ЦВК РАССТАВІЎ КРОПКІ НАД "І" ("Наша свабода")
2001-08-10
Аўтар: Аўтар: Рыгор Буян
"Няўдачнікі"
Па статыстыцы Цэнтрвыбаркама, па выніках кампаніі па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты толькі чацвёра прэтэндэнтаў: лідэр ЛДП Сяргей Гайдукевіч, старшыня ФПБ Уладзімір Ганчарык, кіраўнік Гродзенскага аб'яднання "Ратуша" Сямён Домаш ды Аляксандр Лукашэнка - працягнуць прэзідэнцкую гонку. 12 прэтэндэнтаў выбылі з барацьбы з-за адсутнасці неабходнай колькасці подпісаў выбаршчыкаў у іхнюю падтрымку: прадпрымальнік Юрый Данькоў (прызнаныя сапраўднымі 62.039), кіраўнік АТ "Атлант" Леанід Калугін (91.345), лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін (93.562), былы міністр абароны Павел Казлоўскі (79.351), былы супрацоўнік КДБ Канстанцін Канановіч (741), Зянон Пазьняк (70.915), дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец (12.324), дырэктар сумеснага нямецка-беларускага прадпрыемства "МІМ-Беларусь" Віктар Цярэшчанка (68.879), былы прэм'ер Міхаіл Чыгір (85.323) і старшыня прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Ярашук (68.159).
Пытанне пра рэгістрацыю С.Гайдукевіча, У.Ганчарыка, С.Домаша і А.Лукашэнкі Цэнтрвыбаркам разгледзіць 14 жніўня.
Праўдашукальнікі
Асобным пунктам Цэнтрвыбаркам разглядаў заявы Міхаіла Марыніча і Леаніда Сініцына пра тое, што яны сабралі больш за 100 тысячаў подпісаў, а таму таксама маюць права працягнуць барацьбу за прэзідэнцкае крэсла. Па выніках праверкі подпісаў ЦВК залічыў на карысць М.Марыніча 91.021 подпіс, на карысць Л.Сініцына - 80.540 подпісаў.
6 жніўня члены ініцыятыўнае групы Л.Сініцына падалі ў ЦВК 24 заявы, паводле якіх нібыта подпісы перададзеныя намеснікам старшыняў райвыканкамаў шэрагу раёнаў, але яны не ўлічаныя пры падвядзенні вынікаў. Пры аргументацыі гэтых заяваў Л.Сініцын сказаў, што "ў дачыненні да мяне парушаная Канстытуцыя".
ЦВК правёў расследаванне. Аказалася, што ніхто з членаў каманды Л.Сініцына не перадаваў 281 подпіс на 35 падпісных лістах намесніку старшыні Клічаўскага райвыканкама спадару Пятрову, бо чалавек з такім прозвішчам ніколі не працаваў і не працуе на гэтай пасадзе. Аналагічная сітуацыя склалася і па астатніх 23 заявах. Таму ЦВК залічыла на карысць прэтэндэнта 80.540 подпісаў, а дакументы накіраваныя "на прававую ацэнку ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь".
Міхаіл Марыніч у сваім выступе адзначыў, што "факты знікнення подпісаў, падпісных лістоў стануць вядомыя ўжо сёлета". "Ёсць факт, што на 7 жніўня па зверцы колькасць "згубленых" подпісаў склала каля пяці тысячаў подпісаў, якія ЦВК адмовіўся аб'ектыўна расследаваць". М.Марыніч упэўнены, што "дадзеная ўстаноўка любымі сродкамі не дапусціць маёй рэгістрацыі". Гаворка ідзе пра 4.500 подпісаў, нібыта знойдзеных у Маскоўскай і Фрунзенскай камісіях Мінска. Аднак праверкай было ўстаноўлена, што ў дадзеным выпадку мела месца "тэхнічная памылка", калі за адну партыю здадзеных лістоў выдаваліся па дзве распіскі.
М.Марыніч назваў праведзенае пракуратурай і Цэнтрвыбаркамам расследаванне неаб'ектыўным і заявіў, што лічыць "немагчымым далейшае супрацоўніцтва" з ЦВК, хаця і папрасіў дазволу ЦВК на праверку подпісаў да 14 жніўня. Былы пасол абяцаў таксама звярнуцца са скаргай у Еўрапейскі суд па правах чалавека.
Ім зоймецца пракуратура
Найбольшыя парушэнні заканадаўства зафіксаваныя з боку ініцыятыўнае групы прадпрымальніка Юрыя Данькова. "Такой пагарды выбарчым заканадаўствам не дапусціла ні адна ініцыятыўная група, апроч Юрыя Данькова", - сказала член ЦВК Надзея Кавалёва. У выніку праверкі подпісаў аказалася, што 98% правераных подпісаў аказаліся несапраўднымі.
"У падпісных лістах стаялі па 5-6 аднолькавых прозвішчаў; у Фрунзенскім раёне ў спісы ўключаныя людзі, якія і ведаць не ведалі, што яны падтрымліваюць Данькова; на няшчасце прэтэндэнта, у спісах аказалася і старшыня камісіі Фрунзенскага раёна, якая і выявіла ўсе гэтыя парушэнні: фіктыўныя звесткі пашпартоў, у спісы ўключаныя дзеці 93, 96, 98 гадоў нараджэння", - падкрэсліла старшыня Мінскай гарадской выбарчай камісіі. Такая знявага выбарчага заканадаўства з боку дэпутата Мінскага гарсавета Ю.Данькова вымусіла Цэнтрвыбаркам накіраваць усе дакументы ў пракуратуру Беларусі.
"Лукашэнка не вінаваты"
Цэнтрвыбаркам палічыў неабгрунтаванай скаргу старшыні партыі БНФ "Адраджэньне" Вінцука Вячоркі на парушэнне выбарчага заканадаўства з боку ініцыятыўнай групы і асабіста А.Лукашэнкі. У заяве В.Вячорка прасіў адмовіць А.Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам з-за парушэнняў заканадаўства. В.Вячорка звярнуў увагу, што ў падпісных лістах па вылучэнні А.Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты не быў пазначаны дакладны адрас прэтэндэнта - у графе "месца жыхарства" стаяла толькі "горад Мінск". У той жа час, адзначаецца ў заяве, астатнія ініцыятыўныя групы пазначалі ў падпісных лістах поўны адрас прэтэндэнта, як гэта і прадугледжана заканадаўствам.
Другая прычына палягае ў тым, што 2 жніўня ў газеце "Советская Белоруссия" быў апублікаваны тэкст выступлення Лукашэнкі на рэспубліканскай нарадзе з прадстаўнікамі "вертыкалі", дзе было заяўлена, што "выбары дзеючага прэзідэнта арганізоўвае "вертыкаль" улады". Гэтае выказванне, на думку В.Вячоркі, "пацвярджае факт выкарыстання А.Лукашэнкам адміністрацыйнага рэсурсу".
Апрача таго, у адрозненне ад астатніх прэтэндэнтаў, А.Лукашэнка меў інфармацыю аб ходзе праверкі якасці сабраных подпісаў. І апошняе: задоўга да рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты А.Лукашэнка пачаў агітацыйную кампанію ў СМІ. Пра гэта, на яго думку, сведчыць наступнае выказванне прэзідэнта на нарадзе з "вертыкаллю": "Гэтыя прэзідэнцкія выбары я выйграю. З вамі гэта будзе ці без вас, але я іх выйграю". Аднак Цэнтрвыбаркам палічыў усе прэтэнзіі неабгрунтаванымі.