Маніторынг
СЯМЁН ДОМАШ ПАТРАБУЕ ГАРАНТЫЯЎ ("Наша свабода")
2001-08-10
Аўтар: Аўтар: Рыгор Буян
Сустрэчу з журналістамі 9 жніўня патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Сямён Домаш пачаў заяваю, што "на сённяшні момант мая каманда валодае істотным рэсурсам для тэхнічнага і арганізацыйнага правядзення кампаніі ва ўмовах татальнага прэсінгу з боку цяперашніх уладаў".
"У маёй камандзе сабраліся ўсе актывісты, якія працуюць у "трэцім сектары", і значная частка прадстаўнікоў беларускай палітычнай апазіцыі. Па-другое, са мной працуюць як у цэнтральным штабе, так і ў рэгіянальных штабах знакавыя асобы… Па-трэцяе, на падтрымку мяне скіраваныя інфармацыйныя цэнтры ў рэгіёнах. Па-чацвёртае, на базе рэгіянальных арганізацыяў мы сфарміравалі выбарчыя штабы, які не саступаюць штабам Лукашэнкі", - так патлумачыў сваю гатоўнасць да барацьбы С.Домаш.
"Я сёння пацвярджаю, што застаюся прыхільнікам пагаднення, дасягнутага на паседжанні "пяцёркі" 21 ліпеня. Тым не менш сёння палітычныя партыі, грамадскія рухі прапануюць канкрэтызаваць дамоўленасці "пяцёркі"… Паколькі сёння названы адзіны кандыдат, і я, і мая каманда павінны працаваць на адзінага кандыдата. Але мае прыхільнікі патрабуюць пэўных гарантыяў перад тым, як уключыцца ў работу пад кіраўніцтвам адзінага штаба. Лічу, што гэта нармальныя патрабаванні, калі адзін з кандыдатаў здымае сваю кандыдатуру на карысць другога", - заявіў Сямён Домаш. Мінулай суботай, 4 жніўня, прэтэндэнт прапанаваў У.Ганчарыку падпісаць пагадненне паміж "двума". "У ім указвалася, што прэтэндэнт, які здымае сваю кандыдатуру на карысць адзінага кандыдата, павінен займаць кіруючае месца ў аб'яднаным выбарчым штабе і ў выпадку перамогі будзе прызначаны кіраўніком урада з шырокімі паўнамоцтвамі. Гэта два прынцыповыя моманты, на якіх настойваюць мае прыхільнікі… Мы з Уладзімірам Іванавічам дамовіліся сустрэцца, каб абмеркаваць тэкст гэтага пагаднення. Аднак сустрэчы сам-насам не адбылося, бо прысутнічалі ўсе ўдзельнікі "пяцёркі", якія заявілі, што нязгодныя, каб мы заключылі якое-небудзь пагадненне, і прапанавалі, каб я зняў кандыдатуру на карысць Ганчарыка без усялякіх дамоваў… Я спадзяюся, што ў бліжэйшыя два дні здаровы сэнс пераможа, і пагадненне будзе падпісанае. Калі не - значыць, камусьці непатрэбная кансалідацыя, непатрэбная перамога", - заявіў Сямён Домаш.