Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Агульная інфармацыя
ДАТА ВЫБАРАЎ

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбыліся 9 верасня 2001 года (у адпаведнасці з пастановай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2001 года "Аб прызначэнні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і арганізацыйных мерапрыемствах па забеспячэнню іх правядзення"). Афіцыйна выбарчая кампанія стартавала з 8 чэрвеня 2001 года (з дня апублікавання названай пастановы).

ЭТАПЫ ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ

У адпаведнасці з каляндарным планам Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчая кампанія складалася з наступных этапаў:

- па 15 чэрвеня - прадастаўленне ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў спісаў членаў ініцыятыўных груп, якія мелі намер заняцца зборам подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты;

- па 20 чэрвеня - праверка Цэнтрвыбаркамам дакументаў, пададзеных ініцыятыўнымі групамі, і рэгістрацыя ініцыятыўных груп;

- з 21 чэрвеня па 20 ліпеня - збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты;

- з 21 ліпеня па 30 ліпеня - праверка сабраных ініцыятыўнымі групамі подпісаў у раённых выбарчых камісіях;

- з 31 ліпеня па 4 жніўня - праверка сабраных подпісаў у абласных выбарчых камісіях;

- з 5 жніўня па 14 жніўня - рэгістрацыя Цэнтрвыбаркамам кандыдатаў у прэзідэнты;

- з дня рэгістрацыі па 8 верасня - перадвыбарчая агітацыя кандыдатаў у прэзідэнты;

- з 4 верасня па 8 верасня - датэрміновае галасаванне на ўсіх выбарчых участках;

- 9 верасня - дзень выбараў (першага туру выбараў).

Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прайшлі ў адзін тур.

14 верасня Цэнтрвыбаркам афіцыйна абвесціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года.

АРГАНІЗАЦЫЯ ВЫБАРАЎ

Арганізацыяй і правядзеннем выбараў у Рэспубліцы Беларусь займаецца Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэендумаў. Паводле яе рашэння, у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, ствараюцца абласныя, Мінская гарадская, раённыя, гарадскія і ўчастковыя выбарчыя камісіі ў складзе 9-13 чалавек кожная. Усе выбарчыя камісіі, за выключэннем участковых, былі сфарміраваныя да 20 чэрвеня. Фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій завяршылася да 22 ліпеня.

УМОВЫ РЭГІСТРАЦЫІ

Згодна з артыкулам 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прэзідэнтам Беларусі можа быць абраны грамадзянін рэспублікі па нараджэнню, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі.

Для рэгістрацыі грамадзяніна кандыдатам у прэзідэнты ў яго падтрымку патрэбна было сабраць 100 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі, аформленых у адпаведнасці з патрабаваннямі выбарчага заканадаўства.

ПАДСТАВЫ ДЛЯ АДМОВЫ Ў РЭГІСТРАЦЫІ

Падставай для адмовы ў рэгістрацыі магло служыць неадпаведнасць кандыдата патрабаванням, выкладзеным у артыкуле 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама парушэнні выбарчага заканадаўства пры зборы подпісаў або афармленні дакументаў, неабходных для вылучэння кандыдатам.

Згодна з Выбарчым кодэксам, праверцы падлягала не менш чым 20 працэнтаў сабраных ініцыятыўнай групай подпісаў. У выпадку, калі 15 працэнтаў з ліку правераных подпісаў прызнаваліся недакладнымі, усе сабраныя ініцыятыўнай групай подпісы лічыліся несапраўднымі.

Недакладнымі лічыліся:

- фіктыўныя подпісы;

- подпісы выбаршчыкаў, аформленыя ад імя розных асоб адной асобай або ад імя адной асобы іншай асобай;

- подпісы асоб, якія не валодаюць выбарчым правам;

- подпісы выбаршчыкаў, якія ўказалі ў падпісным лісце звесткі, што не адпавядаюць рэчаіснасці;

- подпісы, сабраныя да ўстаноўленага тэрміну вылучэння кандыдатаў;

- подпісы, пры афармленні якіх указаны не ўсе прадугледжаныя Выбарчым кодэксам звесткі пра выбаршчыка (прозвішча, імя, імя па бацьку, пашпартныя звесткі, дата нараджэння, месца жыхарства, подпіс);

