Валянціна ПАЛЕВІКОВА: "МЫ БУДЗЕМ ДАБІВАЦЦА ПЕРАМОГІ ЗАКОННЫМ ШЛЯХАМ" ("Звязда")
2001-09-03
Аўтар: Аўтар: Сяргей Каралевіч
Выбарчая кампанія характарызуецца тым, што ў ёй, як правіла, усе кандыдаты ў прэзідэнты выказваюць упэўненасць у сваёй перамозее. Не выключанне і Беларусь: усе кандыдаты ў прэзідэнты заяўлялі, што пры правядзенні дэмакратычных і свабодных выбараў перамога была б на іх карысць. Сёння на пытанні "Звязды" адказвае кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Ганчарыка Валянціна ПАЛЕВІКОВА.
- Уладзімір Ганчарык даволі актыўна сустракаецца з выбаршчыкамі. Раскажыце, як праходзяць сустрэчы?
- Сустрэчы праходзяць дастаткова цікава, хаця, магчыма, і не так часта, як хацелася б. Зразумела, на сустрэчы прыходзіць шмат прыхільнікаў У. Ганчарыка, аднак апошнія сустрэчы паказалі, што на іх шмат і людзей, якія яшчэ канчаткова не вырашылі, за каго галасаваць. Станоўчае тут тое, што на сустрэчах задаюць шмат пытанняў, вельмі шмат набіраецца запісак, з якімі працуе наша інфармацыйная служба. Некалькі дзен таму мы заўважылі пералом: людзі ўжо даведаліся, што ёсць іншы кандыдат, акрамя Лукашэнкі. Мы адчуваем, што да асобы адзінага кандыдата ёсць вялікая цікавасць.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляла, што Цэнтрвыбаркам у асноўным працуе на вашу каманду. Адкуль такая вялікая колькасць скаргаў, якія ў асноўным не задавальняюцца?
- Я павінна сказаць, што шэраг скаргаў быў задаволены: у прыватнасці, аб публікацыі перадвыбарнай праграмы Ганчарыка ў тым жа памеры, як і праграма Лукашэнкі, а таксама іншыя. Сапраўды, скаргаў вельмі шмат, і мы маем намер рэагаваць на ўсе парушэнні заканадаўства, таму і звяртаемся кожны раз у ЦВК, міжнародныя арганізацыі. Напрыклад, вы маглі назіраць, як на тэлебачанні бяздоказна абвінавацілі штаб Ганчарыка ў прыналежнасці да відэасюжэта з паказаннямі аб зніклых. Мы да гэтай касеты не маем ніякіх адносінаў і лічым, што гэта была спецыяльна закінутая інфармацыя для нашай дыскрэдытацыі.
- У панядзелак вам ледзь не вынеслі папярэджанне. Ваша давераная асоба ў асноўным пагаджалася з прэтэнзіямі ЦВК. Вы згодны, што дапускаеце памылкі пры агітацыі?
- Я не лічу, што мы дапускаем шмат памылак. Але ў вельмі сціснутых умовах правядзення выбарчай кампаніі, калі мы адбіваем прэсінг, калі няма шырокага доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, зразумела, што нашы прыхільнікі могуць рабіць нейкія памылкі, прычым часта нават у маральным, эмацыянальным плане: недзе не там развесілі інфармацыю і іншае. Гэта зусім неістотныя памылкі, калі іх так можна назваць, асабліва ў параўнанні з тымі парушэннямі, што дапускае ўлада. Я не сказала б, што мы робім пэўныя парушэнні, мы імкнёмся дзейнічаць у рамках заканадаўства. У той жа час наша афіцыйная інфармацыя аб кандыдаце зрываецца пастаянна, прычым нават у спецыяльна адведзеных месцах. Па нашых звестках, для гэтага створаны спецыяльныя групы. Я ўжо не кажу пра сітуацыю з друкарняй "Мэйджык", калі нам не ўдалося своечасова надрукаваць агітацыйныя матэрыялы. Узнікаюць складанасці і з друкаваннем перадвыбарнай праграмы.
- Павелічэнне рэйтынгу Ганчарыка звязвалася з тым, што за яго пачнуць галасаваць тыя, хто не вызначыўся. Як выглядае агітацыйная кампанія ў гэтым плане?
- Рэйтынг Ганчарыка расце. Паводле нашых даных (па апытаннях, па рабоце фокусгруп), у многіх гарадах рэйтынг Ганчарыка вышэйшы, чым у Лукашэнкі. Таму, калі б сёння былі выбары, то Ганчарык бы перамог. Пэўны ўсплёск рэйтынга адбыўся пасля аб'яўлення адзінага кандыдата, пасля зняцця сваёй кандыдатуры Сямёнам Домашам. Гэта мы звязваем з вырашэннем двух пытанняў. Па-першае, з тым, што мы арганізуем пратэстнае галасаванне. Мы дапускаем, што некаму не падабаецца адзіны кандыдат Ганчарык, але мы ведаем, што многім не падабаецца і Лукашэнка. Па-другое, многія лічаць, што вынікі будуць падтасаваныя. Але мы ў стане пракантраляваць усё, што будзе адбывацца на выбарчых участках 9 верасня. Падрыхтоўцы да гэтага мы прысвецім тыдзень, які застаўся. Тое, што прыязджаюць міжнародныя назіральнікі - гэта добра, але ў першую чаргу мы самі павінны кантраляваць сітуацыю і казаць выбаршчыкам, што не дазволім фальсіфікаваць выбары.
