Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Маніторынг

"БЕЛАРУСКІ ВАРЫЯНТ - ГАНЧАРЫК" ( "Наша свабода")


2001-08-08

Аўтар: Аўтар: Рыгор Буян

Адзіны кандыдат у прэзідэнты ад шырокай грамадскай кааліцыі старшыня ФПБ Уладзімір Ганчарык заявіў:"У Беларусі не будзе Каштуніцы - будзе Ганчарык".

"У нас дастаткова сілаў, магчымасцяў нармальна рашыць праблему шляхам выбараў. І я думаю, гэта мусіць добра разумець і Аляксандр Лукашэнка. Ніякай трагедыі для яго асабіста, калі ён чысты ў адным пытанні (маецца на ўвазе знікненне палітычных апанентаў рэжыму. - Р.Б.), няма, і крычаць, што я ўладу не здам ніколі - гэта проста амаральна. Ён па нараджэнні не быў прэзідэнтам ні зверху, ні з якіх бакоў", - заявіў Уладзімір Ганчарык на сустрэчы з журналістамі ў рамках прэс-клуба Беларускай асацыяцыі журналістаў 7 жніўня.

Гэтым днём У.Ганчарык вярнуўся з Масквы, дзе напярэдадні ён правёў шэраг сустрэчаў з расійскімі палітыкамі: "У адміністрацыі Пуціна я не меў ніякіх сустрэчаў, але перамаўляў з вельмі сур'ёзнымі людзьмі". У.Ганчарык, не называючы прозвішчы сваіх суразмоўцаў, ацэньвае вынікі кансультацыяў як "вельмі станоўчыя". Прэтэндэнт заявіў таксама пра "вельмі станоўчыя зрухі па сітуацыі на Беларусі" з боку Крамля.

Адказваючы на пытанне пра будучыню А.Лукашэнкі ў выпадку перамогі дэмакратычнага кандыдата, Уладзімір Ганчарык заявіў: "Усе пралікі ў эканоміцы не патрэбна караць - людзі зрабілі свой выбар, ён працаваў як умеў. А вось іншае, калі штосьці звязана са знікненнем людзей, то за ўсё трэба адказваць".

Літаральна падчас паседжання прэс-клуба кіраўнік перадвыбарнага штаба адзінага кандыдата Васіль Лявонаў перадаў Уладзіміру Ганчарыку запіску наступнага зместу: "Палкоўнік Алкаеў згодны з тым, каб Вы сёння пацвердзілі: рапарт напісаны Алкаевым уласнаручна".

Як вядома, былы начальнік СІЗА №1 палкоўнік Алег Алкаеў праходзіў па справе аб знікненнях сведкам; ва ўласнаручным рапарце афіцэр заявіў, што напярэдадні знікненняў Ю.Захаранкі ды В.Ганчара з А.Красоўскім ён выдаваў расстрэльны пісталет, які выкарыстоўваецца для смяротнага пакарання, па патрабаванні тагачаснага міністра ўнутраных справаў Ю.Сівакова.

Высветлілася, што Васіль Лявонаў сам гутарыў па тэлефоне з А.Алкаевым, які і зрабіў такое прызнанне.

Уладзімір Ганчарык заявіў таксама: "Я думаю, трэба чакаць новых матэрыялаў. Яшчэ не толькі Алкаеў скажа. Ёсць людзі, якія маюць пачуццё грамадзянскай адказнасці за ўсё тое, што адбываецца. Ды і гонар афіцэра для іх - не пусты гук".

Кандыдат яшчэ раз падкрэсліў, што не мае рознагалоссяў з Сямёнам Домашам. "Днямі мы пацвердзілі, што мы захоўваем дамоўленасці. Яны заключаюцца ў наступным: у выпадку рэгістрацыі прэтэндэнта №1 усе астатнія здымаюцца і працуюць у адзіным штабе - і цяпер, і на будучыню. Да нас прыйшоў Міхаіл Марыніч, некалькі дзён таму - Аляксандр Ярашук, які разам з Міхаілам Чыгіром працуе па Мінскай вобласці. Зразумела, што канцэнтрацыя сілаў значна змяняе сітуацыю. Я буду рабіць усё, каб дамоўленасці не былі разбураныя", - заявіў У.Ганчарык.