СВАБОДА, ДАБРО, СПРАВЯДЛІВАСЦЬ ("Наша свабода")
2001-09-03
Аўтар: Аўтар: Рыгор Буян
Праз усе выступленні - і Уладзіміра Ганчарыка, і
ягоных давераных асобаў - чырвонай ніткай праходзіў заклік прыйсці на
ўчасткі для галасавання і аддаць свой голас за адзінага кандыдата непасрэдна
9 верасня. Датэрміновае галасаванне, якое ўлады арганізуюць з 4 верасня,
дае бязмежную прастору для фальсіфікацыяў. Ёсць усе шанцы перамагчы, але
дзеля перамогі трэба прагаласаваць у дзень выбараў, 9 верасня.
Выступ Уладзіміра Ганчарыка вельмі прыязна ўспрыняты прысутнымі, якія
часта скандзіравалі "Ганчарык! Ганчарык!". Кандыдат уразіў цудоўным валоданнем
як беларускай, так і рускай мовай - гэты факт таксама станоўча ўспрыняты
мінчукамі. Адзіны кандыдат расказаў мінчукам пра найбольш прынцыповыя
палажэнні сваёй перадвыбарнай платформы і адказаў на шматлікія пытанні
ўдзельнікаў сустрэчы. Вось некаторыя выказванні па найбольш балючых праблемах,
закранутых Уладзімірам Ганчарыкам.
Пра міліцыю. "Міліцыя ў нас будзе. Але будзе міліцыя, якая будзе паважаць
закон, міліцыя, сама абароненая законам; але не ЗУБРанят будзе разганяць,
не лістоўкі здзіраць - яна будзе абараняць грамадзянаў, іх кватэры, іх
дачы, іх машыны і змагацца з бандытамі - гэта намнога цяжэй, чым разганяць
пікеты і мітынгі. Гэтага не будзе".
Пра знешнюю палітыку. "Мы зробім усё, каб у нас было больш сяброў, а не
ворагаў - як на Захадзе, так і на Усходзе. І мы зробім тое, што запісанае
ў Канстытуцыі 1994 года і цяперашняй Канстытуцыі, мы не адступім ні на
ёту ад запісанага: Беларусь - незалежная дзяржава - яна такою і будзе,
запісана, што Беларусь - дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава -
так і будзе".
Пра сапраўднасць дакументаў па знікненні палітычных апанентаў рэжыму.
"Гэтая трагедыя звязаная з тым, што не проста зніклі людзі - зніклі вядомыя
палітыкі, грамадскія дзеячы. Гэта Захаранка, гэта Ганчар, Красоўскі, многа
няяснага з Завадскім, смерцю Майсені і Карпенкі. Многа пытанняў ёсць яшчэ
да ўлады. Я вельмі хацеў бы памыліцца… Я зрабіў усё, што мог бы любы чалавек
на маім месцы. Гэта сапраўдныя матэрыялы… Што ёсць рапарт Лапаціка - прызнаў
ужо міністр унутраных справаў Навумаў; Алкаеў (начальнік СІЗА №1. - Р.Б.)
пацвердзіў сваю інфармацыю - з ім была тэлефонная размова. Ёсць запіс
інтэрв'ю здымачнай групе ГРТ Паўла Шарамета. На жаль, гэты запіс пасля
асабістага ўмяшальніцтва Лукашэнкі тэлебачанне не паказала - яго паказваюць
на Захадзе. Ёсць арыгінал журнала, па якім выдаваўся гэты расстрэльны
пісталет. У гэтых матэрыялах названыя імёны: былога дзяржаўнага сакратара
Савета бяспекі Шэймана, які аддаваў загады па захопе гэтых людзей, тых,
хто садзейнічаў гэтаму - былога міністра ўнутраных справаў Сівакова -
а гэта людзі, якія працавалі непасрэдна пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, -
і выканаўцы гэтага злачынства - Паўлічэнкі. Я прапаноўваў, я прасіў, патрабаваў
і дагэтуль патрабую - спадзяюся, што і вы
падтрымліваеце гэтае патрабаванне: улада павінна правесці, прычым пажадана
да 9 верасня, расследаванне гэтых злачынстваў. А не капаць ямы там, дзе
- ведаюць - няма зніклых людзей. З'яўляюцца новыя сведкі, факты… Гэта
я не магу расцаніць інакш, як уладзе ёсць што хаваць. Улада - злачынная".
Пра адказнасць за фальсіфікацыі. "Я хачу папярэдзіць тых, хто збіраецца
фальсіфікаваць выбары. Вам прыйдзецца адказваць па законе - а гэта да
5 гадоў зняволення. І тут ні ў кога не дрогне рука, каб падпісаць такое
рашэнне (я маю на ўвазе суддзяў) - вы павінны ведаць, што іх таксама будзе
выбіраць народ, а не прызначаць".
Пра прыватную ўласнасць на зямлю. "У нас і сёння часткова існуе прыватная
ўласнасць на зямлю, і мы зробім усё, каб чалавек, які б хацеў працаваць,
а галоўнае - умеў, мог ці ўзяць у арэнду, ці купіць зямлю. Але я не магу
і не буду гарантаваць - усё будзе рабіцца ў рамках закона, і, канечне,
абыякавага продажу зямлі не будзе".
Пра палітычных вязняў. "Усім рэпрэсіраваным па палітычных матывах мы адновім
добрае імя і іхнія законныя правы. Гэта будзе зроблена".
