"КАМПРАМАТНЫЯ ВОЙНЫ" У БЕЛАРУСІ: ЯК ГЭТА БЫЛО
2001-06-16
Аўтар: Міхаіл ПАДАЛЯК
"КАМПРАМАТНЫЯ ВОЙНЫ" У БЕЛАРУСІ: ЯК ГЭТА БЫЛО
Такая з'ява, як "кампраматныя войны", пакуль не атрымала шырокага распаўсюджання ў Беларусі. Кампраматная вайна мяркуе супрацьстаянне канкурыруючых палітычных або бізнес-каманд, якія напераменку паведамляюць грамадскасці "негатыўныя факты" з жыцця свайго апанента. Правядзенне паўнавартасных кампраматных войнаў магчыма толькі ў тым выпадку, калі апаніруючыя бакі маюць адносна роўны доступ да сродкаў масавай інфармацыі і валодаюць прыкладна аднолькавымі рэсурсамі для таго, каб фарміраваць устойлівую грамадскую думку.
У Беларусі, натуральна, ёсць сур'ёзны інфармацыйны перакос на карысць кандыдата ў прэзідэнты, які знаходзіцца ва ўладзе. Кіруючая адміністрацыя мае невымяральна большыя магчымасці для кампаній па дыскрэдытацыі. Аднак, нават валодаючы больш значнымі рэсурсамі, афіцыйныя тэхнолагі не ў стане забяспечыць правядзенне паўнавартасных кампраматных кампаній.
Эпізод 1: У сувязі з падазрэннем у дачыненні да крадзяжу аўтамабіляў быў затрыманы сын патэнцыяльнага кандыдата ў прэзідэнты Міхаіла Чыгіра. Літаральна на наступны дзень у афіцыйных СМІ пачалася кампанія па дыскрэдытацыі самога Міхаіла Мікалаевіча. Паведамлялася, як факт, нібыта ўстаноўлены следствам, што яго сын - злодзей. Пры гэтым у адной з інфармацыйных праграм Беларускага тэлебачання было заяўлена, што "уся сям'я Чыгіроў мае дачыненне да крымінальнага свету". Указвалася, што ў перыяд альтэрнатыўнай выбарчай прэзідэнцкай кампаніі (праведзенай апазіцыяй вясной 1999 года) сам Міхаіл Мікалаевіч нейкі час знаходзіўся пад следствам у сувязі з абвінавачаннем у крадзяжы банкаўскіх сродкаў. Праз год крымінальнаму пераследу падвяргалася ўжо яго жонка - Юлія Станіславаўна - "за прычыненне цялесных пашкоджанняў супрацоўніку праваахоўных органаў".
Аднак у назіральнікаў не выклікае сумнення той факт, што ўсе крымінальныя справы, накіраваныя супраць сям'і Чыгіроў, маюць пад сабой палітычную падаплёку, а значыць, у той ці іншай ступені накіраваны на дыскрэдытацыю іміджа патэнцыяльнага кандыдата ў прэзідэнты. М.М.Чыгіра. Так, літаральна адразу ж пасля затрымання Чыгіра-малодшага, гэта значыць яшчэ да правядзення неабходных следчых дзеянняў і судовага разбору, БТ пачала шматдзённую інфармацыйную кампанію, падчас якой нязменна паведамлялася аб вінаватасці сына Чыгіра і аб яго крымінальных схільнасцях. Але кампанія не атрымала шырокага грамадскага рэзананса. Акрамя таго, праваахоўныя арганізацыі пачалі контр-кампанію, патрабуючы аднаўлення законнасці і нераспаўсюджвання заведама дыскрэдытуючай інфармацыі. У выніку кампанію супраць Чыгіра згарнулі.
Гэта пакуль ледзь ці не самы гучны эпізод з перадвыбарчых кампраматных войнаў. Была спроба з боку каманды дзеючага прэзідэнта пачаць кампанію супраць свайго найбольш небяспечнага на той момант (зіма 2001 года) апанента. Але гэтая кампанія не адрознівалася сістэмнасцю і прадуманасцю этапаў, а таксама не ўтрымлівала дакладных каментараў, якія б нарасталі па меры ўскладнення дыскрэдытуючай гульні. Уласна таму кампанія і была згорнута.
