"СПРАВА ЗАВАДСКАГА" ЯК КАМПРАМАТНАЯ КАМПАНІЯ
2001-06-29
Аўтар: Міхаіл ПАДАЛЯК
10
чэрвеня беларускія сродкі масавай інфармацыі атрымалі па "электроннай
пошце" матэрыялы, датычныя знікнення шэрагу вядомых у краіне людзей.
Гэтыя матэрыялы, у прыватнасці, утрымлівалі ў сабе разгорнутае інтэрв'ю
двух былых супрацоўнікаў пракуратуры, якія мелі непасрэднае дачыненне
да расследавання знікнення аператара ГРТ Дзмітрыя Завадскага (гл.хроніку
падзей).
Адразу кінуўся ў вочы той факт, што гэтыя "інтэрв'ю" былі выкананы не прафесійным журналістам. Хутчэй гэта быў пераказ неапрацаванай размовы "відавочцаў". Тэрмінам "відавочца" у стандартнай PR-акцыі, скіраванай на разбурэнне рэпутацыі называюць непасрэднага ўдзельніка падзеі. У гэтым выпадку шырокая грамадскасць ці не ўпершыню атрымала магчымасць пазнаёміцца з удзельнікамі следчай групы па "справе Завадскага", а таксама выслухаць погляды на працэс расследавання, адметныя ад афіцыйнай версіі.
Як высветлілася крыху пазней, такая малапрыкметная на першы погляд дэталь як "літаратурная неапрацаванасць сведчанняў відавочцаў" адыграла сваю станоўчую ролю ў раскрутцы скандалу, які паследаваў за гэтым. Рэч у тым, што менавіта такім чынам была дасягнута пачатковая праўдападобнасць, і грамадскасць больш давяральна паставілася да слоў двух былых пракурорскіх работнікаў.
Праўда спачатку мясцовыя СМІ паставіліся да чарговага скандалу "па справе Завадскага" дастаткова прахалодна, мяркуючы, што ніякага сур'ёзнага працягу ў гэтай акцыі не будзе. Болей за тое, шэраг аналітыкаў выказалі меркаванне, што аўтараў чарговага "электроннага паслання" не існуе ў прыродзе. Тым не меней, на працягу бліжэйшага тыдня (11-18 чэрвеня) было пацверджана не толькі існаванне аўтараў "паслання", але таксама прыведзены ў якасці "асаблівых доказаў" копіі матэрыялаў крымінальнай справы, заведзенай па факту знікнення аператара ГРТ Дзмітрыя Завадскага.
Без усялякіх сумненняў, выкарыстанне тэмы знікнення людзей і наданне гэтай тэме яркага палітычнага гучання (асабліва ў крызісны палітычны перыяд), калі гэта поўнасцю ўдаецца, з'яўляецца вельмі эфектнай і эфектыўнай акцыяй, якой лёгка "раздражняецца" грамадская думка. Бо нават калі чалавек абсалютна не цікавіцца палітычнымі працэсамі, яго не можа не зацікавіць маляўніча апісаная крымінальная гісторыя. Апрача таго, гэты фармальна апалітычны абывацель абавязкова захоча атрымаць адказы на наступныя рытарычныя пытанні: "хто вінаваты?" і "каму гэта выгадна?".
Для параўнання - палітычная апазіцыя Украіны вельмі актыўна выкарыстоўвала знікненне ўкраінскага журналіста, рэдактара інтэрнет-выдання "Украінская Праўда", Георгія Гангадзе, для правядзення магутнай антыпрэзідэнцкай кампаніі. "Справа Гангадзе" была забяспечана сур'ёзнай дакументальнай базай, якая так ці інакш пацвярджала датычнасць дзеючых урадавых чыноўнікаў (у тым ліку і прэзідэнта) да знікнення журналіста. У якасці дакументальных сведчанняў, у прыватнасці, фігурыравалі аўдыёзапісы "кабінетных размоў" Леаніда Кучмы са сваімі сілавымі міністрамі. Гэтыя запісы былі зроблены маёрам службы бяспекі Мікалаем Мельнічэнкам, які абародаваў іх толькі пасля таго, як пакінуў Украіну.
