ГАЛОЎНАЕ ПАДЧАС АГІТАЦЫІ - ЗАХАВАЦЬ РОЎНАСЦЬ ПРАВОЎ КАНДЫДАТАЎ ("Звязда")
2001-08-22
Аўтар: Аўтар: Сяргей Каралевіч
Учора старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню
рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына правяла прэс-канферэнцыю,
на якой паведміла аб ходзе выбарчай кампаніі. Па яе словах, цяперашні
этап не патрабуе ад Цэнтрвыбаркама нейкіх юрыдычных дзеянняў, аднак адно
ўсё ж такі ўчора прыйшлося зрабіць - шляхам апытання членаў ЦВК было вынесена
рашэнне аб задавальненні заявы Сямёна Домаша аб зняцці кандыдатуры на
карысць Уладзіміра Ганчарыка.
ЦВК "працуе" на Ганчарыка
Як заявіла Л. Ярмошына, за час перадвыбарнай агітацыі "ЦВК у пэўным плане
працуе толькі на аднаго кандыдата ў прэзідэнты - У. Ганчарыка, у прыватнасці,
на яго давераных асоб".
Гэта звязана з тым, што штодня ад іх прыходзіць па некалькі заяў са скаргамі
ў асноўным на дзеянне сродкаў масавай інфармацыі, прычым пасля кожнай
скаргі робіцца прыпіска з патрабаваннем адмяніць рэгістрацыю кандыдата
ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Скаргі з боку каманды У. Ганчарыка
старшыня ЦВК лічыць у асноўным неабгрунтаванымі.
У прыватнасці, у ЦВК паступіла заява ад У. Ганчарыка з просьбай дазволіць
палітычным партыям і грамадскім аб'яднанням выпускаць плакаты і іншыя
агітацыйныя матэрыялы ў яго падтрымку, што, па сутнасці, выходзіць за
рамкі Выбарчага кодэкса, які дазваляе выпуск друкаванай прадукцыі толькі
за кошт бюджэтных сродкаў. Таму ЦВК не лічыць магчымым задаволіць гэтую
просьбу,
Дарэчы, учора Л. Ярмошына падпісала рахункі на аплату часткі інфармацыйнай
прадукцыі У. Ганчарыка, раней была аплачана агітацыйная прадукцыя С. Гайдукевіча,
ад С. Домаша і А. Лукашэнкі просьбаў аб аплаце друкаванай прадукцыі пакуль
не паступала. Ужо аформлены таксама заказ на выраб выбарчых бюлетэняў
і агульнага плаката з інфармацыяй аб усіх кандыдатах. Праўда, зза таго,
што новы варыянт дакументаў быў перададзены ў друкарню толькі ўчора, заказ,
хутчэй за ўсё, не будзе выкананы да канца гэтага працоўнага тыдня. Таму
выбарчыя камісіі будуць забяспечаны інфармацыйным матэрыялам не 26 жніўня
(а Выбарчы кодэкс патрабуе, каб гэта было зроблена за 14 дзён да выбараў),
а пазней.
А. Лукашэнка адмовіўся ад першага выступлення па тэлебачанню
Учора завяршыліся першыя выступленні кандыдатаў у прэзідэнты па тэлебачанню.
Не зрабіў запісу выступу А. Лукашэнка. У. Ганчарык агітаваў толькі 22
хвіліны, матывуючы гэта тым, што пазней можна будзе выкарыстаць астатні
эфірны час для тэледэбатаў.
Дарэчы, у ЦВК ужо звяртаўся Кансультацыйны савет апазіцыйных партый з
патрабаваннем, якое было накіравана кіраўніком КНГ АБСЕ Х.Г. Вікам, выключыць
з пастановы ЦВК палажэнне аб тым, што ў выпадку зрыву перадачы або няпоўнага
выкарыстання эфірнага часу па віне кандыдатаў у прэзідэнты нявыкарастаны
час не ўзнаўляецца.
Па словах Л. Ярмошынай, яе здзіўляе крытыка гэтага палажэння, бо яно пераходзіць
з пастановы ў пастанову.з часу правядзення ў Беларусі дэмакратычных выбараў:
"Гэта абавязковая ўмова. У рэшце рэшт, кандыдатаў у прэзідэнты, як і кандыдатаў
у дэпутаты, таксама патрэбна дысцыплінаваць. Не выкарыстаў час - значыць,
узнаўляць яму гэты час нельга".
