РЭЙТЫНГАМ ПА ВАЧАХ
Аўтар: Аляксей ЗНАТКЕВІЧ, рэдактар сайта.
РЭЙТЫНГАМ ПА ВАЧАХ
8 жніўня агульнанацыянальныя дзяржаўныя газеты Беларусі (за выняткам "Звязды")
надрукавалі паведамленне аб выніках сацыялагічнага апытання, якое нібыта
было праведзена па ўсёй краіне Інстытутам сацыяльна-палітычных даследванняў
пры адміністрацыі прэзідэнта разам з шэрагам расійскіх сацыялагічных арганізацый.
Паведамляецца, што было апытана 2755 рэспандэнтаў.
Адразу ж кідаюцца ў вочы даты апытання - "Беларуская ніва", "Рэспубліка"
і "Советская Белоруссия" нібы пад капірку напісалі, што яно было праведзена
з 26 ліпеня па 10 жніўня, не заўважаючы, што іх нумары здаваліся ў друк
яшчэ ўвечары 7 жніўня. "Народная газета" паспрабавала захаваць нейкі выгляд
логікі, напісаўшы, што адказы рэспандэнтаў размеркаваліся "па стану на
26 ліпеня - 8 жніўня".
Большая частка пытанняў тычылася фестывалю "Славянскі базар", а напрыканцы
стаяла нібы другаснае пытанне "За каго з названых прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую
пасаду вы гатовыя прагаласаваць на выбарах, якія маюць адбыцца?" Даецца
спіс з тых чатырох прэтэндэнтаў, якія на сёння маюць шанцы на рэгістрацыю,
бо сабралі больш за 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку свайго
вылучэння. Адказы (у працэнтах ад колькасці рэспандэнтаў) падаюцца наступным
чынам:
| Гайдукевіч С. |
1,7
|
| Ганчарык У. |
2,8
|
| Домаш С. |
3,8
|
| Лукашэнка А. |
56,84
|
| Супраць усіх |
7,4
|
| Яшчэ не вырашыў (не вырашыла) |
27,66
|
Цікава, што і без таго салідная лічба патэнцыйных
выбаршчыкаў, нібыта гатовых аддаць свой голас за Аляксандра Лукашэнку,
падаецца з сотымі працэнта -- напэўна, каб зрабіць лічбу буйнейшай і яшчэ
больш пераканаць чытача ў неперааадольнай розніцы паміж падтрымкай дзеючага
кіраўніка дзяржавы і іншых прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. Як тут
не паверыць, што перамога ў першым туры Аляксандру Лукашэнку ўжо гарантаваная?
Вынікі апытання, праведзенага сацыялагічнай службай БелаПАН у Мінску з
30 ліпеня па 1 жніўня на замову тыднёвіка "Наша ніва", занадта адрозніваюцца
ад лічбаў прыведзеных вышэй, каб іх можна было вытлумачыць розіцай ў грамадскай
думцы сталіцы і правінцыі. Паводле даных БелаПАН, калі б ў спісе былі
чатыры прозвішчы, адказы тых, хто збіраецца прыйсці на выбары, размеркаваліся
б наступным чынам (у працэнтах):
| С.Гайдукевіч |
8,3
|
| У.Ганчарык |
19,6
|
| С.Домаш |
14,1
|
| А.Лукашэнка |
27,7
|
| Супраць усіх |
10,5
|
| Цяжка адказаць |
19,9
|
Калі б у спісе стаялі толькі тры прозвішчы (бо былы
кіраўнік Гродзенскай вобласці Сямён Домаш абавязаўся зняць сваю кандыдатуру
ў выпадку рэгістрацыі старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзіміра
Ганчарыка), адказы размеркаваліся б наступным чынам (у працэнтах; частка
з тых, хто адказаў "супраць усіх" на папярэдняе пытанне, не адказвалі
на гэтае):
| С.Гайдукевіч |
9,3
|
| У.Ганчарык |
26,5
|
| А.Лукашэнка |
29,4
|
| Супраць усіх |
10,5
|
| Цяжка адказаць |
24,3
|
З гэтых лічбаў можна зрабіць некалькі высноваў. Па-першае,
рэйтынг Уладзіміра Ганчарыка пасля абвяшчэння яго адзіным кандыдатам ад
апазіцыйнай грамадскай кааліцыі значна вырас, прынамсці ў Мінску. Вялікая
ж колькасць тых, хто не вызначыўся, дае яму шанцы для далейшага пад'ёму
папулярнасці. Па-другое, частка прыхільнікаў Сямёна Домаша пакуль што
кажуць, што ў выпадку ягонага няўдзелу ў выбарах яны ці вагаюцца ці будуць
галасаваць супраць усіх (бо частка з 10,5 працэнтаў "супраць усіх" у адказе
на апошняе пытанне, гэта тыя, хто падтрымаў Домаша, адказваючы на папярэдняе
пытанне). Па-трэцяе, перамога Аляксандра Лукашэнкі без фальсіфікацый ў
першым туры малаверагодная.
Можна казаць, што вынікі апытанняў у Мінску не адлюстроўваюць сітуацыю
па краіне. У пэўнай ступені гэта насамрэч так, і можна, напрыклад, прагназаваць,
што камандзе Уладзіміра Ганчарыка ў выпадку ягонай рэгістрацыі давядзецца
прыкласці шмат намаганняў, каб лідэр ФПБ зрабіўся вядомы і папулярны ў
правінцыі. Але ад лічбы падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі ў 56,84 працэнта
па выніках апытання, якое павінна скончыцца паслязаўтра, здалёк патыхае
прапагандай.
Не дзіва, што калі ў сярэдзіне ліпеня БелаПАН апублікаваў лічбы апытання
дзяржаўнага Мінскага інстытута сацыяльных, эканамічных і палітычных даследванняў,
дзе рэйтынг Лукашэнкі па Мінску быў 30 працэнтаў, кіраўнік інстытута прасіў
зняць гэтую інфармацыю. Улады настойліва пераконваюць людзей, што больш
за палову насельніцтва сёння гатовыя галасаваць за Лукашэнку, што забяспечыць
яму пераабранне ў першым туры выбараў.
Каб азнаёміцца з вынікамі апытання БелаПАН,
націсніце тут.