Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Маніторынг

КОЖНАМУ НАЗІРАЛЬНІКУ - ПА КДБЭШНІКУ ("Наша свабода")

Аўтар: Аўтар: Расціслаў Пермякоў

Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі распрацавала план па шчыльным клопаце за замежнымі назіральнікамі, якія 9 верасня будуць інспектаваць выбарчыя ўчасткі. Паводле дакумента пад назвай "План забеспячэння знаходжання замежных (міжнародных) назіральнікаў у Беларусі", вакол кожнага з некалькіх соцень замежных прадстаўнікоў злучыцца кола гасціннасці беларускіх чыноўнікаў, міліцыі і КДБ.

Копія "Плана" з візамі віцэ-прэм'ера, міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова і першага намесніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Замяталіна трапіла ў прэс-цэнтр "Хартыі'97".

Маштабы гасціннасці беларускіх уладаў сапраўды ўражваюць. Назіральнікам дапамогуць набыць квіткі на прыезд у Беларусь, выдадуць бясплатныя візы, сустрэнуць (і потым праводзяць) на вакзале/у аэрапорце, правядуць праз памежныя і мытныя пасты, забяспечаць кожнага назіральніка аўтамабільным транспартам на ўвесь час знаходжання ў Беларусі, арганізуюць размяшчэнне ў гатэлях, будзе наладжанае харчаванне замежных назіральнікаў, ім падрыхтуюць культурную праграму...

Але самае галоўнае - усе выдаткі, якія панясуць міжнародныя назіральнікі, будуць аплачвацца з беларускага бюджэту. Нашы ўлады збіраюцца аплачваць транспартныя выдаткі, пражыванне, харчаванне, культурную праграму, медычнае абслугоўванне "і інш."

Два дзесяткі міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку - МУС, КДБ і Пракуратура Беларусі, ужо стварылі рабочыя групы і аператыўныя штабы па працы з назіральнікамі.

З удзелам МЗС, выканкамаў і міністэрства культуры была распрацаваная праграма знаходжання назіральнікаў у Беларусі як калектыўных, так і індывідуальных. Цэнтрвыбаркам і МЗС ужо размеркавалі назіральнікаў па выбарчых участках у адпаведнасці з сваімі планамі.

Кожны асобны назіральнік або група атрымаюць свайго "гіда-перакладчыка" або "асобу, якая суправаджае". Кожны такі "гід" атрымае ў прэзідэнцкім упраўленні справамі па мабільным тэлефоне. Залішне казаць, дарэчы, што традыцыя прыстаўляць КДБшных шпіёнаў да непажаданых замежнікаў застаецца ў Беларусі актуальнай з савецкіх часоў.

Усім назіральнікам раздадуць інфармацыйныя матэрыялы па "унутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі і асноўных накірунках яе знешняй палітыкі, па выбарчым заканадаўстве, даведачныя матэрыялы". Улічваючы, што займацца распаўсюджаннем гэтай інфармацыі будуць Упраўленне справамі прэзідэнцкай адміністрацыі, Інстытут сацыяльна-палітычных даследаванняў пры прэзідэнце і Цэнтрвыбаркам, можна смела сказаць ужо цяпер, што пад выглядам аб'ектыўных статыстычных звестак замежным назіральнікам падсунуць непрыхаваную прапаганду цяперашняга беларускага кіраўніка.

Як бачым, пасля "палітыкі пугі" - калі А.Лукашэнка ледзьве не з валідолам пад языком палохаў грамадскасць "назіральнікамі-тэрарыстамі" са стрэльбамі пад ложкам - надышоў час "палітыкі перніка". Праўда, гэты пернік больш нагадвае адначасовую спробу подкупу незалежнага назіральніцкага корпуса - разам са спробай паставіць кожнага назіральніка пад кантроль.

"Ніякіх нечаканасцяў не мусіць быць", - відаць, мяркуюць у лукашэнкаўскай адміністрацыі. Замежнікам, як заўсёды, пакажуць "глянцавую карцінку" - у той час, як на астатніх участках, па якіх, чамусьці, не размяркуюць назіральнікаў, усё будзе гатова да фальсіфікацыяў.

Адзінае выйсце для назіральнікаў - не паддавацца на бачную гасціннасць беларускіх уладаў і выконваць сваю праграму. Любую спробу "паслужлівай дапамогі" расцэньваць як спробу аказання ціску і арганізацыі перашкодаў назіральнаму працэсу.