НЕПАЖАДАНЫЯ НАЗІРАЛЬНІКІ ("Наша свабода")
2001-08-17
Аўтар: "Наша свабода", 17 жніўня 2001 г., стар. 1
Беларускія ўлады дэманструюць упартае нежаданне
бачыць на выбарчых участках незалежных назіральнікаў. 29 прадстаўнікоў
Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ па-ранейшаму не
могуць патрапіць у Беларусь, каб прыступіць да выканання сваёй місіі доўгатэрміновага
назірання.
Мы звязаліся з Граерам Бальянам, кіраўніком аддзела
па выбарах БДІПЧ, які ачольвае місію назіральнікаў для Беларусі. Сп. Бальян
паведаміў нам, што па стане на ўчарашні дзень ніхто з назіральнікаў так
і не змог атрымаць уязных візаў у нашу краіну.
Мы звязаліся з Граерам Бальянам, кіраўніком аддзела
па выбарах БДІПЧ, які ачольвае місію назіральнікаў для Беларусі. Сп. Бальян
паведаміў нам, што па стане на ўчарашні дзень ніхто з назіральнікаў так
і не змог атрымаць уязных візаў у нашу краіну.
- Мы атрымалі афіцыйнае запрашэнне ад беларускага міністэрства замежных
справаў прыехаць у Беларусь 15 жніўня. Мы адразу звярнуліся ў беларускую
амбасаду ў Варшаве, каб атрымаць візы, бо без візаў мы не зможам патрапіць
у Беларусь, але пакуль у нас няма ніякіх звестак адтуль.
- А вы спрабавалі звязвацца з персаналам амбасады, каб удакладніць
тэрміны выдачы візаў?
- Так, мы знаходзімся ў кантакце з амбасадай. Нам паведамілі, што мы зможам
атрымаць візы 16 або 17 жніўня. Але вось 16 ужо амаль скончылася, а візаў
няма. 17 - гэта ўжо пятніца, потым будуць выхадныя... Мы гатовыя ў любы
момант вылецець у Беларусь, дзве гадзіны - і мы ў Мінску. Але для гэтага
патрэбны дазвол на ўезд.
- Нават калі вам пашанцуе, і вы прыедзеце 17-га, ці не запозна гэта
будзе?
- Сапраўды, у любым выпадку мы прыедзем запозна. Мы ўжо прапусцілі шмат
вельмі важных падзеяў - такія, як збор подпісаў за кандыдатаў, іхняя афіцыйная
рэгістрацыя і пачатак перадвыбарнай кампаніі. Гэта ўсё вельмі важныя часткі
выбарчага працэсу.
- Скажыце, спадар Бальян, а ці былі ў гісторыі прэцэдэнты, калі нейкая
іншая краіна, якая ўваходзіць у АБСЕ, адмовіла назіральнікам АБСЕ ў прыездзе
або сама вызначала тэрміны іхняга прыезду?
- Не, такога яшчэ не надаралася ніколі. Ніколі назіральнікам ад БДІПЧ
АБСЕ не адмаўлялі ў дазволе прыехаць у краіну, дзе праводзяцца выбары.
Беларусь - гэта першая такая краіна.
- Як вы можаце ацаніць важнасць сваёй місіі? Ці могуць іншыя краіны
на падставе вашых справаздачаў не прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў
у Беларусі 9 верасня?
- Я ведаю, што ўсе краіны, што ўваходзяць у АБСЕ, вельмі шчыльна сочаць
за падзеямі ў вашай краіне. Яны будуць уважліва вывучаць вынікі нашай
працы. Але якія палітычныя рашэнні яны будуць прымаць - гэта залежыць
толькі ад іх. Мы ў гэта не можам быць уцягнутыя.
- Як вы лічыце, ці будуць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі дэмакратычнымі,
свабоднымі і справядлівымі?
- Пакуль я не прыеду ў Беларусь і не пазнаёмлюся з умовамі правядзення
выбараў, я не змагу вам даць адказу на гэтае пытанне.