НОВАЯ АПАЗЫЦЫЯ ("Наша ніва")
2001-08-13
Аўтар: Аўтар: Валерка Булгакаў
На мінулым тыдні былі апублікаваныя вынікі збору
подпісаў за кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Згодна зь імі, перадвыбарную
гонку могуць працягнуць толькі чацьвёра прэтэндэнтаў (С.Гайдукевіч, У.Ганчарык,
С.Домаш і А.Лукашэнка). Рэшта папросту ня здолела назьбіраць 100 тысяч
подпісаў. Паводле падлікаў Цэнтравыбаркаму, найбліжэй да запаветнай адзнакі
апынуўся лідэр камуністаў С.Калякін (у яго пасьля праверкі падпісных дакумэнтаў
прызнаныя сапраўднымі 93 562 подпісы) і "праваслаўны дырэктар" Л.Калугін
(91 345 подпісаў).
І ўсё-ткі галоўнай неспадзяванкай гэтага этапу перадвыбарнай кампаніі
для многіх застаецца адсейваньне галоўных прадстаўнікоў "новай апазыцыі"
М.Марыніча і Л.Сініцына. Дзіва што, яшчэ некалькі тыдняў таму назад у
беларускіх палітычных колах актыўна цыркулявала інфармацыя аб іх неабмежаваных
матэрыяльных рэсурсах і магутнай адміністрацыйнай падтрымцы.
Аднак, рэгістрацыя не адбылася. І прычынай гэтаму была не нястача тэхнічных
магчымасьцяў і дасьведчаных кадраў (на збор подпісаў за іх былі кінутыя
студэнты менскіх ВНУ), а карэкцыя палітычнага курсу беларускага рэжыму,
якая адбываецца па ходзе выбарчай кампаніі.
Як паведаміла нашая крыніца ў Адміністрацыі прэзыдэнта, рашэньне аб зьняцьці
Марыніча і Сініцына з дыстанцыі было прынятае Радай Бясьпекі на адным
зь яе нядаўніх пасяджэньняў.
Статус Рады Бясьпекі апошнім часам рэзка зьмяніўся. Фактычна, гэтая ўстанова
з разгалінаванай структурай (аддзеламі аналітычных дасьледаваньняў і прагназаваньня)
цяпер ператварылася ў мазгавы цэнтар лукашэнкаўскага выбарчага штабу.
Якраз яе дзейнасьцю і рэальным уплывам на бягучую палітычную сытуацыю
могуць быць патлумачаныя загадкавыя пэрыпэтыі перадвыбарнага маратону
- у тым ліку раптоўны сыход у палітычны цень аднаго з фаварытаў сёлетняй
кампаніі Н.Машэравай. Сапраўды, калі гэта зрабілі зь Сініцыным і Марынічам,
чаму тое самае не магло адбыцца з шаноўнай Наталяй Пятроўнай?
Адсутнасьць імёнаў "новых апазыцыянэраў" у выбарчых бюлетэнях зусім ня
будзе пазначаць, што лукашэнкаўскія аналітыкі паставілі крыж на ідэі стварэньня
"кіраванай апазыцыі". Адна з найважнейшых падзеяў у палітычным жыцьці
Беларусі мінулага тыдня - публікацыя дэпутатам "палаткі" Генадзем Дылеўскім
"Адкрытага ліста будучаму прэзыдэнту" ў аўторкавым нумары "БДГ", выразна
паказвае, што інсьпіраваная Лукашэнкам з свайго атачэньня так званая "лібэральная
партыя" жыве і красуе, забясьпечваючы свайму прэзыдэнту надзейную правую
апору. Ліст Дылеўскага - гэта свайго роду маніфэст "новых апазыцыянэраў",
які вызначаецца неабыякой інтэлектуальнай культурай і ўтрымлівае шэраг
досыць радыкальных палажэньняў. У ім зьмяшчаюцца заклікі да эканамічнай
мадэрнізацыі Беларусі (разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу, фіскальная
рэформа, мінімізацыя ўдзелу дзяржавы ў гаспадарчай дзейнасьці, увядзеньне
свабоднай куплі-продажу зямлі, лібэралізацыя банкаўскай сфэры), дэмакратызацыі
сыстэмы палітычнай улады (павелічэньне вагі заканадаўчай і судовай улады,
укараненьне мясцовага самакіраваньня), канстытуцыйнага ўладкаваньня краіны
ў адпаведнасьці з эўрапейскімі стандартамі, вырашэньня дэмаграфічных праблемаў,
адкрытасьці да Захаду.