Па многіх параметрах PR-акцыі вакол "справы Гангадзе" і "справы Завадскага" падобныя. Праўда, у адрозненне ад Беларусі, дзе скандал, звязаны з магчымым "палітычным знікненнем" апанентаў Лукашэнкі раскручваюць толькі несістэмная апазіцыя і малаколькасныя недзяржаўныя выданні, ва Украіне галоўную палітычную частку скандалу выканалі дэпутаты Вярхоўнай рады. Іх, у сваю чаргу, падтрымаў шэраг магутных украінскіх СМІ. Тым не меней, па механізму ўзнікнення і развіцця абодва скандалы практычна ідэнтычныя. У нейкай ступені гэта толькі пацвярджае тэзіс пра тое, што "справа аб знікненні Завадскага" на гэты раз сапраўды паслужыла асновай длдя ініцыяцыі магутнай PR-кампанііии, скіраванай супраць дзеючага ўрада.
З'яўленне 10 чэрвеня "інтэрв'ю" былых супрацоўнікаў следчых органаў Дзмітрыя Петрушкевіча і Алега Случака - гэта далёка не першая спроба ініцыіраваць гучны публічыны скандал з дапамогай электроннага эпісталярнага жанру. Крыху раней мясцовыя СМІ ўжо атрымлівалі на свае электронныя адрасы два ананімныя пасланні, рознага выканання, але аднатыпавога зместу. У першы раз гэта было "пасланне афіцэраў КДБ", якія нібыта ўваходзілі ў следчую брыгаду па расследаванню фактаў знікнення палітыкаў Ганчара і Захаранкі, бізнесмена Красоўскага і аператара ГРТ Завадскага. Менавіта ў той раз упершыню публічна, - няхай і ананімна - прагучала думка пра тое, што да гэтых знікненняў датычная нейкая таямнічая спецгрупа, створаная па распараджэнню VIP-персон у нетрах дзеючых сілавых структур. Праўда, тады скандал не атрымаў належнай інфармацыйнай падтрымкі ў сродках масавай інфармацыі і таму не справакаваў шырокага грамадскага рэзанансу. Магчыма, прычынай гэтага варта лічыць дачаснасць з'яўлення паслання. Сёння, калі на носе прэзідэнцкія выбары, падобная кампанія аказалася вельмі дарэчы.
З іншага боку, ананімны ліст афіцэраў КДБ, хаця і нёс у сабе дастаткова сенсацыйную інфармацыю, не быў падтрыманы рэальнымі і верагоднымі дакументальнымі сведчаннямі. Апрача таго, сама па сабе ананімнасць аўтарства "ліста афіцэраў КДБ" спачатку выклікала ў зацікаўленай публікі некаторы скепсіс. І як вынік афіцыйны Мінск публічна амаль ніяк не адрэагаваў на ананімны ліст. За выключэннем паведамлення прэс-службы КДБ, якое дэзавуіравала дадзенае пасланне, ніякіх каментарыяў.
Літаральна, праз месяц пасля з'яўлення ліста супрацоўнікаў КДБ, з'явілася яшчэ адно "ананімнае пасланне". На гэты раз аўтарства прыпісвалася супрацоўнікам Генеральнай пракуратуры. Гэтае пасланне таксама не вызначалася асаблівай верагоднасцю, хаця і паведамляла вельмі цікавыя дадатковыя дэталі па матэрыялах "следства аб зніклых".
Мяркуючы па ўсім, абодва ананімныя пасланні сварта было б разглядаць ў якасці падрыхтоўчай акцыі. Мясцовую грамадскую думку рыхтавалі да таго, што ў "гадзіну Х" свет убачаць паўнавартасныя і па магчымасці максімальна верагодныя дакументальныя матэрыялы, датычныя гучных палітычных спраў. Гэта з аднаго боку. З іншага боку - дзеючаму ўраду і яго "сілавому складніку" як бы давалі зразумець, што ў любым выпадку са следчых органаў здараюцца сур'ёзныя ўцечкі. Значыць, усё, што тычыцца знікнення Ганчара, Захаранкі і Завадскага рана ці позна атрымае шырокае асвятленне ў прэсе.
У нейкай ступені падобныя ананімныя папярэджанні падзейнічалі на афіцыйны Мінск. У тым ліку і з-за з'яўлення "ананімных пасланняў" адбылася адстаўка старшыні КДБ Уладзіміра Мацкевіча і генеральнага пракурора Алега Бажэлкі. А Віктар Шэйман, ледзве ці не галоўны "адмоўны герой" цяперашняга скандалу, быў пераведзены з пасады дзяржсакратара Савета бяспекі на пасаду генпракурора. Гэта значыць, Віктар Уладзіміравіч, па сутнасці, заняў ключавое месца, якое дазваляла яму кантраляваць не толькі ход расследавання гучных палітычных знікненняў, але і кантраляваць усю зыходную інфармацыю, якую атрымлівае грамадскасць па гэтых справах.
