МІНІСТЭРСТВУ ЮСТЫЦЫІ ВАРТА ВЫВУЧЫЦЬ ЗАКОНЫ ("Наша свабода")
2001-08-22
Аўтар: "Наша свабода", 22 жніўня 2001 г.
Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь была распаўсюджаная чарговая заява, у якой адзначаецца, што асобнымі СМІ паведамляецца аб падрыхтоўцы незарэгістраваным аб'яднаннем "Незалежнае назіранне" да назірання за працай выбарчых камісіяў і правядзення паралельнага падліку галасоў з тым, каб 10 верасня 2001 года абвесціць вынікі галасавання. З гэтай нагоды міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь нагадвае, што дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў з'яўляецца адміністратыўным правапарушэннем, а "мяркуемая дзейнасць незалежных назіральнікаў супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь".
У сувязі з гэтым прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў (ГА "Праваабарончы цэнтр "Вясна",
ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", РГА "Задзіночаньне беларускіх студэнтаў", ГА "Прававая дапамога насельніцтву", ГА "Беларускі жаночы інфармацыйна-каардынацыйны цэнтр", ГА "Беларускі рэспубліканскі клуб выбаршчыкаў", ГА "Свабодны прафсаюз Беларускі", ГА "Фонд імя Льва Сапегі", ГА "Цэнтр "Беларуская ініцыятыва", РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" і інш.) заяўляюць, што ніякага аб'яднання "Незалежнае назіранне" не стваралася, кіруючыя і выбарныя органы не абіраліся, што азначае, што такога фармавання не існуе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Грамадзянская ініцыятыва "Незалежнае назіранне" з'яўляецца назвай грамадзянскай (гражданской) кампаніі, якая была ініцыяваная больш як 200 няўрадавымі арганізацыямі, якія зарэгістраваныя ва ўстаноўленым законам парадку. У сувязі з выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь шматлікія грамадскія аб'яднанні праводзяць грамадзянскія кампаніі, якія носяць розныя назвы і ставяць розныя мэты, напрыклад, кампаніі грамадскіх арганізацыяў "Выбірай", "Время выбирать", кампанія БПСМ "Я - за бацьку" і г.д.
Мэтай кампаніі "Незалежнае назіранне" з'яўляецца прыцягненне максімальнай колькасці грамадзянаў краіны да ўдзелу ў назіранні за выбарамі дзеля грамадзянскага кантролю за выбарчым працэсам, забеспячэннем яго дэмакратычнасці, адкрытасці, галоснасці і празрыстасці. Тым больш, што, згодна з дзеючым заканадаўствам, у якасці назіральнікаў маюць права выступаць як члены грамадскіх аб'яднанняў, так і грамадзяне шляхам збору подпісаў. Адной з мэтаў абвешчанай кампаніі з'яўляецца інфармаванне грамадзянаў пра іх права назіраць за выбарчым працэсам, што, безумоўна, будзе спрыяць іх даверу да вынікаў галасавання.
Такім чынам, уся дзейнасць у межах ініцыяванай грамадзянскай кампаніі, у тым ліку і вылучэнне назіральнікаў, ажыццяўляецца згодна з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, робяць выснову прадстаўнікі арганізацыяў.
Што тычыцца правядзення паралельнага падліку галасоў грамадскімі назіральнікамі і незаконнасці гэтай дзейнасці, прадстаўнікі ўказаных грамадскіх аб'яднанняў нагадалі, што паралельны падлік галасоў - гэта сістэма хуткага збору і перадачы інфармацыі аб выніках галасавання на вызначаных выбарчых участках на падставе дадзеных падліку бюлетэняў сябрамі ўчастковых выбарчых камісіяў. Менавіта гэтую праграму збіраюцца рэалізаваць прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў у межах кампаніі незалежнага назірання. Згодна з арт. 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, назіральнік мае права атрымліваць інфармацыю аб выніках падліку галасоў і складанні пратаколаў адпаведнымі камісіямі аб выніках выбараў. Назіральнік таксама мае права знаёміцца з пратаколамі ўчастковых камісіяўй аб выніках галасавання і пратаколамі адпаведных камісіяў аб выніках выбараў, падпісанымі і накіраванымі ў вышэйстаячую камісію ў адпаведнасці з дзеючым кодэксам. Хацелася б нагадаць таксама, што копія выніковага пратакола, згодна з арт. 55 ВК, пасля яго падпісання вывешваецца для ўсеагульнага азнаямлення. Назіральнік мае права вырабіць копію пратаколу ўчастковай камісіі аб выніках галасавання сваімі сродкамі і сіламі. Усе дадзеныя, якія будуць выкарыстоўвацца пры паралельным падліку галасоў, будуць здымацца назіральнікамі з выніковых пратаколаў, якія будуць складзеныя камісіямі. Акрамя таго, дзеля дакладнасці дадзенай інфармацыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў неаднаразова выходзілі з прапановай да Цэнтральнай камісіі аб магчымасці сябрам участковых камісіяў распісвацца на копіях выніковых пратаколаў, якія зробленыя назіральнікамі, аднак прапанова не была задаволеная.
Сістэма анкетавання выбаршчыкаў падчас іх выхаду пасля галасавання адносна таго, за якога кандыдата яны прагаласавалі, якая была апісаная ў заяве міністэрства юстыцыі, носіць назву "экзіт полл". Выкананне такой працэдуры назіральнікамі не прадугледжаная беларускім выбарчым заканадаўствам, у прыватнасці, арт. 13 Выбарчага кодэкса РБ. Назіральнікі, якія будуць ажыццяўляць назіранне ад грамадскіх арганізацыяў, дзейнічаюць выключна ў межах існуючага заканадаўства, і таму праводзіць падобную акцыю не збіраліся і не збіраюцца.
За апошні час міністэрства юстыцыі распаўсюджвае ўжо другую заяву аб незаконнасці дзейнасці незалежных грамадскіх назіральнікаў, палохае іх адміністратыўнай і крымінальнай адказнасцю. У сувязі з гэтым "незалежныя" заявілі рашучы пратэст і яшчэ раз нагадалі, што ўся дзейнасць у межах кампаніі незалежнага назірання ажыццяўляецца згодна з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і выконвае задачу дэмакратызацыі выбарчага працэсу, яго галоснасці і празрыстасці.
Заява была накіраваная ў міністэрства юстыцыі, а таксама асабіста міністру Варанцову Г.М.
Пасля такога падрабязнага тлумачэння, спадзяюцца арганізатары кампаніі, назіральнікі змогуць спакойна працаваць.
Прэс-служба ГІ "Незалежнае назіранне"