УЛАДЗІМІРУ ГАНЧАРЫКУ МАГЛІ ВЫНЕСЦІ ПАПЯРЭДЖАННЕ ("Звязда")
2001-08-28
Аўтар: Аўтар: Сяргей Каралевіч
У.Ганчарыку рэкамендуюць выконваць заканадаўства
Вынясенне папярэджання У.Ганчарыку магло адбыцца за парушэнні выбарчага заканадаўства, якія, на думку Цэнтрвыбаркама, зрабіла яго каманда. Па-першае, гэта парушэнні пры правядзенні сустрэч з выбаршчыкамі. Нагадаем, што амаль адразу пасля пачатку перадвыбарнай агітацыі У. Ганчарык звярнуўся ў ЦВК з просьбай патлумачыць парадак правядзення сустрэч з выбаршчыкамі, для яго спрашчэння ён таксама прапаноўваў на перыяд агітацыі адмяніць працэдуру атрымання дазволу на правядзенне вулічных сустрэч (гэта працэдура рэгулюецца не Выбарчым кодэксам, а спецыяльным законам аб правядзенні масавых вулічных мерапрыемстваў). Цэнтрвыбаркам прыняў пастанову, якая патрабавала, каб выбарчыя камісіі вызначылі спецыяльныя месцы для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі.
23 жніўня ў ЦВК паступіла заява ад даверанай асобы У.Ганчарыка Валянціны Палевіковай з патрабаваннем адмяніць пастанову, бо, як вынікае з заявы, яна не адпавядае выбарчаму заканадаўству. Учора на сваім пасяджэнні Цэнтрвыбаркам не задаволіў патрабаванне В.Палевіковай. Больш таго, разглядаліся пытанні парушэння гэтай пастановы камандай кандыдата. Па словах сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, У.Ганчарык спачатку сам "звярнуўся за тлумачэннямі заканадаўства, а потым пайшоў на яго парушэнне", якое было названа "чыстай правакацыяй". У прыватнасці, нягледзячы на тое, што вулічныя мерапрыемствы рэгламентуюцца спецыяльным заканадаўствам, у выбарчыя камісіі пачалі паступаць лісты з інфармацыяй аб правядзенні сустрэч з выбаршчыкамі якраз-такі ў падобных месцах, пры гэтым сустрэчы ніякім чынам не ўзгадняліся з выканкамамі. Давераная асоба У.Ганчарыка Мікалай Бойка пагадзіўся, што асобныя члены каманды сапраўды накіроўвалі ў выбарчыя камісіі не цалкам законныя патрабаванні. Абгрўнтаваў ён гэта тым, што да іх проста не дайшла інфармацыя з пералікам прадастаўленых для сустрэч з выбаршчыкамі месцаў. Узнікаючыя ў сувязі з гэтым пытанні ён паабяцаў "урэгуляваць".
Былі прыведзены і іншыя факты. Напрыклад, плакаты У.Ганчарыка без выхадных даных. Па словах М.Бойкі, у гэтым павінны работнікі друкарні, якія пры рэзцы плакатаў проста адрэзалі адпаведную інфармацыю. Акрамя гэтага, прыводзіліся факты раздачы ўлётак ад незарэгістраванага аб'яднання "За новую Беларусь" і звароту да рабочых. А бясплатную раздачу такіх газет як "Рабочы", "Беларуская маладзёжная", "День", "Наша свабода", на думку М. Лазавіка, увогуле можна расцаніць як подкуп выбаршчыкаў. М. Бойка пракаменціраваў гэта тым, што каманда У.Ганчарыка не можа адказваць за СМІ.
Па словах М. Лазавіка, асабіста ён ішоў на пасяджэнне Цэнтрвыбаркама з намерам вынесці У.Ганчарыку папярэджанне, бо "інфармацыя ідзе аб наўмысных парушэннях". Гэта мера ўздзеяння на кандыдата больш чым сур'ёзная: у выніку паўторнага папярэджання кандыдат у прэзідэнты можа быць проста зняты з дыстанцыі. Менавіта па гэтаму, заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, да У.Ганчарыка на першы раз будуць прынятыя не такія сур'ёзныя меры, проста рэкамендавана выконваць выбарчае заканадаўства. Тым больш што ў словах даверанай асобы кандыдата ЦВК адчула разуменне. У той жа час М.Лазавік заявіў, што "у далейшым адносіны не будуць такія лаяльныя".
С.Гайдукевіч не даказаў факт скарачэння свайго выступлення
На пасяджэнні Цэнтрвыбаркама таксама разглядалася і некалькі заяў Сяргея Гайдукевіча. У прыватнасці, яго заява аб тым, што яго выступленне па радыё прагучала ў скарачэнні. Як вынікае з заявы С.Гайдукевіча, гэта сказіла сэнс выступлення, таму ён патрабуе выступу ў прамым эфіры. У той жа час прадставіць якія-небудзь доказы цэнзуры на радыё ён не змог. Больш таго, на пасяджэнні ЦВК ён нават не назваў тыя словы, якія былі выразаны. "Я не жадаю ўдавацца ў падрабязнасці. Народ сам разбярэцца. Я буду чакаць 9 верасня" - заявіў С. Гайдукевіч. А вось прадстаўнік радыё быў гатовы прадставіць усе неабходныя доказы таго, што трансляцыя на радыё прайшла без скарачэння. Таму зразумела, што заява С.Гайдукевіча не была задаволена.
А вось па іншых заявах яму пашанцавала. Дзве з іх датычацца выказванняў лідэра Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі Уладзіміра Жырыноўскага, у якіх ён дрэнна выказваецца ў адрас С.Гайдукевіча і якія былі надрукаваны ў "Народнай газеце" і паказаны па тэлебачанню ў "Панараме аналітычнай". Факты зневажальнага выказвання У.Жырыноўскага Цэнтрвыбаркам пацвердзіў. Было вынесена рашэнне аб прапанове "Народнай газеце" апублікаваць матэрыял з абвяржэннем або інтэрв'ю, а таксама Беларускаму тэлебачанню прадаставіць эфірны час С. Гайдукевічу ў той жа праграме.