Л. Ярмошына яшчэ раз выказала ўпэўненасць у правільнасці рашэння ЦВК аб
адмове ў прамым эфіры кандыдатам у прэзідэнты. Па яе словах, гэта пацвярджаюць
і вынікі першага выступу па тэлебачанню: "Ніякіх скаргаў на тое, што прымянялася
якая-небудзь цэнзура, г. зн. што праграмы на Беларускім тэлебачанні прайшлі
няпоўна, з купюрамі, ад кандыдатаў у прэзідэнты не паступала. Больш таго,
нашы супрацоўнікі вялі ўлік часу, аб'яўлены запіс у 28 хвілін, напрыклад,
па Гайдукевічу быў цалкам вытрыманы".
Яшчэ з адной заявай, якая закранае выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі
падчас перадвыбарнай агітацыі, звярнулася ў Цэнтрвыбаркам адна з кіраўнікоў
штаба У. Ганчарыка - Валянціна Палевікова.
У прыватнасці, яна патрабавала прадаставіць дадатковыя газетныя плошчы
для апублікавання перадвыбарнай праграмы У. Ганчарыка, паколькі пры апублікаванні
перадвыбарнай праграмы А. Лукашэнкі была выкарыстана дадатковая плошча
звыш устаноўленага Цэнтрвыбаркамам ліміту.
Па словах Л. Ярмошынай, права кантролю за публікацыяй праграм ускладзена
на рэдакцыю, таму яна самастойна павінна была паглядзець, ці адпавядае
плошча праграмы патрабаванням пастановы ЦВК. Цэнтрвыбаркам звярнуўся вусна,
а пазней пацвердзіць пісьмова, што ў выпадку звароту каго-небудзь з кандыдатаў
аб павелічэнні памеру перадвыбарнай праграмы да тых памераў газетнай плошчы,
якая была прадастаўлена А. Лукашэнку, рэдакцыі газет маюць права гэта
зрабіць. "Вырашыць гэта пытанне аб роўных умовах для ўсіх кандыдатаў у
прэзідэнты магчыма", - заявіла Л. Ярмошына. Дарэчы, С. Гайдукевіч прэтэнзій
па гэтаму пытанню пакуль не выказваў.
Колькасць назіральнікаў паступова павялічваецца
На сёння Цэнтрвыбаркам акрэдытаваў 220 міжнародных назіральнікаў, якія
ўжо прыбылі ў Беларусь або збіраюцца гэта зрабіць. Дзве місіі - Асацыяцыі
арганізатараў выбараў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Бюро па дэмакратычных
інстытутах і правах чалавека АБСЕ - працуюць у Беларусі пастаянна. БДІПЧ
АБСЕ будзе праводзіць доўгатэрміновае назіранне колькасцю 29 чалавек,
потым павінна прыбыць яшчэ 150 кароткатэрміновых назіральнікаў. Будзе
павялічана місія ААВЦУЕ. У ЦВК паступілі таксама спісы назіральнікаў,
якія прыбудуць па лініі выканкама СНД.
Акрамя гэтага ў ЦВК акрэдытаваны 22 нацыянальныя назіральнікі (што складае
па 2 чалавекі на кожнага члена Цэнтрвыбаркама) ад розных палітычных партый
і грамадскіх аб'яднанняў. Па тэрытарыяльных камісіях лічбы наступныя:
Віцебская вобласць - 28 камісій і 48 назіральнікаў, Гомельская - 30 і
35 адпаведна, Гродзенская - 22 і 25, Магілёўская - 27 і 28, Мінская вобласць
- 29 і 25 (Мінск- 10 і 23). Найбольш назіральнікаў у тэрытарыяльных камісіях
будзе ад праваабарончага цэнтра "Вясна" і Беларускага Хельсінкскага камітэта.
Па словах Л. Ярмошынай, у нацыянальных назіральнікаў часта прысутнічае
непаразуменне з мясцовымі камісіямі. На яе думку, гэта вынікае з меркавання
нацыянальных назіральнікаў аб тым, што яны валодаюць правамі міжнародных
назіральнікаў, якія могуць ацэньваць становішча ў краіне падчас і ў момант
выбараў. Нацыянальныя ж назіральнікі абмежаваныя рамкамі выбарчай камісіі,
у якой яны працуюць, і не маюць права, напрыклад, ацэньваць дзеянні кандыдатаў
у прэзідэнты.