Маніторынг
ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ СІЛЫ ЗА АДЗІНАГА КАНДЫДАТА ("Наша свабода")
2001-08-22
Аўтар: Аўтар: Рыгор Буян
Пяты Кангрэс дэмакратычных сілаў, які праходзіў 18 жніўня ў Мінску, выказаў поўную падтрымку адзінаму кандыдату ў прэзідэнты Уладзіміру Ганчарыку.
Вынікі 5-га Кангрэса былі абсалютна прадказальнымі, таму нават не спатрэбілася прымаць ніякіх спецыяльных пастановаў або рэзалюцыяў. Пасля таго, як 867 дэлегатаў - прадстаўнікоў дэмакратычных рэгіянальных аб'яднанняў - аднагалосна падтрымалі адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі, Уладзімір Ганчарык выступіў з прамовай. "Я веру, што разам - нават у гэтых умовах, - мы пераможам. І разам мы пабудуем новую Беларусь. Няхай заўсёды гучыць "Жыве Беларусь!", - заявіў адзіны кандыдат.
Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай запатрабаваў ад Аляксандра Лукашэнкі публічных тэледэбатаў, а таксама стварэння незалежнай камісіі па расследаванні злачыннай дзейнасці "эскадронаў смерці". 17 жніўня Цэнтрвыбаркам адмовіў адзінаму кандыдату даць прамы эфір на тэлебачанні.
У сваім выступе У.Ганчарык адзначыў, што "вертыкаль" будзе рабіць усё магчымае і немагчымае, каб не дапусціць перамогі дэмакратычнага кандыдата. Ужо ёсць звесткі, што выканаўчая ўлада атрымала загад забяспечыць у часе датэрміновага галасавання 30% выбаршчыкаў - замест устаноўленай планкі ў 5-7%. За каго яны "прагаласуюць" - тлумачыць не трэба. У звязку з такімі пагрозамі адзіны кандыдат заклікаў чыноўнікаў устрымацца ад фальсіфікацыяў і правакацыяў.
Ужо цяпер дзеянні ўладаў выклікаюць у дэмакратычнай грамадскасці ўсё большую занепакоенасць. Днямі, па словах У.Ганчарыка, пад Слонімам прайшлі спецыяльныя вучэнні, у якіх удзельнічалі спецпадраздзяленні МУС і КДБ - яны праводзілі сумесную рэпетыцыю разгону дэманстрантаў. "З кім хоча ваяваць Лукашэнка: з беларускім народам?" - паставіў пытанне адзіны кандыдат у прэзідэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі.
Выхад на трыбуну другога зарэгістраванага кандыдата Сямёна Домаша зала сустракала апладысментамі і стоячы. Сямён Домаш пацвердзіў, што ён здыме сваю кандыдатуру - гэта мусіць адбыцца ў часе тэлевізійнага выступлення Сямёна Домаша па Беларускім тэлебачанні 21 жніўня з 19.00 да 19.30.
"Дэмакратычныя сілы ўжо вылучылі адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары - Уладзіміра Ганчарыка. Ён годны кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі. Яму і людзям з ягонай каманды баліць сэрца за нашую краіну. Гэта рэальная альтэрнатыва сённяшняму рэжыму Лукашэнкі".
Былы прэм'ер-міністр Міхаіл Чыгір паведаміў кангрэсу, што ўлады зараз рыхтуюць правакацыі, скіраваныя непасрэдна супраць патэнцыйных кандыдатаў У.Ганчарыка і С.Домаша. Па неправеранай інфармацыі, вядуцца здымкі фільма, у якім вельмі падобныя на кандыдатаў артысты паўстануць перад тэлегледачамі ў надзвычай "непатрэбным выглядзе". Хутчэй за ўсё, стужка будзе круціцца па БТ.
Па звестках У.Ганчарыка, правакацыі могуць мець і іншыя формы. Напрыклад, бліжэйшым часам на Беларускім тэлебачанні могуць з'явіцца ролікі, у якіх выбаршчыкам нібыта ад імя дэмакратычнага кандыдата раздаюцца грошы - такім чынам людзям у галовы будзе ўбівацца думка, што апазіцыя купляе галасы выбаршчыкаў.
Чакаецца таксама павелічэнне накладаў дзяржаўных газет, запланаванае на 28 жніўня, - за два тыдні да выбараў. Па словах адзінага кандыдата, наклад "Советской Белоруссии" складзе ў гэты дзень 1 мільён асобнікаў, газеты "Звязда" - 400 тысяч.
У.Ганчарык лічыць, што галоўная мэта кангрэса дасягнутая: "Галоўная задача - каб у гэтых цяжкіх, вельмі цяжкіх умовах пры часавым абмежаванні трэба выйграць прэзідэнцкія выбары. Каб дасягнуць гэтага, трэба найбольш моцна працаваць з выбаршчыкамі ў рэгіёнах. Я думаю, у пэўнай ступені кангрэс вырашыў гэтую задачу", - сказаў адзіны кандыдат.
Уладзімір Ганчарык не назваў пэўнай даты, калі ў прэсу будзе выкінутая чарговая хваля кампрамату на цяперашнія ўлады - пра існаванне ў Беларусі "эскадронаў смерці". "Я думаю, да выбараў пэўна нешта з'явіцца", - заявіў Уладзімір Ганчарык.