Сяргей Васільевіч ГАЙДУКЕВІЧ
Нарадзіўся 8 верасня 1954 года ў Мінску.
У 1976 годзе скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча СПА, у 1997 годзе - юрыдычны факультэт Маскоўскага камерцыйнага інстытута. Скончыў таксама Ваенную камандную акадэмію войскаў супрацьпаветранай абароны (1991). Служыў у войсках СПА ў 1976-1991 гг. Займаў камандныя пасады - ад камандзіра часці да намесніка камандуючага СПА. Палкоўнік запасу.
У 1991-1992 гг. працаваў вядучым спецыялістам ва Упраўленні нацыянальнай бяспекі Дзяржаўнага сакратарыята Рэспублікі Беларусь. У 1992-1994 гг. быў старшынёй камітэта па сацыяльнай абароне работнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў, міністэрства абароны, пагранічных войскаў і воінаў-інтэрнацыяалістаў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
У 1991-1994 гг. - старшыня Народнага руху Беларусі (НРБ).
З 1995 года - лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі. У 2000 годзе ўзанчаліў арганізацыйны Камітэт палітычнага блока "Новая Беларусь - Адзінства".
Узнагароды: ордэн "За службу Радзіме" III ступені.
Жанаты, трое дзяцей, унучка.
Кандыдат у прэсе
Перадвыбарная праграма
Парадак у краiне - дастатак у доме
Дарагiя суграмадзяне! Калi вы знаёмiцеся з тэзiсамi маёй перадвыбарнай праграмы, значыцца вы - цi належыце да тых соцень тысяч жыхароў нашай краiны, якiя падтрымалi мяне ў час вылучэння маёй кандыдатуры на пасаду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, цi вы належыце да тых людзей, якiм не абыякавы свой лёс i лёс сваiх дзяцей. На жаль, падзялiцца рэальнымi рэцэптамi аздараўлення нашай эканомiкi ў нашай дзяржаве магчыма толькi адзiн раз пасля рэгiстрацыi кандыдатам у Прэзiдэнты i ў тэксце вельмi абмежаванага аб'ёму. Вось так мы i жывём.
Што патрэбна чалавеку для нармальнага жыцця? Добрае жыллё, любiмая работа, добрая зарплата. Няўжо гэта завоблачная мара? Я магу ўпэўнена i дакладна сказаць - не, гэта рэальна! Нехта спытаецца, хто вiнаваты ў тым, што мы жывём горш, чым мы дастойныя. Я думаю, што час перастаць шукаць вiнаватых (гэта доля слабых), i зрабiць крок наперад да новага, багатага i шчаслiвага жыцця. Ужо даўно напiсаны рэальныя праграмы i апрабаваны ў Беларусi i за яе межамi методыкi эканамiчных i сацыяльных рэформаў, якiя дзякуючы толькi маiм намаганням плённа працуюць у многiх галiнах дзяржаўнага i недзяржаўнага сектара нашай эканомiкi. Вы спытаецеся, што будзе, калi я стану прэзiдэнтам? Я па-ранейшаму буду дапамагаць людзям, толькi для гэтага ў мяне будзе больш магчымасцяў. Што датычыцца дзяржавы, дык я абяцаю, што ўжо хутка вы адчуеце сябе забяспечанымi людзьмi. На жаль, тады не ўсе ўспомняць, што гэтым абавязаныя мне як Прэзiдэнту. I гэта добра. Бо нармальны чалавек успамiнае пра прадстаўнiкоў улады толькi ў двух выпадках: калi ён жыве дрэнна i ў час выбараў. Калi ж грамадзянiн свабоднай краiны выходзiць з уласнага дома, садзiцца ва ўласны аўтамабiль, едзе на любiмую работу, за якую яму добра плацяць, i ведае, што дома яго чакаюць любiмая і любячая жонка з дзецьмi, яму не трэба думаць, добра працуе Прэзiдэнт цi не. Павышэнне дабрабыту грамадзян, я, як чалавек, якi рэальна прэтэндуе на вышэйшую дзяржаўную пасаду, лiчу асноўным абавязкам Прэзiдэнта.