Як мы ужо адзначалі, у Беларусі няма вопыту правядзення паўнавартасных, эфектных і шматэтапных кампаній, накіраваных на разбурэнне публічнай рэпутацыі. Перыядычна ў мясцовых сродках масавай інфармацыі з'яўляюцца невялікія інфармацыйныя паведамленні, якія ў той ці іншай ступені дыскрэдытуюць публічных людзей. Аднак усё гэта носіць вельмі прымітыўны характр і не адрозніваецца прадуманай сістэмнасцю, калі ініцыятары скідвання кампрамата не толькі хочуць заявіць аб тэме, але і абыграць яе з усіх бакоў.
НОВЫЯ НАВЫКІ
У развітых інфармацыйных сістэмах (развітых дзяржавах) часта толькі пры дапамозе дакладна спланаванай кампраматнай акцыі можна істотна скараціць уплывовасць і перспектыўнасць таго ці іншага публічнага лідэра. Напрыклад, шэраг заходніх і расійскіх бізнес-структур былі катэгарычна супраць з'яўлення на сусветным рынку алюмінія маладога і перспектыўнага расійскага топ-менеджэра Алега Дзерыпаскі. Дзерыпаска прапаноўваў вывесці з ценю шэраг расійскіх (і, як вынік, сумесных расійска-заходніх) вытворчых ланцужкоў, і тым самым ён яўна наносіў удар па прыбытковаму для многіх ценеваму бізнесу. Для таго, каб нейтралізаваць з'яўленне на рынку ўплывовага і аўтарытэтнага менеджера, была разгарнутая магутная кампраматная кампанія. Міхаіл Жывіла, кіраўнік шэрагу транснацыянальных алюмініевых бізнесаў, праз спецыяльныя адвакацкія канторы падаў іск у адзін з амерыканскіх судоў, у якім прад'явіў каля 500 абвінавачанняў супраць Дзерыпаскі. Сярод абвінавачанняў фігурыравалі адмыванне грошай, карупцыя расійскіх чыноўнікаў, хабар, шантаж, пагрозы патэнцыяльным канкурэнтам і г.д. Усё гэта было падтрымана магутнай інфармацыйнай кампаніяй у найбуйнейшых сусветных СМІ. Такім чынам, рэпутацыя Дзерыпаскі аказалася начыста сапсаванай, што літаральна тут жа атрымала матэрыяльнае пацвярджэнне. Па-першае, Дзерыпаска быў выкрэслены са спісаў расійскіх прамыслоўцаў, што атрымалі запрашэнне на аўтарытэтны форум Давос-2001. Па-другое, яму забаранілі ўезд у шэраг развітых дзяржаў, у тым ліку ў ЗША.
Тут важна адзначыць, што кампрамат прадугледжвае выкарыстанне рэальных фактаў з жыцця дыскрэдытуемага суб'екту, некалькі або надзвычай гіпертрафіраваных у негатыўным плане. А вось так званы "чорны піар"- гэта паведамленне заведама лжывых, выдуманых звестак, якім надаецца выгляд дакладнасці з улікам інфармацыйных чаканняў той аўдыторыі, на якую разлічана кампанія.
Беларуская грамадская думку вельмі жорстка рэагуе на любыя праявы карупцыі з боку чыноўнікаў, таму станоўча ўспрымае кампаніі па пераследу "зладзеяватых чыноўнікаў і банкіраў". Найбольш паказальная ў гэтым сэнсе кампанія па пераследу міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава. У аснову кампаніі была пакладзена заведама недакладная інфармацыя аб тым, што менавіта Лявонаў з'яўляецца цяпер "хросным бацькам" беларускіх карумпаваных чыноўнікаў. І хаця на працягу следства абвінавачанні ў карупцыі супраць Лявонава знікалі адно за другім, тым не менш праз афіцыйныя СМІ ў грамадскай думцы доўгі час падтрымліваліся пэўныя стэрэатыпы па гэтай крымінальнай (кампраматнай?) справе.
