АГІТАЦЫІ ХОПІЦЬ НА ЎСІХ? ("Звязда")
2001-08-20
Аўтар: Аўтар: Сяргей Каралевіч
Агітацыйная кампанія, якая пачалася некалькі дзён таму, павінна спыніцца пасля 7 верасня. За дзень да выбараў, а таксама ў сам дзень іх правядзення якая б то ні была агітацыя на карысць кандыдатаў у прэзідэнты забараняецца. Нельга будзе тады нават увогуле заклікаць прыняць удзел у галасаванні альбо байкатаваць выбары. Як паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, ужо паступіла некалькі заяў, у якіх кандыдаты, а таксама прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў просяць растлумачыць асобныя моманты правядзення агітацыі падчас выбараў прэзідэнта ў Беларусі.
Трэба адзначыць, што заканадаўча зацверджаныя рамкі правядзення агітацыі на карысць кандыдата ў прэзідэнты ў Беларусі не такія ўжо і вялікія, прычым гэта датычыцца і выкарыстання грашовых сродкаў. Так, апошняе абмежавана сумай у 2300 мінімальных заработных плат, якая выдаецца кожнаму кандыдату. Выкарыстаць яе кандыдат можа толькі на друкаванне агітацыйных матэрыялаў з паперы: грошы нават не будуць выдавацца на рукі. Вырабляць нейкія агітацыйныя матэрыялы за свой уласны кошт кандыдат не мае права. Не маюць права затрачваць грашовыя сродкі на друкаванне агітацыйных матэрыялаў у падтрымку кандыдатаў і палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, прыватныя асобы. Наўрад ці адбудзецца так, што агітацыйныя матэрыялы не будуць вырабляцца нейкім "падпольным" шляхам, таму значная частка візуальнай агітацыі трапіць (ды і ўжо трапляе) да выбаршчыкаў незаконна.
Не вельмі шмат будзе агітацыі непасрэдна кандыдатамі ў прэзідэнты ў сродках масавай інфармацыі. Яны будуць мець права бясплатна надрукаваць сваю перадвыбарную праграму ў памеры 5 машынапісных старонак у газетах "Белорусская нива", "Звязда", "Знамя юности", "Народная газета", "Рэспубліка", "Советская Белоруссия", "7 дней", "Чырвоная змена". Выдзелены таксама бясплатны эфірны час. Нагадаем яшчэ раз час выхаду ў эфір кандыдатаў, які пачнецца ўжо ў аўторак. Сяргей Гайдукевіч: па тэлебачанню - 21 жніўня з 18.30 да 19.00 і 28-га з 18.30 да 19.00, па радыё - 23-га з 8.30 да 9.00 і 30-га з 8.30 да 9.00. Уладзімір Ганчарык: па тэлебачанню -22-га з 19.00 да 19.30 і 29-га з 19.00 да 19.30, па радыё - 24-га з 8.00 да 8.30 і 31-га з 8.00 да 8.30. Сямён Домаш: па тэлебачанню - 21-га з 19.00 да 19.30 і 28-га - з 19.00 да 19.30, па радыё - 23-га з 8.00 да 8.30 і 31-га з 8.30 да 9.00. Аляксандр Лукашэнка: па талебачанню - 22-га з 18.30 да 19.00 і 29-га з 18.30 да 19.00, па радыё - 24-га з 8.30 да 9.00 і 30-га з 8.00 да 8.30.
Акрамя пералічаных спосабаў агітацыі кандыдатам прыйдзецца спадзявацца толькі на ўласныя сілы і сілы сваёй каманды, якая павінна будзе займацца непасрэдна "моўнай" агітацыяй. Правядзенне агітацыі такім чынам таксама мае свае асаблівасці. У прыватнасці, некаторыя складанасці ўзнікаюць пры арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі ў прыдатных для гэтага месцах: клубах, залах і г. д. Спецыяльных дазволаў уладаў на правядзенне падобных сустрэч не патрэбна (у адрозненне ад правядзення вулічных мерапрыемстваў, якое рэгламентуецца не выбарчым заканадаўствам, а законам аб правядзенні вулічных шэсцяў, пікетаў і г. д., а гэта не дазваляе актыўна выкарыстоўваць вулічныя мерапрыемствы ў даволі кароткачасовы перыяд агітацыйнай кампаніі). Аднак вопыт правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сведчыць, што вельмі часта кандыдатам не ўдавалася дамовіцца з адміністрацыяй будынку аб арэндзе памяшкання, або тая патрабавала за арэнду плату. "Многія прадпрыемствы, якія маюць спецыяльныя залы для гледачоў, - гаспадарча-разліковыя, - адзначае М. Лазавік. - Таму адміністрацыя можа патрабаваць плату, прычым гэта будзе яе цалкам законнае права. Зразумела, тут узнікаюць складанасці. Мой суб'ектыўны погляд, што тут Цэнтрвыбаркаму неабходна будзе падумаць і неяк вырашыць гэта пытанне. Бо калі прытрымлівацца выбарчага заканадаўства літаральна, то там выдаткі на аплату арэнды памяшкання не прадугледжаны".
Дарэчы, адзін з кандыдатаў, У.Ганчарык, ужо звярнуўся ў Цэнтрвыбаркам з прапановай прыняць спецыяльную пастанову аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў на адкрытым паветры і ў закрытых памяшканнях у перыяд выбарчай кампаніі. "На практыцы, - адзначыў на гэты конт М. Лазавік, - цяперашні Выбарчы кодэкс "абкатваўся" толькі аднойчы падчас правядзення парламенцкіх выбараў. Таму некаторыя бакі, якія патрабуюць дапрацоўкі, ужо выявіліся. Я думаю, што і падчас наступных парламенцкіх выбараў мы сутыкнёмся з неабходнасцю і надалей удасканальваць гэты закон. Аднак сам закон у цэлым забяспечвае самае галоўнае - роўнасць усіх кандыдатаў". На пытанне, ці не плануе ўсё ж такі Цэнтрвыбаркам распрацаваць нейкую спецыяльную пастанову па правядзенню агітацыі, М.Лазавік адказаў: "Агітацыя пакуль толькі пачалася. Нейкай неабходнасці ў падобнай пастанове мы пакуль не бачым. Хаця, калі практыка пакажа, што нейкія пытанні патрабуюць неадкладнага вырашэння, мы аператыўна збяром пасяджэнне камісіі і будзем разглядаць тую сітуацыю, якая патрабуе нашага ўмяшання".
Пакуль што цяжка сказаць, наколькі эфектыўна правядуць аптацыю каманды кандыдатаў. Аднак падчас гэтай выбарчай кампаніі нам зноў прыйдзецца пачуць не толькі заклікі прагаласаваць за кагонебудзь з кандыдатаў, але і супраць усіх. У прыватнасці, лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ і былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Зянон Пазьняк ужо заклікаў да апошняга. Такім чынам ён збіраецца дамагчыся перавыбараў. Праўда, наўрад ці ў яго знойдзецца такая колькасць прыхільнікаў, якая хоць нейкім чынам зможа паўплываць на вынікі галасавання.