Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Каментары

ГУЛЬНЯ БЕЗ ПРАВІЛАЎ


ГУЛЬНЯ БЕЗ ПРАВІЛАЎ



8 верасня Цэнтрвыбаркам скасаваў акрэдытацыю назіральнікаў за прэзідэнцкімі выбарамі, якія былі вылучаныя праваабарончым цэнтрам "Вясна". ЦВК заяўляе, што "Вясна" сфальшавала пратаколы аб вылучэнні сваіх назіральнікаў. Сёння ж ЦВК, магчыма, пазбавіць акрэдытацыі і назіральнікаў ад Свабоднага прафсаюзу Беларускага і Фонду імя Льва Сапегі.

Усе гэтыя арганізацыі уваходзяць у грамадзянскую кааліцыю "Незалежнае назіранне", якая плануе правесці паралельны падлік вынікаў выбараў. Улады відавочна баяцца гэтай працэдуры - яе неаднаразова абвяшчалі правакацыяй і шарлатанствам. Пры гэтым ніхто так і не растлумачыў, чым жа менавіта паралельны падлік парушае закон.

Паколькі паралельны падлік выкарыстоўвае афіцыйныя лічбы з пратаколаў участковых выбарчых камісій на ўчастках, якія уваходзяць у рэпрэзентатыўную выбарку па ўсёй краіне, то яго вынікі будуць адлюстроўваць магчымыя фальсіфікацыі падчас датэрміновага галасавання, якое немагчыма паўнавартасна пракантраляваць. На сёння ўжо маецца інфармацыя з участкаў аб фальсіфікацыях, у тым ліку аб ускрыцці ўрнаў і ўкідванні дадатковых бюлетэняў. Такім чынам, улады баяцца вынікаў паралельнага падліку нават з улікам таго, што назіральнікі будуць мець лічбы, ужо скажоныя падчас датэрміновага галасавання. Гэта можа значыць, што рыхтуюцца яшчэ і фальсіфікацыі на ўзроўні тэрытарыяльных камісій. Паводле інфармацыі БелаПАН, ход выбараў і праца камісій паўсюль кантралююцца і кіруюцца органамі выканаўчай улады.

Усё гэта ўпісваецца ў агульную карціну выбарчай кампаніі, падчас якой асноўны апазіцыйны кандыдат Уладзімір Ганчарык сустракаў перашкоды і нападкі за тыя дзеянні, якія кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку сыходзілі з рук. У прыватнасці, Ганчарык атрымаў папярэджанне ад Цэнтрвыбаркама за распаўсюд друкаванай прадукцыі, не аплочанай ЦВК. Некаторыя наклады прыватных газет трапілі пад арышт ці пад цэнзуру. У той жа час спецвыпуск дзяржаўнай "Советской Белоруссии" з агітацыяй за Лукашэнку без усялякіх перашкод бясплатна раскідваўся па паштовых скрынях. У дзяржаўных газетах і на беларускім тэлебачанні вынікі відавочна сфабрыкаваных сацапытанняў "за Лукашэнку" публікаваліся ў перыяд, калі гэта ўжо было забаронена Выбарчым кодэксам.

Агітатары за Ганчарыка на працягу кампаніі неаднаразова затрымліваліся міліцыяй. Сустрэчы Ганчарыка з выбаршчыкамі былі абвешчаныя парушэннем закону. Але ЦВК чамусці не зацікавіла за чые грошы праходзіла сустрэча Лукашэнкі з выбаршчыкамі, якіх на аўтобусах звозілі з усёй Беларусі ў Палац Рэспублікі ў Мінску, і хто аплочваў харчаванне гэтых дэлегатаў і канцэрт з удзелам нятанных "зорак" расійскай эстрады.

І усё ж улады не вераць, што кампанія забяспечыла Лукашэнку пераканаўчую перамогу. Толькі гэтым можна растлумачыць іх боязь і вайну з назіральнікамі.


Аляксей ЗНАТКЕВІЧ, рэдактар сайта

8 верасня