Пра войска. "У нас будзе харошае мабільнае забяспечанае войска, будзе
скарочаны тэрмін тэрміновай службы, будзе альтэрнатыўная служба. І паступова
пяройдзем на прафесійнае войска".
Пра лёс Лукашэнкі пасля перамогі У.Ганчарыка. "Калі ён не мае дачынення
да гэтых злачынстваў, ён будзе жыць па законах Беларусі. Забяспечана".
У падтрымку адзінага кандыдата і з крытыкай цяперашняй улады жорстка выступіў
паэт-выгнаннік Уладзімір Някляеў. "Яшчэ два гады таму, калі я заявіў,
што Лукашэнка болей не прэзідэнт, а дыктатар, які парушыў Канстытуцыю,
захапіў уладу, са школаў пачалі забіраць мае кніжкі, з радыё і тэлебачання
пачалі здымаць песні. Але я напісаў столькі, што зняць усе не змаглі.
І да гэтай пары гучыць па тэлебачанні песня "Мы першы бакал уздымем па
праву за Белую Русь, за нашу дзяржаву, за славу яе, за гордую славу -
нам ёй даражыць". Гэтая песня была напісаная ў першыя гады нашай незалежнасці,
калі здавалася, што Беларусь вось-вось здабудзе, адродзіць сваю гордую
славу. Але па нашым недаглядзе да ўлады прыйшоў Лукашэнка, і не ўступілі
ў вольную сям'ю еўрапейскіх народаў, а ўступілі туды… не магу назваць
гэтае слова - у балота, жабрацтва, галечу. Сем гадоў ва ўладзе Лукашэнка
- дзеці, якія нарадзіліся ў 94 годзе, сёння ўжо пайшлі ў школу. Гэта агромністы
кавалак нашага жыцця, і калі азірнемся назад, што ўбачым: рэферэндумы
нейкія, сходы, лыжныя паходы, лядовыя палацы, дзе гандлююць анучамі? Сённяшнія
выбары падобныя на што заўгодна, толькі не на выбары. Гэта відавочная
спроба Лукашэнкі, скарыстоўваючы ўсю сваю неабмежаваную ўладу, прызначыць
зноў самога сябе на пасаду прэзідэнта Беларусі. Але яму гэта не ўдасца
зрабіць, калі мы пойдзем выбіраць", - заявіў Уладзімір Някляеў.
Старшыня БНФ "Адраджэньне" Вінцук Вячорка гаварыў пра надзённае - матч
зборных Беларусі і Украіны 1 верасня. "Учора на футбольным матчы ў некалькіх
сектарах маладыя людзі з Маладога Фронту шчыра хацелі выказаць падтрымку
сваёй камандзе сцягамі нашых старажытных колераў. Іх жорстка збілі. Іх
вывалаклі са стадыёна, у аднаго з іх - Івана Тамашэвіча разбітая да крыві
галава. Замест футбола быў пастаўлены садысцкі спектакль сіламі АМОНа
і сумна вядомага СОБРа. Спектакль для аднаго гледача, таго гледача, які,
відаць, і на футбол ходзіць не дзеля футбола, а дзеля гэтай сумнеўнай
радасці, якую адчувалі рымскія садысты падчас гладыятарскіх баёў…".
Экс-міністр абароны Павел Казлоўскі звярнуў увагу на амбіцыі Лукашэнкі:
"У 1992 годзе быў прыняты закон аб усеагульным вайсковым абавязку, дзе
вышэйшым вайсковым званнем у Беларусі было званне генерал-палкоўніка.
Я настойваў на тым, каб вышэйшага звання не было: малая рэспубліка, невялікая
прафесійная армія. І калі два дні назад, ці нават тры дні, я ўбачыў на
экране тэлевізара незразумелага чалавека ў форме генерала, мне стала страшна.
Мне было непрыемна, што нехта проста так можа апрануць генеральскую форму,
якую ён не заслужыў… У сусветнай гісторыі былі 19 генералісімусаў; і я
зразумеў, што 20, напэўна, мяркуе стаць Лукашэнка.
Першы сакратар Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін упэўнены, што
ў выпадку перамогі А.Лукашэнкі "нашыя дзеці будуць жыць у два разы горш,
чым мы сёння". "І я не здзіўлюся, калі пасля гэтых выбараў мы атрымаем
пажыццёвага прэзідэнта, як у некаторых сярэднеазіяцкіх рэспубліках. Я
заклікаю вас прыйсці 9 верасня і прагаласаваць, галасаванне датэрмінова
- гэта галасаванне за Лукашэнку, нават калі вы прагаласуеце супраць. Таму
галасуем толькі ў дзень галасавання. Разам мы пераможам".
"У нас ёсць пункт адліку - 9 верасня. Я вельмі прашу вас, вашых блізкіх
і родных: парайцеся з кім вы, бо мы галасуем не проста за сябе, мы галасуем
за нашую будучыню, будучыню нашых дзяцей і ўнукаў. І правільны выбар -
забяспечыць ім ужо з 10 верасня рух у бок нармальнага цывілізаванага справядлівага
забяспечанага жыцця", - заклікаў мінчукоў Уладзімір Ганчарык. 10 верасня,
заявіў У.Ганчарык, "мы сабяромся тут (на Кастрычніцкай плошчы. - Р.Б.),
каб адсвяткаваць нашую перамогу", - упэўнены У.Ганчарык.