Каментары
ІХ ЗАСТАЛОСЯ ТРОЕ
Аўтар: Аляксей ЗНАТКЕВІЧ, рэдактар сайта.
ІХ ЗАСТАЛОСЯ ТРОЕ
22 жніўня Сямён Домаш зняў сваю кандыдатуру з прэзідэнцкіх выбараў, у
адпаведнасці з ранейшымі пагадненнямі ў межах апазіцыйнай кааліцыі. Барацьбу
за прэзідэнцкую пасаду працягваюць тры кандыдаты - лідэр Ліберальна-дэмакратычнай
партыі Сяргей Гайдукевіч, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімір
Ганчарык і дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Згодна з апытаннем БелаПАН у Мінску 14-17 жніўня, калі ў выбарах будуць удзельнічаць гэтыя тры кандыдаты, за Лукашэнку
гатовыя аддаць галасы 36 працэнтаў мінчан, за Ганчарыка - 28 працэнтаў,
а за Гайдукевіча - 10 працэнтаў. Дванаццаць працэнтаў наважаныя галасаваць
супраць усіх, а 14 працэнтаў не вызначыліся. Калі б у выбарах удзельнічалі
толькі Ганчарык і Лукашэнка, яны набралі б сталiцы на момант апытання
па 36 працэнтаў галасоў.
Апытанне паказвае, што многія прыхільнікі Домаша, прынамсці ў Мінску,
яшчэ не вырашылі галасаваць за адзінага кандыдата апазіцыйнай кааліцыі.
З 16 працэнтаў мінчан, якія былі гатовыя падтрымаць Домаша калі б у выбарах
удзельнічалі чатыры кандыдаты, толькі палова выказалі намер галасаваць
за Ганчарыка, выбіраючы з трох кандыдатаў. Магчыма, афіцыйнае выбыццё
Домаша з выбарчай гонкi і ягоная праца ў штабе Ганчарыка зменяць гэтую
сітуацыю.
У выніках апытання больш нечакана іншае -- практычна ніхто з прыхільнікаў
Гайдукевіча ў Мінску ў выпадку сыходу з дыстанцыі свайго кандыдата не
збіраецца галасаваць за Лукашэнку. Пераважная большасць з іх выказваюць
намер у такім выпадку галасаваць за Ганчарыка. Тую ж тэндэнцыю паказвае
і апошняе нацыянальнае апытанне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных
і палітычных даследаванняў.
Сам Гайдукевіч відавочна спрабуе перацягнуць на свой бок частку нацыянал-дэмакратычнага
электарату, бэсцячы Ганчарыка "камуністам", і кажучы, што Домаш быў мацнейшым
кандыдадатам. Два месяцы таму Гайдукевіч наадварот з павагай адклікаўся
аб Ганчарыку. Цяпер жа ў інтэрв'ю беларускай службе Радыё "Свабода" Гайдукевіч
нават паабяцаў далучыць Беларусь да НАТО, не зважаючы на пазіцыю Расіі,
і, у выпадку сваёй перамогі, неадкладна перавесці справаводства на беларускую
мову.
Больш трывожным за напады Гайдукевіча для Ганчарыка з'яўляецца тое, што
ў параўнанні з апытаннем, праведзеным на два тыдні раней, ягоны рэйтынг
не вырас, у той час як Лукашэнка набірае падтрымку. Калі ўлічваць, што
Мінск традыцыйна больш схільны падтрымліваць дэмакратаў, можна зрабіць
выснову, што на сёння Лукашэнка мае па краіне перавагу. Бачна, што агрэсіўная
(і даволі прафесійна пабудаваная) прапагандысцкая кампанія ў дзяржаўных
СМІ дае плён. Адказаць на гэта каманда Ганчарыка можа толькі кампаніяй
"ад дзвярэй да дзвярэй" і праз расійскае тэлебачанне. Не так даўно кандыдат
апазіцыйнай кааліцыі заяўляў, што ён дасягнуў дамоўленасць аб доступе
да расійскіх тэлеканалаў. Да выбараў застаецца два з паловай тыдні, і
толькі сапраўдны "выбух" інфармацыі, як унутры краіны, так і праз расійскія
каналы, можа даць Ганчарыку шанцы на перамогу.