- Як вы лічыце, даволі працяглая працэдура вызначэння адзінага кандыдата можа нейкім чынам паўплываць на вынікі выбараў?
- Сапраўды, працэдура была складаная, нам бы хацелася ўсё вызначыць раней. Але поспех дэмакратычных сіл быў у тым, што мы ўсё ж такі вызначылі адзінага кандыдата. Хаця часу нават у прынцыпе было вельмі мала, мы адчуваем падтрымку, асабліва на месцах, ад таго, што людзі перасталі падзяляцца на правых і левых і працуюць на адну ідэю.
- Вы казалі, што, на ваш погляд, рэйтынг у Ганчарыка месцамі вышэйшы, чым у Лукашэнкі. Але пераважная большасць экспертаў згодная з тым, што ў першым туры Ганчарык амаль не мае шанцаў перамагчы. Вы ўлічваеце гэта?
- Многія проста не вераць у справядлівы падлік галасоў. Але калі мы ўсё пракантралюем, мы можам разлічваць і на першы тур. Лукашэнку падтрымлівае яго электарат - пераважна сталыя людзі, якіх у нас каля 25 працэнтаў. І я не лічу, што ў яго ёсць такая вялікая падтрымка, як аб гэтым гавораць дзяржаўныя сацыялагічныя службы.
- Васіль Лявонаў заявіў, што ваша каманда, прааналізаваўшы парушэнні, якія, на іх погляд, дапускае ўлада, гатова да "баёў без правілаў". Што пад гэтым маецца на ўвазе?
- Васіль Севасцьянавіч, напэўна, меў на ўвазе, што мы гатовы да баёў без правілаў, якія можа весці ўлада. Ён чалавек сур'ёзны, які шмат прайшоў, таму я з павагай адношуся да яго і лічу, што ён мае рацыю. Я, як кіраўнік штаба, са свайго боку магу сказаць, што мы дзейнічаем толькі па правілах і ў рамках заканадаўства. Усе "страшылкі", якія гучаць у тэлеэфіры, не адпавядаюць рэчаіснасці. Мы ўпэўненыя, што Беларусь як ніколі мае шанц выбраць сабе будучыню. Мы павінны скарыстацца гэтай сітуацыяй.
- Заяўлялася, што 2 верасня павінна адбыцца сустрэча У.Ганчарыка з выбаршчыкамі на Кастрычніцкай плошчы Мінска, нават нягледзячы на тое, што на гэта не будзе атрыманы дазвол.
-Мы не маем іншага выбару: гэта наша краіна, гэта наша плошча, гэта наш Палац Рэспублікі, у якім нам не дазваляюць сустракацца з выбаршчыкамі. Таму мы будзем сустракацца на вуліцы. Больш таго, 5 верасня падобныя сустрэчы павінны адбыцца ў 25 гарадах - дзе з кандыдатам у прэзідэнты, а дзе з яго даверанымі асобамі. Мы абавязаны гэта зрабіць у мэтах мабілізацыі кампаніі.
- Калі 10 верасня будзе заяўлена аб перамозе Лукашэнкі, што вы будзеце рабіць? Гучалі заявы, што вашы прыхільнікі будуць збірацца вакол будынка Адміністрацыі Прэзідэнта...
- Зразумела, мы будзем ісці да канца. Але не ў сэнсе нейкіх пагроз, як гэта некаму ўяўляецца. Мы абавязаны заканадаўчым спосабам адстаяць выбар народа. Калі гэты выбар будзе на карысць існуючай улады без фальсіфікацый, то ніякіх акцый пратэсту не будзе. Але калі будзе наадварот, калі мы будзем упэўнены ў сваёй перамозе (а я ўпэўнена, што мы будзем мець дакладныя звесткі аб выніках выбараў), то мы гатовы адстойваць выбар народа рознымі шляхамі. Зразумела, у такім разе мы будзем звяртацца да выбаршчыкаў, выказваць свой пратэст.
Але гэта не значыць, што на Беларусь праецыруецца нейкі "югаслаўскі варыянт", што тут ужо сядзяць заходнія слецслужбы і рэжысіруюць намі. Гэта не так. Наадварот, роля замежных дзяржаў падчас гэтых выбараў, на наш погляд, не вельмі істотная. Гледзячы на нашу палітыку і паводзіны народа, у міжнародных структур нават не было вялікіх планаў па змене палітычнага становішча ў Беларусі падчас гэтых выбараў. На гэта мы адказалі тым, што знайшлі адзінага кандыдата, хаця ў гэта мала хто верыў. Таму тое, што цяпер адбываецца, - гэта наш сцэнарый, сцэнарый нашых палітычных лідэраў і народа. Мы дзейнічаем у адпаведнасці са сваім сумленнем.
- Сяргей Гайдукевіч заявіў, што наогул цяпер можна было б зняцца ўсім кандыдатам, за выключэннем А.Лукашэнкі, бо вынікі выбараў ужо вядомыя. Наколькі я зразумеў, вы на гэта ў любым выпадку не пойдзеце?
- Зразумела, не. Мы будзем ісці да канца і мы ўпэўненыя ў сваёй перамозе.