ВЫБАРЫ
Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
English Русский
Пошук
Шукаць
Пашыраны пошук
Аб выбарах
Агульная iнфармацыя
Выбарчы кодэкс
Цэнтрвыбаркам
 
Форум
Архiў апытанняў
 
Навiны сайта
Усе кампаніі
Выбары ў Нацыянальны сход 2008 года
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2007 года
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 1999 года
Рэспубліканскі рэферэндум 1996 года
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 1995 года
Рэспубліканскі рэферэндум 1995 года
Выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання 1995 года
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 1994 года
Выбары народных дэпутатаў Беларускай ССР 1990 года
 
БелаПАН
Аб праекце
Кампрамат

ЯК ПАДАРВАЦЬ СВАЮ РЭПУТАЦЫЮ ЗА ЎЛАСНЫ КОШТ


2001-07-12

Аўтар: Міхаіл ПАДАЛЯК


Ёсць некалькі фундаментальных прычын, з якіх у цяперашняй Беларусі пакуль яшчэ немагчыма паўнацэннае інфармацыйнае супрацьстаянне патэнцыяльна моцных кандыдатаў на вышэйшыя кіраўніцкія пасады ў дзяржаве. У тым ліку і паўнацэннае "палітычнае" супрацьстаянне з выкарыстаннем кампрамату.

У суседняй Расіі ўжо даўно існуюць нават спецыяльныя тэрміны, якія абазначаюць вядзенне кампраматнай вайны падчас выбарчай кампаніі. Па расійскіх мерках, кампраматныя войны могуць быць "лабавымі" (калі ад імя аднаго кандыдата паведамляецца адносна кампраметуючая інфрмацыя на яго апанента) або "партызанскімі" (неверагодная інфармацыя ўкідваецца ў грамадскую думку праз трэцярадныя крыніцы).

У Беларусі ўсё інакш. Архаічна, так бы мовіць. Па-першае, мясцовы рынак сродкаў масавай інфармацыі, а таксама іншых інфармацыйных носьбітаў не вельмі развіты. Перавагу (перш за ўсё, па колькасных паказчыках) на гэтым рынку маюць дзяржаўныя СМІ. Іх сукупны наклад, уключаючы рэгіянальныя газеты, складае больш за 1,5 млн. асобнікаў штодзённа. Само сабой, гэтая вялікая катэгорыя газет (і часопісаў) выконвае пазачасавы палітычны заказ толькі адной палітычнай групы. Выконвае зазвычай мала прафесійна. Зрэшты, па вялікім рахунку, кіруючая адміністрацыя сама аддае перавагу колькаснаму, масаваму ўздзеянню, а не якаснаму. Праўда, незалежныя мясцовыя газеты і інфармацыйныя агенцтвы (па якасных паказчыках) карыстаюцца куды большым аўтарытэтам і ўплывам сярод эліты. Ва ўсялякім разе, у Мінску. Зразумела, каб у Беларусі існавалі некалькі дзесяткаў магутных фінансава-прамысловых груп (ФПБ), якія маюць розныя палітычныя прыхільнасці і здольныя ўтрымліваць буйныя медыя-холдынгі, інфармацыйныя канфлікты напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў былі б куды больш насычанымі.

Па-другое, з прычыны незвычайнага націску дзяржаўных інстытутаў на мясцовую грамадзянскую супольнасць патэнцыйныя лідэры супраціўлення, у тым ліку патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты, да апошняга намагаліся не выказваць публічна ўласныя намеры, каб не трапіць пад найжорсткі прэсінг сілавых і прапагандысцкіх структур афіцыйнага Мінска. Выпадак з беспрэцэдэнтным ціскам на экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра ў гэтым сэнсе вельмі характэрны. Як вядома, адразу пасля ўдзелу Чыгіра ў гэтак званых альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах (вясна 1999 года), арганізаваных апазіцыйнымі Вярхоўным Саветам 13-га склікання і Віктарам Ганчаром, менавіта Міхаіл Мікалаевіч стаў мішэнню нумар адзін для разнастайных атак кіруючай адміністрацыі. Менавіта таму ні самі кандыдаты, ні кіраўнікі іх выбарчых каманд да апошняга часу не займаліся актыўнай інфармацыйнай раскруткай.

Па-трэцяе, у Беларусі сёння склалася абсалютна традыцыйная для аўтарытарных дзяржаў перадвыбарная сітуацыя. Практычна ўсе моцныя альтэрнатыўныя "кандыдаты ў кандыдаты" аб'ядналіся супраць дзеючага прэзідэнта, па сумяшчальніцтву таксама "кандыдата ў кандыдаты" Лукашэнкі. З гэтай нагоды патэнцыйныя кандыдаты практычна не надаюць увагі пошуку дыскрэдытуючых матэрыялаў, скіраваных супраць іншых апанентаў. Разам з тым, матэрыяламі, якія ў той ці іншай ступені кампраметавалі б атачэнне Лукашэнкі, сёння літаральна наводнены мясцовы інфармацыйны рынак.