Праграма эканамiчных i сацыяльна-палiтычных рэформаў, якую я прапаную, закранае ўсе сферы нашага жыцця i займае не адну сотню друкаваных старонак. Азнаёмiць вас з ёй цалкам у мяне няма магчымасцi. Адзначу толькi, што праграма прайшла экспертызу спецыялiстаў як у Расiйскай Федэрацыi, так i ў краiнах Еўропы i заслужыла самыя высокiя ацэнкi. Я толькi спынюся на прынцыпах i мэтах рэформаў, i вы пераканаецеся, што мая перадвыбарная праграма - гэта ваша праграма, г. зн. улiчвае як дзяржаўныя iнтарэсы, так i iнтарэсы простых грамадзян. Гэтыя рэформы я буду праводзiць рашуча, але без сацыяльных узрушэнняў. Важнейшая задача рэформы - гэта стварэнне прававога i грамадзянскага грамадства, вышэйшай каштоўнасцю якога з'яўляюцца правы i свабоды чалавека. Свабодны чалавек - гэта, перш за ўсё, багаты, фiнансава незалежны чалавек. Грамадзяне багацеюць ва ўмовах палiтычнай i эканамiчнай стабiльнасцi. Умовы эканамiчнай стабiлiзацыi мы бачым у падатковай рэформе, грашова-крэдытнай стабiлiзацыi, збалансаванасцi дзяржаўнага бюджэту, зямельнай рэформе i развiццi знешнеэканамiчных сувязяў. Наша прыярытэтная задача - павышэнне даходаў нашых грамадзян. Ужо сёння заработная плата, эквiвалентная 350-400 доларам ЗША, - рэальнасць. Я неаднаразова прапаноўваў праект дзяржаўнага бюджэту, дзе закладзена такая высокая заработная плата. Адшукаць неабходныя дадатковыя рэзервы можна за кошт скарачэння расходнай часткi бюджэту цi за кошт дадатковых крынiц. Павялiчыць памер даходаў у бюджэт мы можам за кошт наступных мераў:
Кардынальная падатковая рэформа (знiжэнне стаўкi падатку на даходы (да 13 працэнтаў), адмена тых падаткаў, якiя павышаюць цану прадукцыi, увядзення падатку на маёмасць у выглядзе абавязковага страхавання) - разам з агульным аздараўленнем эканомiкi i лiквiдацыяй сацыяльнай напружанасцi павялiчыць наш бюджэт на 25-30 працэнтаў.
Новая iнвестыцыйная палiтыка (iстотныя падатковыя льготы для iнвестараў) - прыток капiталу ўжо ў першы год павялiчыць наш бюджэт на 15-40 працэнтаў.
Выкарыстанне геапалiтычнага становiшча краiны (змяншэнне платы за транзiт транспарту i грузаў у параўнаннi з суседнiмi дзяржавамi дазволiць за кошт павелiчэння фiнансавага абароту павялiчыць бюджэт на 15 працэнтаў).
Планавае скарачэнне армii з пераводам яе на прафесiйную аснову i рэформа сiлавых ведамстваў (дазволiць павялiчыць зарплату ваеннаслужачым i забяспечыць iх жыллём, павялiчыць бюджэт на 25 працэнтаў).
Рэарганiзацыя i скарачэнне дзяржаўнага апарату i кантрольных службаў (забяспечыць эфектыўнасць кiравання i павялiчыць наш бюджэт на 10 працэнтаў).
Зямельная рэформа (прыватная ўласнасць на зямлю для грамадзян Беларусi i пад'ём сельскай гаспадаркi) павялiчыць наш бюджэт на 20 працэнтаў.
