць. Мы лічым, што для аздараўленьня сітуацыі на прэзыдэнцкіх выбарах першае, што трэба зрабіць, -- выдаліць зь Беларусі Віка.

- Як Вы ацэньваеце постаці Уладзіміра Ганчарыка, Сямёна Домаша і Міхаіла Марыніча?

-- Ніяк. Гэта вырабленая савецкая каляніяльная намэнклятура. Уваходзіць у прамаскоўскую групу прэтэндэнтаў.

- Якое Вашае стаўленне да руху "За новую Беларусь" на чале з Васілём Лявонавым?

-- Ніякае. Была дэклярацыя. Руху няма. Група савецкай прамаскоўскай намэнклятуры засьведчыла, што не падтрымлівае Лукашэнку і гатовая падтрымаць іншага. Сабралі подпісы пад дэклярацыяй. Астатняе -- словы.

- Чым, на Вашую думку, абумоўлена вылучэнне такіх кандыдатаў, як Наталля Машэрава і Леанід Сініцын?

-- Гэтыя прэтэндэнты нічым не вылучаюцца сярод іншых лукашэнкаўска-апазыцыйных прэтэндэнтаў. Для Масквы яны ўсе "свае".

- Як вы ацэньваеце пазіцыю Злучаных Штатаў і краін Еўропы ў дачыненні да сёлетніх выбараў у Беларусі?

-- Я паважаю палітыкаў і палітыку ЗША. Гэта высокі ўзровень.

Адначасна я з разуменьнем адношуся да эўрапейскай палітыкі і бачу для Беларусі пэрспэктывы супрацоўніцтва і з Амэрыкай, і з Эўропай.

24 чэрвеня 2001 г.
Менск-Варшава