ЛУКАШЭНКА РЫХТУЕЦЦА ДА ГОРШАГА ("Наша свабода")
2001-08-22
Аўтар: Аўтар: Расціслаў Пермякоў
ЛукаЧП
Лукашэнкаўскія дарадцы, якія складалі план дзеянняў на "чорны дзень", аказаліся вельмі далікатнымі. Каб лішні раз не нерваваць цяперашняга кіраўніка краіны самой ідэяй паразы, аналітыкі ўзгадваюць "узнікненне сітуацыі парытэту галасоў". Што ж чакае Беларусь і беларусаў у такім выпадку?
Аналітычная запіска раіць: не варта фарсіраваць абвяшчэнне канчатковых вынікаў выбарчай кампаніі. Замест іх неабходна наладзіць масавыя выступленні "патрыятычна настроеных грамадзянаў", якія і выкажуць сваё меркаванне аб несумненнай перамозе А.Лукашэнкі.
Адначасова, падказваюць аналітыкі, усе дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі абрушваюць хвалю абураных выступаў грамадзянаў супраць шматлікіх парушэнняў з боку апазіцыі. Прыхільнікаў кандыдата-пераможцы абвінавацяць у "ажыццяўленні агітацыі, подкупе грамадзянаў і пагрозах выбаршчыкам пры наведванні выбарчых участкаў".
Апроч гэтай "лірыкі", плануцца і больш сур'ёзныя дзеянні. З моманту пачатку папярэдняга галасавання і да афіцыйнага абвяшчэння вынікаў выбараў усе сілавыя структуры будуць пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым нясення службы.
У выпадку ўзнікнення "масавых беспарадкаў, якія будуць дэстабілізаваць абстаноўку ў сталіцы" (г. зв. "югаслаўскі варыянт", які "прадказваў" А.Лукашэнка 31 ліпеня на нарадзе выканаўчых работнікаў. - Р.П.) плануецца перакрыць усе офісы апазіцыйных структураў, перапыніць вяшчанне тэлевізійных каналаў і нават адключыць міжгароднюю і міжнародную сувязь.
Цалкам комплекс мерапрыемстваў, выпрацаваны ў нетрах лукашэнкаўскай адміністрацыі, вельмі нагадвае путч. Прычым даволі няўдалы - накшталт ГКЧП дзесяцігадовай даўніны.
Перадвыбарчная істэрыя
Тым часам, працягваецца апантанае нагнятанне перадвыбарчай істэрыі вакол кандыдата ў прэзідэнты А.Лукашэнкі. Дзяржаўная газета "Советская Белоруссия" два нумары запар друкавала на першай старонцы надзвычай вялікім шрыфтам "Разам! А.Р.Лукашэнка - наш прэзідэнт". Хоць "Советская Б." - газета дзяржаўная, і таму мусіць прадстаўляць інтарэсы ўсіх грамадзянаў Беларусі, а не толькі тых, хто моліцца на вусатую ікону.
Учора гэтая ж газета надрукавала перадвыбарчную праграму гэтага ж кандыдата. Хоць магла любога іншага з чатырох. У якасці ілюстрацыі быў абраны фотаздымак у лепшых дыктатарскіх традыцыях: А.Лукашэнка трымае на руках маленькую дзяўчынку і кветкі. Здавалася б, такі від "мастацтва" даўно скампраметаваў сябе пасля аналагічных фотаздымкаў Сталіна і Гітлера. Але выкарыстоўваецца дагэтуль.
Афіцыйнае агенцтва БелТА рапартуе, што, паводле сацыялагачнага апытання, праведзенага "комплекснай групай сацыёлагаў", рэйтынг А.Лукашэнкі падвысіўся з 51,4% да 57,4%. Тады як рэйтынгі ягоных канкурэнтаў нібыта складаюць: Сяргей Гайдукевіч - 1,5%, Уладзімір Ганчарык - 2,3%, Сямён Домаш - 2,9%. Прычым, гэтыя рэйтынгі з цягам часу толькі падаюць. Цікава, што "сацыёлагі" паходзяць з адной афіцыйнай структуры, якая корміцца на бюджэтныя грошы (не без дапамогі цяперашняга кіраўніка дзяржавы), а таксама двух установаў, якія "кормяцца" за кошт існавання міфічнай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
Ідзе моцная інфармацыйная "прамыўка мазгоў" з разлікам на тую вялікую частку насельніцтва (да 30%), якія да апошняга не маглі вызначыцца з "сваім" кандыдатам.
Як ні дзіва, але ўсе гэтыя намаганні могуць прынесці хутчэй адмоўны вынік. Па-першае, метады, якімі карыстаюцца "паліттэхнолагі", запомніліся многім з савецкіх часоў і нарад ці абудзяць салодкае пачуццё настальгіі. Па-другое - і гэта больш небяспечна для цяперашніх уладаў - звесткі накшталт такіх "сацыялагічных апытанняў" толькі супакойваюць нервы А.Лукашэнкі і ягоных памагатых і абуджаюць у іх спакой. Замест сапраўдных звестак з "сацыялагічнага фронту" уладны кандыдат атрымоўвае цукерку для ўласнага задавальнення. І таму ўжо 10 верасня ён можа быць сур'ёзна шакіраваны вынікамі галасавання.
Мядзведжая паслуга
Пры ўсіх няпростых перыпетыях барацьбы за прэзідэнцкае крэсла А.Лукашэнка робіць крокі, якія нібыта мусяць даказаць ягоную высакароднасць.
У панядзелак, як паведамляе HTB.ru, цяперашні кіраўнік дзяржавы прапанаваў сваім канкурэнтам скарыстацца паслугамі дзяржаўнай аховы ў адпаведнасці з законам "Аб дзяржаўнай ахове".
Відавочна, што гэтая "дапамога" хутчэй закліканая была паставіць пад кантроль усе дзеянні лукашэнкаўскіх канкурэнтаў. А калі ўзгадаць усе апошнія скандалы знікненняў вядомых асобаў у Беларусі і дачынення да гэтых злачынстваў супрацоўнікаў прэзідэнцкай аховы, то становіцца ўвогуле небяспечна мець за спіной такога "ахоўніка". Бо, калі што, ён сам першым угоніць нож у спіну непажаданаму канкурэнту А.Лукашэнкі.
Тым не менш, усе гэтыя матывы не замінулі кандыдату ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі, "беларускаму Жырыноўскаму" Сяргею Гайдукевічу пагадзіцца на такую ахову. Прэстыжна, канешне, што цябе некалькі дзён будзе ахоўваць чалавек, які раней ахоўваў кіраўніка дзяржавы. Але якая з таго карысць? Няўжо ён сапраўды апасаецца, што на яго будуць рыхтаваць замах?
Адзіны кандыдат ад шырокай апазіцыі Уладзімір Ганчарык і Сямён Домаш адмовіліся ад такога "падарунку". Лепш за ўсё гэта аргументаваў С.Домаш: маўляў, гэтая ахова будзе толькі замінаць працы. А У.Ганчарык знайшоў кампраміс: ён дапускае прысутнасць целаахоўнікаў у падарожжах па Беларусі і падчас правядзення масавых мерапрыемстваў.