Аляксандр ЛУКАШЭНКА: "ВАМ, БЕЛАРУСЫ, ЗА СВАЙГО ПРЭЗІДЭНТА СОРАМНА НІКОЛІ НЕ БУДЗЕ" ("Звязда")
Аўтар: Аўтар: Сяргей Каралевіч
Учора Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для нацыянальных і замежных сродкаў масавай інфармацыі, на якой таксама прысутнічалі назіральнікі за выбарамі, прадстаўнікі грамадскасці. Ацэньваючы вынікі сваёй перакакаўчай перамогі, кіраўнік дзяржавы зазначыў, што яна з'яўляецца найбуйнейшым дасягненнем і залогам стабільнасці ў дзяржаве.
А.Лукашэнка падзякаваў за падтрымку выбаршчыкам, адзначыўшы пры гэтым, што перамога атрымалася "элегантнай": "Вы не будзеце шкадаваць аб сваім выбары. Я зраблю ўсё для таго, каб увасабляліся ў жыццё надзеі і спадзяванні нашай краіны. Усе намаганні ўлады будуць і ў далейшым накіраваны на дабрабыт чалавека, на росквіт нашай краіны". Высокую яўку выбаршчыкаў ён пракаменціраваў рэакцыяй народа на тое, што на вынікі выбараў спрабавалі аказаць уплыў з-за межаў краіны. У той жа час ён назваў Беларусь першай краінай, дзе выкарыстанне "брудных" тэхналогій пацярпела крушэнне.
Асобна А. Лукашэнка звярнуўся да тых выбаршчыкаў, якія галасавалі на выбарах за яго апанентаў або супраць усіх. Па яго словах, не трэба перабольшваць значэнне палітычнай барацьбы. Спачатку трэба дакладна ўзважыць свае пазіцыі, перш чым рабіць нейкія высновы аб сваім далейшым лёсе: "Галоўнае - не ўласныя амбіцыі, а лёс народа. Трэба ўмець прайграваць па-мужчынску". Неабходнасць нармалізацыі грамадскага жыцця вынікае, на думку А.Лукашэнкі, з тых умоў, у якіх праходзілі прэзідэнцкія выбары: "Нават сляпы не можа не бачыць таго станоўчага, што адбывалася на нашых выбарах".
Сваю далейшую працу А. Лукашэнка збіраецца працягнуць, кансалідуючы грамадства. Беларусь, па яго словах, чакае не менш адказны гістарычны перыяд, чым раней. Цяпер настаў час зрабіць штуршок да далейшага развіцця эканамічнай, сацыяльнай сферы, актывізацыі знешніх сувязяў. Пры гэтым пераўтварэнні, якія адбудуцца, не павінны насіць разбуральнага характару. Так, напрыклад, лібералізацыя ў эканоміцы (спрашчэнне рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання, змяншэнне спіса ліцэнзуемых відаў дзейнасці і інш.) не гаворыць аб тым, што дзяржава цалкам адыдзе ад дзяржаўнага рэгулявання ёй. Тое ж самае датычыцца і развіцця палітычнай сістэмы краіны: нягледзячы на намаганні па яе дэмакратызацыі, карэннай яе ломкі не будзе. Пэўных намаганняў патрабуе і актывізацыя знешняй палітыкі. Хаця прыярытэты застаюцца нязменнымі (асноўны - саюзніцкія адносіны з Расіяй, цеснае супрацоўніцтва ў першую чаргу з краінамі СНД, а таксама з Кітаем і Індыяй), Беларусь, на думку кіраўніка дзяржавы, мае рэальны шанц наладзіць сяброўскія адносіны з краінамі Еўропы і ЗША. Ва ўсякім разе, ён да пачатку дыялога гатовы, прычым для гэтага не абавязкова павінны спачатку вылучацца нейкія папярэднія ўмовы.
Пазней, каменціруючы магчымыя ўступкі на шляху ўсталявання ўзаемаадносінаў, А.Лукашэнка заявіў, што спачатку трэба пачаць дыялог, а ўжо потым абмяркоўваць узнікшыя пытанні, тым больш што яны могуць быць самымі рознымі - ад бяспекі да эканамічнага супрацоўніцтва. Па словах кіраўніка дзяржавы, сваім стаўленнем да пытання правядзення выбараў краіны Захаду самі загналі сябе ў кут, таму пасля выбараў ім самім прыйдзецца ісці на кампраміс. Больш таго, А.Лукашэнка паабяцаў, што ўжо праз 1-1,5 года такі дыялог пачнецца, і гутарка паміж краінамі будзе ісці ва ўмовах разумення таго, што ўсе мы разам жывём у агульным доме, назва якога - Еўропа. Прыкметай наладжваемага дыялогу А. Лукашэнка назваў віншаванне ад прэзідэнта Грузіі Э.Шэварнадзе, які мае ўплыў у міжнародных арганізацыях.
А.Лукашэнка пракаменціраваў таксама стаўленне АБСЕ да вынікаў выбараў. Па яго словах, тыя парушэнні, пра якія заявіла гэтая арганізацыя, на самай справе звычайныя "шурпатасці, якія не паўплывалі на вынікі выбараў". Для прыкладу, ён сказаў, што калі вынікі датэрміновага галасавання (вялася гаворка, што падчас яго фальсіфікацыі найбольш верагодныя) адняць ад колькасці прагаласаваўшых за яго на выбарах і дадаць іх да вынікаў галасавання яго бліжэйшага канкурэнта У. Ганчарыка, то нават тады пераможца на выбарах йе зменіцца. Дарэчы, неабходнасці ў далейшай прысутнасці ў Беларусі КНГ АБСЕ А. Лукашэнка не бачыць. Па яго словах, яна ўжо цалкам выканала сваё прызначэнне.
Як заявіў А. Лукашэнка, выбары ўжо завяршыліся і сталі гісторыяй. Таму цяпер час думаць пра заўтрашні дзень. А. Лукашэнка заявіў, што ён з'яўляецца прыхільнікам цывілізацыйнага развіцця грамадства. Гэта правіла будзе выкарыстоўвацца ім і ў далейшай кадравай палітыцы, праблема якой звычайна ўзнікае пасля правядзення выбараў. Зразумела, ён не сказаў, што склад урада пасля адстаўкі (як таго патрабуе заканадаўства), застанецца ранейшым. Але гэта будуць паступовыя змяненні. Крыху раней можна чакаць змен у кадрах адміністрацыі і іншых падначаленых яму ведамствах. Аднак і тут не трэба чакаць сенсацый.
Гэтыя прэзідэнцкія выбары толькі што завяршыліся, а ўжо ўзнікаюць думкі аб наступных прэзідэнцкіх выбарах. На пытанне, ці можа знайсціся падстава для ўдзелу А. Лукашэнкі і ў наступных выбарах у якасці кандыдата, ён адказаў даволі загадкава: "Няма нічога немагчымага".