Маніторынг
МЗС ЗАПРАШАЕ З ФІГАЙ У КІШЭНІ ("Наша свабода")
2001-08-17
Аўтар: Аўтар: Міхась КАРПОВІЧ
Учора міністэрства замежных справаў Беларусі абнародавала
заяву, датычную прэзідэнцкіх выбараў. У заяве гаворыцца: "Кіруючыся імкненнем
правесці выбары, што маюць адбыцца, дэмакратычна, сумленна і празрыста,
урад Рэспублікі Беларусь запрасіў дзяржавы-чальцы АБСЕ накіраваць сваіх
прадстаўнікоў для назірання за выбарамі. Запрашэнні аналагічнага характару
былі накіраваныя таксама БДІПЧ АБСЕ, Еўрапарламенту, Парламенцкай Асамблеі
АБСЕ і Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы".
У гэтай жа заяве МЗС абвінавачвае БДІПЧ АБСЕ ў "несвабоднасці ў прыняцці
ўласных рашэнняў" і выказвае ад імя ўрада Беларусі "сумнеў у аб'ектыўнасці
пазіцыі БДІПЧ АБСЕ падчас цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў".
Як вядома, назіральная місія БДІПЧ мелася прыехаць яшчэ за 6 тыдняў да
пачатку выбараў - яшчэ 1 жніўня. Але 30 ліпеня беларускае міністэрства
замежных справаў у даволі жорсткай форме адмовіла назіральнікам у візах.
Маўляў, пакуль няма за чым назіраць, бо на той час афіцыйная перадвыбарная
кампанія яшчэ не пачыналася. Аднак гэты шасцітыднёвы тэрмін з'яўляецца
часткай методыкі БДІПЧ па назіранні за выбарамі.
Дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Жэрар
Студман заявіў тады, што "вельмі расчараваны" рашэннем беларускага МЗС
не пушчаць міжнародных назіральнікаў: "Кожны дзень затрымкі з прыбыццём
нашай місіі абмяжоўвае нашыя магчымасці па арганізацыі прафесійнага назірання
на тым узроўні, як гэта ажыццяўляецца ў іншых краінах АБСЕ. Прысутнасць
БДІПЧ накіраваная на падвышэнне ўзроўню выбарчага працэсу; зацягванне
нашага прыбыцця спрыяе толькі падрыву даверу да выбараў як унутры краіны,
так і за мяжой". Як бачым, гэтая заява застаецца актуальнай і да сённяшняга
дня.
Дарэчы, як адзначаюць прадстаўнікі АБСЕ, у рамках сваіх абавязацельстваў
перад гэтай арганізацыяй усе краіны-чальцы АБСЕ, у тым ліку і Беларусь,
абавязаныя запрашаць БДІПЧ для назірання за выбарамі, якія праводзяцца
ў гэтых краінах. БДІПЧ з'яўляецца галоўнай структурай у Еўропе па назіранні
за выбарамі.
Такім чынам, МЗС адначасова запрашае назіральнікаў і зацягвае выдачу ім
уязных візаў, незабываючыся кінуць цень на гасцей.
Беларуская дыпламатыя мусіць добра ўсведамляць, што такія заявы могуць
не толькі ўскладніць працу незалежных назіральнікаў, але і стаць нагодай
для чарговага дыпламатычнага канфлікту з краінамі Захаду.
Таму трэба разумець, што гэтая заява - працяг мэтанакіраванай працы на
непрызнанне вынікаў працы еўрапейскага назірання на прэзідэнцкіх выбарах
у Беларусі. Гэта азначае, што калі паводле БДІПЧ выбары ў Беларусі будуць
прызнаныя несвабоднымі і недэмакратычнымі, беларускія афіцыйныя крыніцы
чарговы раз заявяць пра сваю ўпэўненасць у неаб'ектыўнасці БДІПЧ. І гэта
азначае таксама, што беларускія ўлады ўжо адчуваюць небяспеку незалежнага
назірання - відаць, ім ёсць што хаваць?
Тым часам, прэс-сакратар МЗС Беларусі Павел Латушка падчас брыфінгу ў
МЗС учора заявіў, што візы назіральнікам БДІПЧ АБСЕ "будуць выдадзеныя своечасова".