ЁН НІВОДНАГА ДНЯ НЕ БЫЎ ПРЭЗІДЭНТАМ БЕЛАРУСІ ("Народная воля")
2001-08-31
Аўтар: Аўтар: Уладзімір Кулажанка, доктар эканамічных навук, прафесар
Такую заяву можна зразумець, бо А.Лукашэнка красуецца на тэлебачанні дзень пры дні. Але справа не толькі ў гэтым, але і ў тым, што трэба канкрэтна расказаць, чаму правалены ўсе абяцанні сямігадовай даўніны. Абяцаць што-небудзь наперад без гэтага няма сэнсу. Ніхто не паверыць.
Лукашэнка знаходзіцца ў тупіку. Практыка паказала, што ён не адпавядае патрабаванням да чалавека, які можа кіраваць дзяржавай. Успомнім філасофскую прытчу, як бацька павучаў свайго сына. Сын мой, раіў ён, дзякуй усім, хто крытыкуе цябе, бо гавораць яны шчыра, і адпаведныя рабі высновы. Наадварот, асцярожна адносся да хвалы твайго акружэння. Падумай, што і дзе ты зрабіў дрэннага, каб выклікаць такую з'яву. Бацька А.Лукашэнкі, пэўна, не рабіў павучанняў сыну, таму і нарабіў ён шмат недаравальных памылак.
Памылка першая. Не была праведзена лібералізацыя эканомікі. Нездарма, ідучы на чарговыя выбары, А.Лукашэнка мусіў аб'явіць "аб лібералізацыі эканомікі і стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці чалавека". Але, мяркуючы па апублікаваных у друку тэзісах, не зразумеў, што такое лібералізацыя і дзеля чаго яна патрэбная. Інакш не з'явіліся б такія запісы, што "да моманту стабілізацыі цэн на жыццёва важныя групы тавараў яны будуць пад кантролем дзяржавы . Цікава, як можна стымуляваць цэны, калі яны не будуць стымуляваць вытворчасць без канкурэнцыі? Эканамічна гэта немагчыма. Добра, што "будзе спрошчаны працэс рэгістрацыі прадпрымальніцкіх структур". Але кантроль дзяржавы за вытворчасцю не спыніцца, а "колькасць ліцэнзіруемых відаў дзейнасці будзе скарочана да 10-12". Значыць, на выпадак перамогі А.Лукашэнкі на выбарах нас чакае не лібералізацыя, а паўлібералізацыя, якая поспеху краіне не прынясе.
Захаванне адміністрацыйна-каманднай эканомікі гарантуе сёння і будзе гарантаваць заўтра стагнацыю эканомікі. Сёння гэта праяўляецца ў тым, што вытворчасць вядзецца на склад, скарачаюцца інвестыцыі, змяншаецца абаротны капітал да крытычнай рысы, расце лік стратных прадпрыемстваў, колькасць якіх (разам з крытычна рэнтабельнымі да 5%) дасягнула 60%. Гэта жах. І як можна гаварыць у гэтых умовах пра рост і нейкія поспехі?
Памылка другая. Было спынена і адкладзена на няпэўны час правядзенне аграрных пераўтварэнняў. Гэта прывяло да дэградацыі сельскай гаспадаркі. За 7 год кіравання краінай А.Лукашэнкі пагалоўе буйной рагатай жывёлы скарацілася на 1,5 мільёна галоў. Пагалоўе жывёлы скарачалася на 585 галоў штодзённа! Ды на 92 каровы менела дзень пры дні. На дзесяткі працэнтаў зменшылася колькасць усіх відаў тэхнікі. Напрыклад, камбайнаў паменела з 1994 года па 2001 год на 8400 адзінак(!).
Уборка завяршаецца, а намалочана на 1 мільён тон збожжа меней, як чакалася. Прычына - састарэлыя арганізацыйныя формы вядзення гаспадаркі, ігнараванне фермерства, нізкая прадукцыйнасць працы. Ні вопыт суседзяў, ні сусветны досвед не ўспрымаюцца былым дырэктарам саўгаса і зараз, калі, як кажуць, усё дабіта да ручкі. Не маргнуўшы вокам, А.Лукашэнка піша ў сваёй праграме: "Мы ідзём па шляху рэфармавання сельскай гаспадаркі, але без спешкі, разважліва... Пры гэтым будзе абавязкова захавана буйнатаварная вытворчасць, калгасы і саўгасы прымусова разганяцца не будуць!"