З прычыны ўсяго вышэйсказанага, не даводзіцца здзіўляцца "нечаканаму" з'яўленню славутага прэзідэнцкага Дэкрэта №20. Каб коратка ахарактарызаваць сэнс гэтага "прававога" дакумента, можна з пэўнай доляй упэўненасці гаварыць пра тое, што ўсім патэнцыйным кандыдатам прадпісана добраахвотна (але абавязкова!) паведаміць грамадскасці… кампрамат на саміх сябе. Патлумачым. Дэкрэт, у прыватнасці, мае на мэце істотнае пашырэнне спісу тых, хто абавязаны дэклараваць свае даходы і маёмасць у рамках выбарчай кампаніі. Калі раней дэклараваць свае даходы павінен быў толькі сам патэнцыйны кандыдат на вышэйшую выбарчую пасаду, то зараз гэтай сур'ёзнай працэдуры павінны быць падвергнутыя таксама ўсе яго бліжэйшыя сваякі - жонка, дзеці, бацькі, бацькі жонкі, браты і сёстры.

Толькі на першы погляд патрабаванні афіцыйнага Мінска да сем'яў патэнцыйных кандыдатаў можна прызнаць не пазбаўленымі дэмакратычнага флеру. Маўляў, грамадства мае права ведаць усе фінансавыя падрабязнасці жыцця сваякоў асоб, якія прэтэндуюць на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Аднак наўрад ці бліжэйшыя сваякі павінны адказваць перад дзяржавай за амбіцыі таго ці іншага кандыдата. Тым болей, што бюджэты, скажам, братоў кандыдата і самога кандыдата могуць быць рознымі ўжо на працягу дзесяткаў гадоў. Зрэшты, усё гэта занадта відавочна, каб надаваць яму шмат увагі. Больш важна іншае.

Можна сказаць, што Лукашэнка такім прымітыўным чынам спрабуе кампенсаваць нізкі прафесійны ўзровень уласных спецслужбаў. Збор жа, аналіз і своечасовае "укідванне" фінансавай інфармацыі, што кампраметуе таго ці іншага кандыдата, праз адносна незалежную крыніцу і павінна, па ідэі, складаць прафесійную гульню кандыдата супраць сваіх апанентаў. Тым болей, калі ў яго распараджэнні знаходзяцца рэсурсы дзяржаўных органаў. Аднак з'яўленне дэкрэта №20 ускосна ўказвае на той факт, што мясцовыя спецслужбы так і не здолелі падрыхтаваць паўнацэнныя "інфармацыйныя дасье" на самых сур'ёзных апанентаў Лукашэнкі. І, каб хоць неяк кампенсаваць падоюбую непрафесійнасць "спецслужбістаў", атачэнне Лукашэнкі ініцыіравала нараджэнне "дваццатага дэкрэта".

Само па сабе з'яўленне падобнага дакумента ўражвае палітычнай нахабнасцю. Ну, сапраўды, нельга ж так адкрыта пагарджаць агульнапрынятымі ў свеце дэмакратычнымі правіламі. Тым болей, калі афіцыйны агітпрап настойліва спрабуе пераканаць усіх у тым, што "беларускія прэзідэнцкія выбары будуць вызначацца незвычайным дэмакратызмам і адкрытасцю". Праўда, варта прызнаць, што ў Беларусі ніколі і не працавалі асноўныя дэмакратычныя працэдуры.

А што тычыцца прафесіяналізму мясцовых спецслужбаў, прывядзём такі прыклад. Нягледзячы на вялікую штатную колькасць розных адмысловых і аналітычных структур, на стол да Аляксандра Рыгоравіча, паводле нашых звестак, трапляе пераважна "другасная" інфармацыя, пачэрпнутая з легальных крыніцаў. Таму не дзіўна ўзнікненне казусу, які надарыўся зусім нядаўна з кіраўніцтвам КДБ. Лукашэнку было паведамлена аб "вялікай шпіёнскай гульні" кіраўніка КНГ АБСЕ Ханса-Георга Віка, і гэтая аналітычная запіска суправаджалася салідным "дасье з матэрыялаў і дакументаў". Але калі па даручэнню кіраўніка дзяржавы кіраўнік КДБ Леанід Ерын, нічога не падазраючы, прад'явіў гэтае дасье самому кіраўніку місіі АБСЕ ў Мінску, то апошні развёў рукамі і патлумачыў Ерыну, што ўсе "кампраметуючыя дакументы" пачэрпнуты толькі з адкрытых крыніцаў. Да прыкладу, з публічных выступленняў пасла Віка на розных міжнародных форумах.