Знешнеэканамiчная дзейнасць (экспарт канкурэнтаздольнай прадукцыi па дэмпiнгавых цэнах) забяспечыць: збыт гатовай заляжалай прадукцыi, заваёву замежных рынкаў, прыцягненне iнвестыцый, павелiчэнне нашага бюджэту на 15 працэнтаў.
Павелiчэнне экспарту ўзбраення (падтрымае навукаёмiстую вытворчасць i павялiчыць наш бюджэт на 20 працэнтаў).
Арганiзацыя i правядзенне экалагiчнага турызму (запаведнiкi, заказнiкi i паркi краiны) павялiчыць наш бюджэт на 5 працэнтаў.
Гэта толькi тыя крынiцы, якiя, як кажуць, "кiдаюцца ў вочы". Калi ўлiчыць, што на арганiзацыю правядзення ўказаных мерапрыемстваў пойдзе толькi да 5 працэнтаў расходнай часткi бюджэту, дык бюджэт краiны павялiчыцца на 150-210 працэнтаў. Гэта адпаведна дазволiць павысiць жыццёвы ўзровень насельнiцтва ў 3-4 разы, што эквiвалентнае ў сярэднiм 350-400 долараў у месяц. Пенсii таксама павiнны павялiчыцца ў 3-4 разы. Натуральна, узрасце памер дапамогi па беспрацоўю.
Наступная задача, на якую я асаблiва звяртаю ўвагу, - забеспячэнне насельнiцтва жыллём. Наша праграма "Свой дом" здольная ўжо праз год 28 працэнтаў усiх, хто стаiць у чарзе на жыллё, забяспечыць асобнымi кватэрамi. Астатнiя маючыя патрэбу будуць забяспечаны жыллём паэтапна на працягу сямi гадоў.
Рэфармаванне сiстэмы аховы здароўя (стварэнне сiстэмы дзяржаўнага медыцынскага страхавання) павiнна спрыяць аздараўленню грамадства i паляпшэнню якасцi медыцынскiх паслуг.
Сям'я - аснова грамадства. Для ўмацавання сям'i i вырашэння дэмаграфiчнай праблемы неабходна: забяспечыць жанчын, якiя выхавалi трох i больш дзяцей, правам выхаду на пенсiю на 5 гадоў раней; жанчынам, якiя выхоўваюць дзяцей да трох гадоў, штомесяц выплачваць сярэднюю (па краiне) зарплату; гарантаваць жанчынам, якiя знаходзяцца ў адпачынку па догляду за дзiцем, захаванне рабочых месцаў i шэраг iншых мераў.
Моладзь - будучыня краiны. Асноўнымi накiрункамi маладзёжнай палiтыкi стануць: забеспячэнне занятасцi моладзi; падтрымка маладзёжнага прадпрымальнiцтва; магчымасць атрымання крэдытаў (для аплаты навучання, на будаўнiцтва жылля).
У сваёй праграме я надаю вялiзнае значэнне развiццю культуры, адукацыi i навукi. I лiчу, што адраджэнне i развiццё культурнага здабытку краiны не можа быць адкладзена на больш познiя тэрмiны, калi будуць вырашаны эканамiчныя праблемы. Развiтая ж сiстэма адукацыi i навуковых устаноў пры граматнай арганiзацыi справы ўжо цяпер сама можа стаць асновай для адраджэння нашай эканомiкi.
У заключэнне хачу адзначыць, што мала бачыць недахопы сённяшняга жыцця, мала мець добраю праграму. Неабходна валодаць палiтычнай воляй i мець каманду сумленных прафесiйна падрыхтаваных аднадумцаў, здольных дапамагаць у штодзённай рабоце Прэзiдэнту. Магу без безпадстаўнай сцiпласцi сказаць, што ў гэтым я выгадна адрознiваюся ад iншых канкурэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду. I ўжо мiльёны грамадзян нашай краiны сёння гатовыя падтрымаць мяне на выбарах. I гэта праўда. Рабi свой выбар сёння, каб заўтра жыць лепш!