Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Каментары

ВЫНІКІ ВЫБАРАЎ


2001-09-12


ВЫНІКІ ВЫБАРАЎ


Сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі можна лічыць завершанымі. Цэнтрвыбаркам абяцае абвесціць афіцыйныя лічбы толькі ў пятніцу, а кандыдат ад апазіцыйнай кааліцыі Уладзімір Ганчарык падаў скаргу, у якой патрабуе прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі ў сувязі са шматлікімі грубымі парушэннямі, але наўрад ці нехта ўсур'ёз чакае іх перагляду.

Выбары ярка паказалі дзве рэчы - нахабства ўладаў і няздольнасць апазіцыі на сёння супрацьпаставіць гэтаму нахабству сур'ёзную сілу. Відавочна, што вынікі выбараў былі сфальшаваныя - іншае пытанне, у якой ступені. Прадстаўнікі сістэмы паралельнага падліку маўчаць, бо не могуць даць дакладнага адказу. Па-першае, сістэма назірання была часткова разбураная атакамі ўладаў, а, па-другое, атрымала лічбы пратаколаў, ужо скажоныя значнымі фальсіфікацыямі. Недзяржаўныя сацыялагічныя апытанні напярэдадні выбараў паказвалі, што Аляксандр Лукашэнка, які правёў агрэсіўную выбарчую кампанію, меў сур'ёзную перавагу і шанцы перамагчы ў першым туры з мінімальнымі парушэннямі на ўчастках у дзень галасавання. Замест гэтага ўлады і на апошнім этапе скарысталіся тактыкай бульдозера, не зважаючы на такія дробязі як закон і верагоднае непрызнанне вынікаў уплывовымі міжнароднымі арганізацыямі.

Для Аляксандра Лукашэнкі такая перамога стварае дадатковую залежнасць ад Расіі, бо давядзецца нечым адплочваць за негалосную падтрымку падчас выбараў і за прызнанне вынікаў. Аднак унушальныя лічбы, нібыта атрыманыя пераможцам, будуць тыражавацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі і падтрымліваць пазіцыі Лукашэнкі ўнутры краіны - а гэта важней за ўсе пасівы. Таму недарэчнай выглядае заява лідэра БНФ Вінцука Вячоркі аб тым, што "рэжым Лукашэнкі прайграў выбары, бо цывілізаваны свет так і не прызнаў іх дэмакратычнымі". Аб нейкай паразе можна будзе казаць толькі тады, калі пераважная большасць беларусаў даведаецца аб фальсіфікацыях і паверыць у тое, што насамрэч Лукашэнка не перамог. А дзеля гэтага ад апазіцыі спатрэбіцца доўгая і цяжкая праца.

Іншая выснова Вячоркі выглядае больш абгрунтаванай: "Нарэшце настаў канец ілюзіям некаторых нашых дзеячоў, нібыта Расія дапаможа беларусам пазбыцца дыктатуры". Тут можна яшчэ дадаць, што не спраўдзіліся і надзеі на беларускую наменклатуру. Але давядзецца прызнаць, што само па сабе вылучэнне адзінага кандыдата ад апазіцыі за месяц да выбараў рабіла яго перамогу магчымай толькі з дапамогай наменклатуры і расійскіх тэлеканалаў.

Пакуль што можна казаць аб паразе апазіцыі - ёй зараз давядзецца прыкласці намаганні, каб захаваць адзінства і выпрацаваць план дзеянняў у новых умовах. Прайграла і усё беларускае грамадства - нават калі пакінуць па-за ўвагай палітыку Лукашэнкі. Гэтыя выбары, верагодна, узмацняць і без таго папулярную ў Беларусі думку аб тым, што ад простага чалавека нічога не залежыць, таму не варта і варушыцца. Важна, каб да такой думкі не далучыліся тыя, каго выбарчая кампанія ў рознай ступені абудзіла ад абыякавасці.

Аляксей ЗНАТКЕВІЧ, рэдактар сайта.
12 верасня.