- подпісы, што аказаліся ў адным падпісным лісце, выбаршчыкаў, якія жывуць не ў адным населеным пункце, а ў гарадах з раённым дзяленнем - не ў адным раёне;

- подпісы выбаршчыкаў, калі звесткі пра іх унесены ў падпісны ліст неўласнаручна або алоўкам;

- усе подпісы, сабраныя не членамі ініцыятыўнай групы;

- падпісныя лісты, не падпісаныя членам ініцыятыўнай групы, або падпісаныя членам ініцыятыўнай групы, які не збіраў гэтыя подпісы;

- подпісы, не засведчаныя пячаткай выканаўчага і распарадчага органа, на тэрыторыі якога яны збіраліся.

Падставай для адмовы ў рэгістрацыі магло таксама служыць прадастаўленне кандыдатам недакладнай інфармацыі аб сабе, у тым ліку біяграфічнай або той, што датычыцца даходаў і маёмасці.

ВЫБАРЧАЕ ПРАВА

Выбарчым правам валодаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.

Не валодаюць правам голасу грамадзяне Рэспублікі Беларусь, прызнаныя судом недзеяздольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца па рашэнню суда ў месцах пазбаўлення волі, а таксама асобы, у дачыненні да якіх у парадку, устаноўленым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, абрана ў якасці меры стрымання трыманне пад вартай.

ПАРАДАК ГАЛАСАВАННЯ

Выбарчае заканадаўства Беларусі прадугледжвае датэрміновае галасаванне, якое пачалося за 5 дзён да асноўных выбараў (з 4 да 8 верасня). Гэтымі днямі выбарчыя ўчасткі працавалі з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.

Непасрэдна ў дзень выбараў участкі для галасавання працавалі на працягу 12 гадзін - з 8.00 да 20.00.

УМОВЫ АБРАННЯ

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, выбары прызнаюцца адбыўшыміся, калі ўдзел у іх узялі больш за 50 працэнтаў грамадзян, уключаных у спісы для галасавання. Пераможцам абвяшчаецца кандыдат, які набраў больш за 50 працэнтаў галасоў. Калі ў першым туры выбараў пераадолець гэты парог не зможа ні адзін з кандыдатаў, прызначаецца другі тур выбараў, у якім бяруць удзел два кандыдаты, якія набралі найбольшую колькасць галасоў. Умовы перамогі захоўваюцца ранейшыя.

У выпадку, калі адзін з кандыдатаў, уключаных у бюлетэнь для галасавання, у другім туры галасавання або перад ім здыме сваю кандыдатуру, другі тур галасавання праводзіцца па адной (той, што засталася) кандыдатуры. Пры гэтым кандыдат, які застаўся, лічыцца абраным, калі за яго прагаласуюць больш за палову выбаршчыкаў.

ФІНАНСАВАННЕ ВЫБАРАЎ

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, фінансаванне выбарчых кампаній у Беларусі ажыццяўляецца са сродкаў дзяржаўнага бюджэту.

Па разліках Цэнтрвыбаркама, прэзідэнцкія выбары 2001 года каштавалі каля 11 мільярдаў 40 мільёнаў рублёў. Большасць гэтых сродкаў пайшло на аплату працы членаў выбарчых камісій (6 мільярдаў 473,5 мільёна). Каля 4 мільярдаў 234 мільёнаў рублёў склалі выдаткі на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне выбараў (набыццё паперы, друкаванне бюлетэняў, паштовак-паведамленняў, выбарчых бланкаў, канцылярскія, паштова-тэлеграфныя і транспартныя расходы). 14,5 мільёна рублёў Цэнтрвыбаркам выдаткаваў на правядзенне семінараў і забеспячэнне міжнародных сувязяў. Для арганізацыі галасавання за межамі Беларусі беларускім дыпламатычным прадстаўніцтвам за мяжой было выдзелена 50 мільёнаў рублёў. Яшчэ 268 мільёнаў рублёў ЦВК браніраваў на непрадбачаныя расходы.

Беларускае заканадаўства забараняе ствараць асабістыя выбарчыя фонды кандыдатаў, аднак, паводле непацверджанай самімі кандыдатамі інфармацыі, усе яны выкарыстоўвалі пазабюджэтныя недэклараваныя сродкі.