І ўсё ж, як мне падаецца, атачэнне Аляксандра Рыгоравіча, ініцыіруючы дэкрэт №20, ставіла перад гэтым дакументам іншую мэту. У Беларусі татальна дамінуе дзяржава, дазваляючы чыноўнікам рознага ўзроўню ўсталёўваць уласныя правілы пабораў з простых грамадзян. Мясцовая падатковая сістэма не толькі не садзейнічае жаданню добраахвотна заяўляць аб сваіх рэальных даходах, але вымушае грамадзян нават адносна невялікія штомесячныя даходы (да 500 долараў) пераводзіць у разрад "ценявых" грошай. Поўная ж дакументальная заява сваіх сапраўдных даходаў кім бы тое ні было б узбуджае павышаную цікавасць да гэтага чалавека - як з боку праваахоўных (кантралюючых) службаў, гэтак і з боку крыміналу. Які, на жаль, часта працуе па "наводцы" з тых жа дзяржаўных кантралюючых структур.

Негатыўнае стаўленне грамадства да матэрыяльнага дабрабыту суайчыннікаў засталося нам у спадчыну ад савецкіх часоў. Тады лічылася, што багацце (калі толькі ты не высокапастаўлены наменклатурны дзеяч) сведчыць аб заганнасці душы. Зараз у Беларусі таксама не вітаецца наяўнасць у прыватных асоб вялікіх даходаў. Апрача іншага, з улікам гэтай рысы ментальнасці насельніцтва (да 80 праццэнтаў беларусаў па-ранейшаму негатыўна ставяцца да заможных суграмадзян), і рыхтаваўся дэкрэт № 20. Нават калі акажацца, што багацце сям'і таго ці іншага альтэрнатыўнага кандыдата зароблена абсалютна законна, то, на думку афіцыйнага Мінска, дастаткова будзе апублікаваць умоўны памер "багацця" кандыдата, каб падспудна выклікаць у большасці выбаршчыкад негатыўнае да яго стаўленне. Скажам, раптам акажацца, што сям'я кандыдата N мае штомесячны даход у памеры 3 тысяч долараў ЗША, валодае двума кватэрамі ў Мінску, адным загарадным домам і трыма аўтамабілямі замежнай вытворчасці. Хутчэй за ўсё, афіцыйны Мінск не будзе інфармаваць пра колькасць членаў сям'і кандыдата N, а таксама разважаць, чаму менавіта ў сям'і гэтага кандыдата пануе такі фінансавы парадак. Кіруючая адміністраыя проста назаве прозвішча кандыдата і сукупную суму асабістага багацця ўсёй яго сям'і. Вядома, асноўная маса насельніцтва, асабліва ў правінцыі, якая мае ў сваю чаргу штомесячны даход не больш за 50-70 долараў на чалавека і жыве ў паўразбураным вясковым доме, вельмі негатыўна паставіцца да "кандыдата-буржуя". Яшчэ раз даводзіцца гаварыць пра тое, што ў адносна беднай краіне практычна немагчыма пераламіць люмпенскія настроі асноўнай масы выбаршчыкаў. Так што з улікам такой рысы беларускага нацыянальнага характару з'яўленне падобнага дакумента вельмі нават перспектыўна для кандыдата Лукашэнкі.

На першы погляд, прыняцце дэкрэта дазваляе выявіць "ценявыя" даходы і на гэтай падставе зняць асабліва небяспечнага кандыдата з перадвыбарнага марафону. Але, як нам падаецца, гэта было б занадта прымітыўным і недальнабачным. Бо любое зняцце альтэрнатыўнага кандыдата з прычыны запаўнення дэкларацыі, да прыкладу, яго братам, можа пацягнуць сур'ёзную крытыку з боку ўнутраных і знешніх назіральнікаў. Можа так стацца, што дэкрэт мае на мэце якраз болей прапагандысцкую мэту. Пры ўмелай інфармацыйнай апрацоўцы цалкам законныя звесткі пра тое, якой маёмасцю валодае сям'я таго ці іншага альтэрнатыўнага кандыдата, могуць аказацца сур'ёзным кампраметуючым пакетам, разлічаным выключна на перавагу люмпенскіх настрояў у нашым грамадстве.



Версія для друку
Вярнуцца на старонку раздзела
Вярнуцца на галоўную старонку кампаніі
Абмеркаваць
 
Рубрыкi
Хроніка
Аналітыка
Сацыялогія
Маніторынг
Каментары
Персоны
Кампрамат
Вынікі
Цытаты
Вочная стаўка
Дызайн і праграмаванне Red Graphic Systems
 Rating All.BY Rambler's Top100 Rambler's Top100
© 2001-2008 Інфармацыйная кампанія БелаПАН
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым вэб-сайце, прызначаная толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму рэпрадукаванню і/ці распаўсюджванню ў якой-небудзь форме, акрамя як з пісьмовага дазволу БелаПАН. Пішыце: mail@belapan.com