Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Маніторынг

КАМУ НАЗІРАЦЬ ЗА НАЗІРАЛЬНІКАМІ? ("Звязда")

Аўтар: Аўтар: Юрась Ляшкевіч

Літаральна з пачатку выбарчай кампаніі палітычна актыўная частка беларускага грамадства абмяркоўвае тэму грамадскага назірання на прэзідэнцкіх выбарах. Яно і зразумела: калі арганізацыяй выбараў займаецца выключна дзяржава, а ў бюлетэнях прадстаўлены некалькі кандыдатаў з альтэрнатыўнымі поглядамі, у тым ліку і кіраўнік дзяржавы, то падазрэнні ў бок адзін аднаго ёсць у прыхільнікаў кожнай з палітычных сіл.

Разам з пачаткам выбарчай кампаніі была створана грамадская ініцыятыва "Незалежнае назіранне". Яе ўзначалілі былы спікер Вярхоўнага Савета Мечаслаў Грыб і прэзідэнт праваабарончага цэнтра "Вясна94" Алесь Бяляцкі. Вакол іх аб'ядналіся яшчэ некалькі тысяч аднадумцаў. Гэтых людзей нельга аднесці да ліку прыхільнікаў дзеючых уладаў, таму не дзіўна, што, не паспеўшы, аб'явіць аб сваіх намерах, "Незалежнае назіранне" трапіла ў няміласць да ўладаў. Не раз абвінавачваліся ініцыятары "Незалежнага назірання" ў намеры падрыхтаваць да выбараў 14 тысяч "баевікоў". Дыскусія вакол дзейнасці "Незалежнага назірання" не спыняецца.

З цягам часу высветлілася, што "Незалежнае наэіранне" ставіць перад сабой мэту не толькі назіраць за ходам галасавання і захаваннем палажэнняў Выбарчага кодэкса на ўчастках падчас усёй выбарчай кампаніі, але і мае намер правесці так званы паралельны падлік галасоў. Гэта стала яшчэ адной падставай для таго, каб улады абвінавацілі "Незалежнае назіранне" ў намеры парушыць закон і перавысіць свае паўнамоцтвы.

Учора да дыскусіі падключыўся і грамадскі прэс-цэнтр Дома прэсы. Тут прайшоў "круглы стол" пад назвай "Сацыяльныя і прававыя наступствы паралельнага падліку галасоў і магчымых акцый грамадзянскага непадпарадкавання". Адразу заўважым, чаму ў назве тэмы "круглага стала" з'явіліся "магчымыя акцыі грамадзянскага непадпарадкавання". На думку арганізатараў стала, "паралельны падлік галасоў" можа з'явіцца прычынай менавіта такіх акцый. Хаця пазней арганізатары "Незалежнага назірання" абверглі тое, што яны ставяць за мэту арганізацыю такіх акцый.

На пасяджэнне "круглага стала" было запрошана каля трыццаці прадстаўнікоў уладных структур, у тым ліку сілавых ведамстваў і грамадскіх арганізацый, якія падтрымліваюць палітыку дзеючых уладаў. Прадстаўнікоў альтэрнатыўнага боку было толькі трое - Міраслаў Кобаса, Валянцін Сцефановіч ды Таццяна Равяка. Усе яны прадстаўлялі грамадзянскую ініцыятыву "Незалежнае назіранне".

Напярэдадні сустрэчы ў грамадскім прэс-цэнтры лідэры партый і арганізацый, якія ўваходзяць у склад Рэспубліканскага каардынацыйнага савета кіраўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый, падпісалі зварот да грамадзян Беларусі. Яго тэкст пераказала віцэ-прэзідэнт Беларускага саюза юрыстаў Наталля Андрэйчык. У звароце асуджаецца ідэя паралельнага падліку галасоў, сцвярджаецца, што гэтая акцыя будзе праходзіць "пры шчодрай падтрымцы замежных "сяброў". Аўтары заявы перакананыя, што такім чынам ініцыятары "Незалежнага назірання" паставяць пад сумнеў афіцыйныя вынікі выбараў. "А калі не пройдзе гэты сцэнарый, то чуюцца пагрозы 10 верасня правесці масавыя акцыі грамадзянскага непадпарадкавання, асноўнымі ўдзельнікамі якіх плануецца няспелая вучнёўская моладзь", - напісана ў заяве. Яе аўтары лічаць спробу правесці паралельны падлік галасоў антыканстытуцыйнай, процізаконнай акцыяй, а саміх ініцыятараў такога мерапрыемства называюць "дэструктыўнымі сіламі".

Міраслаў Кобаса,член праўлення грамадскага аб'яднання "Фонд імя Льва Сапегі", і ўдзельнік "Незалежнага назірання", ў адрас якога таксама прагучала падобнае абвінавачанне, даў тлумачэнне таго, што за акцыя мяркуецца пад рабочай назвай "паралельны падлік галасоў". Дарэчы, як высветлілася, многія ўдзельнікі стала якраз блыталіся ў вызначэннях. Частка людзей да гэтага часу ўвогуле лічыць паралельны падлік апытаннем выбаршчыкаў на выхадзе з участка наконт таго, як яны галасавалі. Падобнае арганізаванае мерапрыемства мае назву "экзіт-пул", але беларускімі назіральнікамі яно не будзе выкарыстоўвацца.