Пасля 10 чэрвеня стала відавочна, што Шэйман так і не здолеў закрыць усе магчымыя "інфармацыйныя каналы". У выніку апаненты ўлады здолелі наладзіць сур'ёзную кампанію, скіраваную на дыскрэдытацыю канкрэтных чыноўнікаў з бліжэйшага атачэння Лукашэнкі.
Перш за ўсё, варта адзначыць, што цяперашняя акцыя была праведзена таксама і з улікам некаторых мясцовых асаблівасцяў. У прыватнасці, у матэрыялах няма прамога ўказання на тое, што Аляксандр Лукашэнка непасрэдна датычны да фактаў "палітычнага знікнення". Разам з тым практычна поўнасцю даказваецца, што ўсе гэтыя знікненні былі праведзены за дзяржаўны кошт дзяржаўнымі служачымі ў рамках дзяржаўных праектаў па ліквідацыю палітычных апанентаў. Грамадскай думцы, вядома, дазваляюць самастойна рабіць высновы. Але гэтыя высновы з самага пачатку прадвызначаны.
Храналогія скандалу дастаткова простая. 11 чэрвеня ў газеце "Наша Свабода" з'яўляецца вялікі матэрыял з элементамі інтэрв'ю двух "відавочцаў", г.зн. актыўных удзельнікаў следчых дзеянняў па справе знікнення аператара ГРТ Дзмітрыя Завадскага. Гэтым разам "відавочцы" не хаваюцца за вызначэннем "ананім" і прад'яўляюць грамадскасці разгорнутыя звесткі пра сябе: "Я, супрацоўнік органаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Петрушкевіч Дзмітрый Паўлавіч, працую ў следчай групе пракуратуры РБ па расследаванню крымінальных спраў па факту знікнення журналіста Дзмітрыя Завадскага, забойства азербайджанскай сям'і, выкрадання начальніка Кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення міністэрства культуры Грачова і іншых", "былы следчы пракуратуры Случак Алег Анатольевіч". Сам факт адсутнасці ананімнасці нават на першым этапе ўжо гаврыць пра тое, што акцыя старанна падрыхтавана. Апрача таго, у споведзях двух былых супрацоўнікаў пракуратуры шмат дэталяў, якія пацвярджаюць той факт, што яны насамрэч мелі доступ да матэрыялаў гэтых крымінальных спраў.
Пра тое, што акцыя аказалася ўдалай, сведчыць, апрача гучнага публічнага рэзанансу, і вельмі нервовая рэакцыя афіцыйнага Мінска. Літаральна, на працягу двух-трох дзён пасля з'яўлення першага цыклавага матэрыялу з заявамі Петрушкевіча і Случака, праявілі сябе ўсе зацікаўленыя ўдзельнікі гісторыі. І, перш за ўсё, прэс-служба пракуратуры распаўсюдзіла заяву, што гэтыя супрацоўнікі ніколі не мелі дачынення да рэальных дакументаў па "справе Завадскага", хаця і прызнаецца факт іх прысутнасці ў следчых групах. Тым самым верагоднасць паведамлення двух экс-следчых парадаксальным чынам атрымала дадатковае пацвярджэнне.
Праз чатыры дні (15 чэрвеня) грамадскасць атрымала фотавыявы двух ініцыятараў скандалу, а яшчэ праз дзень фотакопіі некаторых матэрыялаў следства. У прыватнасці, у СМІ была апублікавана копія "Пастановы аб прызначэнні комплекснай судзебна-крыміналістычнай экспертызы" рыдлёўкі, знойдзенай у аўтамабілі аднаго з падазраваемых. "Пастанова" была падпісана пракурорам "аддзела па нагляду за следствам у органах пракуратуры, унутраных спраў, дазнання, малодшым дарадцам юстыцыі В.Шабунькам". Апублікаваныя таксама былі і высновы самой экспертызы за подпісам "эксперта Н.Н. Кузуба".