Ёсць і яшчэ адна немалаважная розніца паміж кампраматам і "чорным піарам". Любы кампрамат - ужо сам па сабе важкі інфармацыйны повад, і СМІ ахвотна ідуць на выкарыстанне гэтага поваду, воляй-няволяй прымаючы актыўны ўдзел у знішчэнні рэпутацыі і далейшым раскручванні скандалу. У той жа час "чорны піар" - гэта, як правіла, выключна аплачваемая інфармацыя, якая спецыяльна распрацоўваецца ў перыяды вострых палітычных або бізнес-канфрантацый.
Такім чынам, нягледзячы на тое, што абодва метады ўжываюцца для знішчэння рэпутацыі апанента, кампрамат - усё ж-такі больш складаная з'ява, бо аперыруе рэальнасцю, а не выдумкай. Відавочна, што працаваць з кампраматам, роўна як і здабываць яго, больш складана. Менавіта складанасцю атрымання адносна дакладных фактаў, а таксама няўменнем выстройваць паўнавартасныя кампраматныя кампаніі можна растлумачыць тое, што правячая адміністрацыя для дыскрэдытацыі сваіх патэнцыяльных апанентаў выкарыстоўвае толькі "чорны піар".
Эпізод 2: Адразу пасля прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці маладая Рэспубліка Беларусь вымушана была прыступіць да тэрміновага фарміравання нацыянальных канцэпцый у розных галінах. У тым ліку і ў сферы нацыянальнага ваеннага будаўніцтва. У 1992-94 гадах на базе Беларускай ваеннай акругі (БВА) меркавалася выстраіць міністэрства абароны і нацыянальнае войска. Натуральна, што гэтая структура стваралася, па сутнасці, на пустым месцы. Не было нават юрыдычных прадпісанняў, якія б апісвалі функцыянаванне нацыянальнага ваеннага ведамства. Неабходна было таксама распрацаваць усе фармальныя арганізацыйныя і структурныя працэдуры для наступнага ўкаранення. Першы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі, зразумела, узяў актыўны ўдзел у фарміраванні нацыянальанй ваеннай канцэпцыі. Тым не менш, сёння Беларускае тэлебачанне - праз шэраг спецыяльных інфармацыйных праектаў: "Рэзананс", аўтар А.Зімоўскі, "Тайные пружины политики", рэжысёр Ю.Азаронак - настойліва паведамляе шырокай грамадскай думцы, што менавіта Павел Казлоўскі разбураў беларускае войска. У гэтым выпадку мы маем справу са звычайнай хлуснёй, калі рэальная інфармацыя (Казлоўскі фарміраваў канцэпцыю арыгінальнага Міністэрства абароны) выдаецца з супрацьлеглымі акцэнтамі. Па версіі БТ, Казлоўскі не ствараў новае міністэрства, а разбураў міністэрства, якога тады яшчэ не было ў палітычнай прыродзе. Разбураў войска, якое толькі атрымала нацыянальны статус і праходзіла стадыю юрыдычнага і структурнага станаўлення. БТ у гэтым выпадку разлічвае выключна на тое, што масавая грамадская думка не ў стане дакладна аднавіць падзеі 1992-94 гадоў, і, значыць, не западозрыць афіцыйных ньюзмейкераў у паведамленні заведама лжывых звестак.
Як ужо адзначалася вышэй, праблема няспелай мясцовай "кампраматнай гульні" заключаецца ў тым, што паўнавартасны кампрамат мяркуе адносную дакументальную дакладнасць. Кампрамат мае каштоўнасць тады, калі абапіраецца на рэальныя факты з жыцця гэтага суб'екту. Аднак менавіта ў гэтым і заключаецца прынцыповая складанасць - у Беларусі не ўмеюць збіраць, назапашваць і ў патрэбны час укідваць у публічнае абмеркаванне неадназначныя (але рэальныя!) факты з жыцця палітыкаў.