Аўтар некалькі дзён таму меў гутарку з адньім з каардынатараў грамадзянскай ініцыятывы "Незалежнае назіранне" Алесем Бяляцкім. Той заўважыў, што "экзіт-пул" - звычайная з'ява і выкарыстоўваецца ў многіх краінах. Аднак да беларускіх рэалій яго нельга прымяніць, паколькі ў нашых выбаршчыкаў зусім іншы менталітэт. Вялікая частка беларусаў думае і робіць на выбарчым участку адно, а на пытанні сацыёлагаў ці назіральнікаў адказвае зусім адваротнае.

Па словах М. Кобасы, размова сёння ідзе пра тое, што на 500 участках для галасавання, якія вызначыць выпадковым выбарам камп'ютар, назіральнікі атрымаюць афіцыйна зацверджаныя копіі пратаколаў аб выніках галасавання. На падставе гэтых копій будзе складзена агульная карціна вынікаў галасавання. Калі гэтая карціна будзе істотна адрознівацца ад аб'яўленых уладамі вынікаў выбараў, у назіральнікаў будзе падстава ўсумніцца ў праўдзівасці афіцыйнай інфармацыі. Такім чынам, падкрэсліў М. Кобаса, размова не ідзе пра тое, што назіральнікі будуць прыдумваць нейкія свае лічбы - іх інфармацыя будзе грунтавацца толькі на афіцыйных звестках, якія будуць аб'яўлены пасля падвядзення вынікаў галасавання на 500 участках.

Нягледзячы на дадзеныя тлумачэнні, крытыкаў задуманай акцыі не стала менш, але размова ўжо перайшла з эмацыянальнага ў прадметнае рэчышча. Галоўным абвінявачаннем у адрас ініцыятараў паралельнага збору вынікаў галасавання (менавіта так лепш дакладна называць мяркуемую акцыю) стала тое, што, грунтуючыся на звестках з 500 участкаў, яны маюць намер праектаваць гэтыя даныя на ўсю краіну, тэрыторыя якой, як вядома, падзелена больш чым на 6000 участкаў. Гэта, на думку праціўнікаў акцыі, не можа быць законным і юрыдычным дзеяннем. У адказ на гэта М. Кобаса вымушаны быў запэўніць, што ініцыятары і не маюць намёру экстрапаліраваць атрыманыя звесткі на агульныя вынікі выбараў. Ён заўважыў, што гэта будзе толькі нечым накшталт сацыялагічнага даслёдавання.

Падчас дыскусіі дэпутат Ігар Катляроў, які не першы год займаецца сацыялогіяй, выказаў думку, што ў такім разе навуковага абгрунтавання для падобнага даследавання таксама няма, паколькі няма дакладнай методыкі і размова не ідзе пра рэпрэзентатыўнасць выбаркі...

Сваю пазіцыю, а дакладней пункт гледжання Цэнтрвыбаркама, прадставіў сакратар камісіі Мікалай Лазавік. Ён паведаміў прысутным, што Мечаслаў Грыб, Алесь Бяляцкі ды Міраслаў Кобаса звярталіся ў Цэнтрвыбаркам з прапановай абмеркваць акцыю паралельнага збору вынікаў галасавання. Адбылася шчырая размова, падчас якой ініцыятарам было заяўлена, што мяркуемае мерапрыемства навукова неабгрунтаванае, юрыдычна незаконнае, а яго арганізатары не нясуць ніякай адказнасці за вынікі. Праўда, пытанне таго ж М. Кобасы, якія артыкулы і якіх законаў парушаюць ініцыятары паралельнага збору вынікаў галасавання, павісла ў паветры без адказу.

Чаму ж вакол мяркуемай акцыі столькі дыскусій і мітусні? Гэта, бадай, галоўнае пытанне, адказ на якое можа расставіць кропкі над "і". Шкада, што адказ на гэтае пытанне шукаюць не юрысты, а палітыкі. Бо ў кожнага з іх свае суб'ектыўныя тлумачэнні, часцей не прававога характару, а эмацыянальнага. Так, ініцыятары паралельнага збору вынікаў галасавання мяркуюць сваёй акцыяй папярэдзіць або ўжо выявіць магчымыя парушэнні ці фальсіфікацыю вынікаў выбараў з боку ўладаў і арганізатараў выбарчай кампаніі. "Чаму яны так баяцца незалежнага назірання, калі не будуць парушаць закон?" - такі аргумент у назіральнікаў.

А ўлады ў сваю чаргу хвалююцца за тое, што арганізатары назірання могуць аказацца няшчырымі і самі дапусцяць парушэнні, што выкліча пэўныя ўзрушэнні ў грамадстве. У Беларусі зараз склалася сітуацыя, калі ніводзін з бакоў не давярае другому, і ў той жа час ніводзін з бакоў не можа дакладна спрагназаваць, якімі будуць вынікі выбараў. Душа беларуса за сем гадоў стала вельмі загадкавай, а і яго дзеянні - непрагназуемымі.