Пасля гэтага тэма ўжо стала актыўна раскручвацца ў розных сродках масавай інфармацыі. Так, "справу Завадскага", што называецца, "прынялі ў распрацоўку" расійскія электронныя СМІ, прыцягваючы тым самым увагу шырокіх грамадскіх колаў Расіі і Беларусі. А вось сур'ёзнае і вельмі важнае аналітычнае забеспячэнне гэтай PR-акцыі, скіраванае на дыскрэдытацыю канкрэтных персанажаў у элітных колах, падрыхтавала "Белорусская деловая газета".
Ужо не выклікае сумнення той факт, што грамадская думка Беларусі і Расіі актыўна ўцягнута ў абмеркаванне скандалу. У сваю чаргу скандал справакаваў бурнае кулуарнае абмеркаванне "праблемы палітычных знікненняў" у Нацыянальным сходзе Беларусі. Праўда, за выключэннем намесніка кіраўніка адмінітрацыі прэзідэнта Юрыя Сівакова, ніхто з афіцыйных асоб публічна не каменціраваў перыпетый дадзенай справы аб знікненні. Сівакоў жа катэгарычна абверг магчымасць існавання "любых змоў" на ўзроўні першых асоб дзяржавы, тым болей змоў з мэтай ліквідацыі палітычных апанентаў.
Дадатковую інтрыгу ў скандал дадаў той факт, што Петрушкеві і Случак у лічаныя дні атрымалі ў ЗША статус палітычных бежанцаў. Значыць, можна меркаваць, што рашэнне па беларускіх грамадзянах прымалася на самым версе. Апрача таго, не даводзіцца сумнявацца ў тым, што з гэтага часу на сусветных палаітычных рынках імёны Шэймана, Сівакова, Навумава і Лукашэнкі будуць мець выключна брудную рэпутацыю.
Варта зазначыць, што тэхналагічна дадзеная акцыя - "справа Завадскага і датычнасць да гэтай справы вышэйшых службовых асоб Беларусі" - была пабудавана вельмі разумна. Спачатку грамадскасць атрымала падрабязнае апісанне магчымай карціны магчымага злачынства. Затым была прапанавана лагічна абгрунтаваная тэхналогія магчымага выканання злачынства. Потым дэталёва разбіраліся матывы, якімі маглі кіравацца ўяўныя ўдзельнікі злачынства. Падрабязна быў прааналізаваны ланцужок загадаў "на выкананне", а таксама названы не толькі галоўныя выканаўцы, але і галоўныя мяркуемыя "заказчыкі". Паралельна з гэтым, "БДГ" падрабязна спынілася на асобе галоўнага абвінавачваемага Валерыя Ігнатовіча, разабраўшы яго вельмі заблытаныя ўзаемаадносіны з некаторымі службовымі асобамі.
Як правіла, у Беларусі да апошняга часу не ўмелі планаваць і рэалізоўваць дыскрэдытуючыя кампаніі. Але "справа Завадскага" мае амаль усе прыкметы старанна прадуманай PR-акцыі, скіраванай на знішчэнне рэпутацыі канкрэтных чыноўнікаў з бліжэйшага атачэння Аляксандра Лукашэнкі.
Па-першае, у акцыі выкарыстоўваліся сведчанні рэальных відавочцаў (Петрушкевіча і Случака). Па-другое, пастаянна ўзрастала цікавасць грамадскасці - беларускай, расійскай і сусветнай. Асаблівую заклапочанасць выказвалі замежныя пасольствы ў Беларусі. Па-трэцяе, СМІ пачалі актыўна выкарыстоўваць "справу Завадскага" у якасці сенсацыйнай інфармацыйнай нагоды. Да гэтага падключыліся і расійскія электронныя СМІ. У-чацвёртых, акцыя была падтрымана сур'ёзнымі дакументальнымі сведчаннямі. У-пятых, асаблівую верагоднасць выклікала паведамленне важных дэталяў, вызначэнне дзеючых персанажаў і прыгадванне іх дакладных роляў.
Можна гаварыть пра тое, што акцыя праследавала дзве асноўныя мэты. З аднаго боку, неабходна было напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў дыскрэдытаваць шэраг уплывовых персон з бліжэйшага атачэння Лукашэнкі, у тым ліку і адыёзных сілавых міністраў. З іншага боку - гэта дазволіла выкрыць нейкія спецструктуры дзяржавы, каб у будучым любое палітычнае злачынства можна было звязаць з дзейнасцю гэтых структур і тым самым узяць іх пад нейкі грамадскі кантроль.