Эпізод 3: Некаторы час таму Беларускае тэлебачанне распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што ў Гомелі на чыгуначным вакзале быў знойдзены забыты дыпламат, у якім былі ледзь ці не звесткі аб патэнцыяльным дзяржаўным перавароце. У якасці ілюстратыўнага матэрыялу ў гэтым сюжэце былі выкарыстаны "агітацыйныя матэрыялы ў падтрымку рэгіянальнага лідэра Сямёна Домаша", а таксама падпісныя лісты, якія нібыта былі сабраны на карысць таго ж Домаша. У якасці дадатковага каментара прагучала інфармацыя аб тым, што, маўляў, Домаш ужо пачаў сваю выбарчую кампанію і тым самым парушыў заканадаўства. Як аказалася, рэальнасць зусім не адпавядала гэтым фактам.
Вось што нам паведамілі ў атачэнні самога Сямёна Домаша: "Дыпламат на вакзале забыў кіраўнік рэгіянальнай структуры АГП з Буда-Кашалёва, які вяртаўся дамой пасля адукацыйнага семінару. Семінар праводзіўся ў рамках праграмы стварэння адзінай інфармацыйнай сістэмы сярод рэгіянальных рэсурсавых цэнтраў. На семінары, натуральна, раздавалася пэўная даведачная літаратура. У тым ліку раздаваліся і біяграфічныя буклеты са звесткамі аб лідэры руху "Рэгіянальная Беларусь" Сямёне Домашы. Гэтыя звесткі, між іншым, былі афіцыйны апублікаваны ў інфармацыйным бюлетэні руху "Рэгіянальная Беларусь". Гэтыя даведачныя матэрыялы і былі знойдзены ў забытым дыпламаце. А вось так званыя спісы аддаўшых подпісы за вылучэнне Домаша не маюць дачынення ні да Домаша, ні да бягучай выбарчай кампаніі, ні наогул да знойдзенага дыпламата. Гэта былі спісы людзей, якія падпісаліся за вылучэнне кандыдатам М.Чыгіра яшчэ вясной 1999 года падчас альтэрнатыўнай выбарчай кампаніі". Уласна, у гэытм выпадку мы маем справу таксама з паведамленнем заведама лжывых звестак.
Збор і распаўсюджванне кампрамата магчыма толькі ва ўмовах адноснай інфармацыйнай свабоды, калі на палітычным рынку існуе мноства груп, маючых адносна роўныя магчымасці і рэсурсы. У Беларусі збор і распаўсюджванне кампрамата абцяжараны па некалькіх прычынах:
1. Прынцыповае супрацьстаянне па лініі "кіруючая адміністрацыя - уся іншая палітычная эліта" занадта прамалінейнае, а таму не мае патрэбы ў дыскрэдытацыі асобных носьбітаў улады або асобных носьбітаў апазіцыйных ідэй. У гэытм выпадку, дастаткова дыскрэдытацыі агульнай канцэпцыі - або кіруючай адміністрацыі, або апазіцыі. Але гэта хутчэй з галіны ідэалогіі і прапаганды.
2. Мясцовая грамадская думка не вельмі чутка рэагуе на паведамленне кулуарнай інфармацыі. Кампрамат пакуль не аказвае важкага ўплыву на фарміраванне новых стэрэатыпаў паводзінаў у розных сацыяльных асяродках.
3. Некаторыя неразвітасць мясцовага інфармацыйнага рынку, адсутнасць на гэтым рынку спецыялізаваных выданняў рэзка скарачае магчымасці для публічнага абмеркавання кулуарных падрабязнасцяў з жыцця эліты.
Тым не менш, у перыяд выбарчай кампаніі нават мясцовыя палітыкі часам скарыстоўваюць кампрамат. Праўда, як мы ўжо адзначалі, гэта хутчэй спроба абазначыць сваё негатыўнае стаўленне да суб'екта-апанента, чым спланаваная акцыя, накіраваная на фарміраванне ў шырокай грамадскай думцы негатыўнага іміджа апанента. Ужо ў самы бліжэйшы час можна чакаць усплеску і кампраматных войнаў, і "чорнага піара". Да слова, апошні скандал вакол так званай "справы Завадскага" (інтэрв'ю былых следчых пракуратуры, якое раскрывае ўладную вярхушку) развіваецца па ўсіх правілах паўнавартаснай кампраматнай кампаніі. Але пра гэты ЭПІЗОД 4 мы пагаворым наступным разам.