Ніхто не выступае супраць буйной таварнай гаспадаркі. Рэнтабельныя і перайшоўшыя на рыначныя прынцыпы гаспадарання калгасы павінны застацца, каб працягваць прыстасаванне і ўжыванне ў новыя ўмовы. Астатнія павінны быць неадкладна рэфармаваны. Прытым зямля павінна быць перададзена вытворцам ва ўласнасць. Але рабіць гэта ўлады не збіраюцца. У сваіх тэзах А.Лукашэнка падкрэслівае: "Дзяржаўная ўласнасць на землі сельскагаспадарчага прызначэння - галоўны набытак усяго народа - будзе захавана". Значыць, ніякіх рэальных рэформ у сельскай гаспадарцы чакаць не варта. Што датычыцца стварэння буйной таварнай гаспадаркі на вёсцы, то калгасы і саўгасы ніколі такімі не былі. Адзіны шлях - канцэнтрацыя і цэнтралізацыя фермерскіх гаспадарак. Але пра гэта ўлады не думаюць.
Памылка трэдяя. Імітацыя поўнай занятасці. Праз усе 7 год А.Лукашэнка гаварыў аб такім вялікім поспеху, як ліквідацыя беспрацоўя. У краіне нібы не заняты толькі 100 тысяч чалавек. Але фактычна беспрацоўных у некалькі разоў болей. Рэальна ў краіне не маюць працы 10% працаздольнага насельніцтва. Па-першае, на ўсіх буйных прадпрыемствах пад адміністрацыйным ціскам вертыкалі трымаюцца дзесяткі тысяч фактычна непатрэбных рабочых і служачых. Сотні тысяч людзей працуюць няпоўны тыдзень альбо накіроўваюцца ў датэрміновыя адпачынкі, часта без утрымання. Вялікае беспрацоўе на вёсцы, асабліва ў зімовы час.
Каб пераадолець у краіне вялікае беспрацоўе, трэба ўсямерна развіваць малы і сярэдні бізнес, а таксама падтрымліваць самазанятасць. Без гэтага абяцанні А.Лукашэнкі забяспечыць рост вытворчасці і заработнай платы марныя. Многія камандзіры вытворчасці і спецыялісты чакаюць, калі ў краіне знікне схаванае беспрацоўе. Сёння ні ў адной суседняй краіне няма такога самавольства на рынку працы, якое пануе ў нас.
Памылка чацвёртая. Да гэтага часу не адрэгуляваны размеркавальныя адносіны, хоць эканамічныя законы патрабуюць, каб пэўная частка зноў створанай вартасці ішла на заработную плату работнікаў рэальнага сектара, на інвестыцыі, калі вядзецца пашыранае ўзнаўленне. З астатняй часткі можна выдзяляць сродкі на войска, міліцыю і ўтрыманне дзяржаўнага апарату.
У сістэме размеркавальных адносін А.Лукашэнкі ўсё наадварот. Спачатку выраблены прадукт ідзе на ўтрыманне раздутага міліцэйскага і ўпраўленчага корпусу, на войска, на ўсялякія пампезныя забавы кшталту базараў і дажынак, а затым, што застаецца, атрымліваюць настаўнікі, лекары ды іншыя.
Зразумела, што пры такім стаўленні да размеркавальных адносін нельга забяспечыць рост рэальных заробкаў насельніцтва ў бліжэйшыя 4-5 год да 250 долараў у месяц. Тым больш нельга ператварыць размеркавальныя адносіны ў стымулятар вытворчасці, што павінна быць самым галоўным у эканамічным і сацыяльным планах.
Памылка пятая. Самая недаравальная - ігнараванне нацыянальнага адраджэння, найперш мовы. Заходнія эканамісты ўстанавілі, што без аднаўлення мовы, без адраджэнцкага духу ў народзе нельга адрадзіць эканоміку. Паколькі А.Лукашэнка выкінуў родную мову з дзяржаўнага ўжытку, па сутнасці, растаптаў яе, то ён дапусціў не проста памылку, а здраду беларускаму народу.
Паколькі А.Лукашэнка, апроч некалькіх выпадкаў, не карыстаўся нацыянальнай мовай, то ён ніводнага дня не быў і прэзідэнтам Беларусі. У гэтым плане нават цяжка сказаць, хто ён для беларускага народа.