Трэба быць вельмі наіўным чалавекам, каб меркаваць, што аўтарам азначанай
публікацыі насамрэч ёсьць юрыст паводле адукацыі і бізнэсовец паводле
прафэсіі (да нядаўняга часу генэральны дырэктар ТАА "Ўладыка", а цяпер
дэпутат ад Мастоўскай выбарчай акругі) Генадзь Юльянавіч Дылеўскі. Вастрыня
ўзьнятых пытаньняў і грунтоўнасьць іх пастаноўкі сьведчыць хутчэй аб тым,
што перад намі плён працы цэлага калектыву. Дарэчы, такая практыка вельмі
пашыраная сярод дзяржаўных службоўцаў Беларусі: піша адзін, чытае другі.
Пры гэтым надзвычай важна, на якую асобу выпаў гонар агучыць "лібэральную
праграму". Ня так даўно Дылеўскі ўжо выканаў адно важнае даручэньне сваіх
апекуноў з Адміністрацыі прэзыдэнта для сёлетняй выбарчай кампаніі. Калі
сёлета 7 чэрвеня палата прадстаўнікоў прымала пастанову аб прызначэньні
прэзыдэнцкіх выбараў на 9 верасьня, праект пастановы, падрыхтаваны Дылеўскім,
які амаль цалкам супадаў з варыянтам Цэнтравыбаркаму, быў фактычна ўзяты
за аснову.
На жаль, наіўнасьць, уласьцівая ня толькі тым, каго звыклі называць "простымі
беларусамі", але і беларускім апазыцыянэрам, перакананым дэмакратам і
"ўладарам думак". Ужо досыць працяглы час паліттэхнолягі з лукашэнкаўскага
лягеру апрабоўваюць на грамадзтве розныя своекарысьлівыя хады і прыёмы,
сапраўдны сэнс і прызначэньне якіх іхныя апанэнты дагэтуль ня могуць зразумець
з-за фатальнай нястачы ў нашым грамадзтве палітычнай культуры - адсутнасьці
імунітэту на агрэсіўныя ўзьдзеяньні звонку. Досыць нейкаму некалі важнаму
чалавеку зганіць Лукашэнку і збудаваны ім рэжым - часта ў агульных фразах
і вельмі расплывіста (прычым за знадворнымі інвэктывамі нярэдка стаяць
прыхаваныя камплімэнты, а заклікі да дзеяньняў сфармуляваныя так, што
могуць прынесьці карысьць толькі Лукашэнку) - як яго адразу залічаюць
у апазыцыянэры, актыўна друкуюць у незалежных СМІ, прадстаўляюць замежным
візіцёрам і запрашаюць на сакрэтныя сустрэчы. І ўсё гэта адбываецца без
сур'ёзнага аналізу матываў, якія прымусілі тую ці іншую асобу пайсьці
на падобны ўчынак, без ацэнкі пэрспэктываў, рэальнае карысьці, якую ён
нясе для дэмакратычнага руху. У гэтым, як нідзе, праяўляецца і даецца
ў знакі рэальная адсутнасьць агульнапрызнаных аўтарытэтаў у нашым грамадзтве,
а таксама дэфармацыя адзінай сыстэмы вартасьцяў.
Пры ўсёй паўніні артыкулу Дылеўскага, у ім ёсьць вельмі паказальныя лякуны,
што сьведчаць пра карані і крыніцы гэтага матэрыялу. У ім зусім адсутнічае
тэма культурнай палітыкі і таму ўсе разважаньні пра адстойваньне нацыянальных
інтарэсаў Беларусі робяцца нацягнутымі і штучнымі. У ім ані слова аб нацыянальным
пытаньні, беларускай мове ці вяртаньні Быкава. Зрэшты, а ці шмат гавораць
пра гэта дэмакратычныя кандыдаты?..
Галоўная маральная перамога лукашэнкаўцаў над сваімі дэмакратычнымі апанэнтамі
акурат і палягае ў тым, што на гэтых выбарах першыя навязалі другім свае
правілы гульні, а другія некрытычна перанялі ў першых іхны спосаб палітычных
паводзінаў.
Тэма айчынных маральных ці культурных вартасьцяў у буйных палітыкаў дэмакратычнай
арыентацыі праскоквае (відаць, няма ў зьвязку з гэтым лепшага слова) неяк
мімаволі. А чаго вартыя адны назовы інтэрнэтаўскіх старонак нашых дэмакратычных
лідэраў, якія перадаюць у ангельскай транскрыпцыі расейскае гучаньне іх
прозьвішчаў. Да "пралукашэнкаўскіх" http://www.marinich.org, http://www.tereshchenko.by,
http://www.masherova.com і г.д. без усякіх згрызотаў сумленьня далучыліся
http://www.chigir.org, http://www.kozlovski.by.ru і нарэшце http://www.goncharik.org.
Цікава, як запісанае ў пашпарце прозьвішча гэтага кансалідаванага кандыдата
ад беларускай апазыцыі?